Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская правяла першыя сустрэчы ў час візыту ў Вашынгтон і заклікала прызначыць спэцпрадстаўніка ЗША па Беларусі

абноўлена

Сьвятлана Ціханоўская і Вэндзі Шэрман
Сьвятлана Ціханоўская і Вэндзі Шэрман

Сьвежая справаздача Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН можа справакаваць новыя рашэньні аб Беларусі. Гэта і іншыя тэмы Сьвятлана Ціханоўская абмяркоўвае з прадстаўнікамі ЗША падчас візыту ў гэтую краіну.

Беларуская палітык сустрэлася з намесьніцай дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман, якая заявіла аб нязьменнай прыхільнасьці Злучаных Штатаў да падтрымкі імкненьня беларускага народу да дэмакратычнай, сувэрэннай і стабільнай будучыні Беларусі.

Намесьніца дзяржсакратара таксама падзялілася зь Ціханоўскай намерам ЗША пачаць усёабдымны стратэгічны дыялёг зь беларускім дэмакратычным рухам і грамадзянскай супольнасьцю з канца 2023 году.

Шэрман і Ціханоўская выказалі надзею, што Стратэгічны дыялёг аб'яднае адпаведныя ведамствы ўраду ЗША, якія займаюцца Беларусьсю, а таксама шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб'ектаў, у тым ліку палітычных лідэраў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, незалежных журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў, лідэраў прафсаюзаў, навукоўцаў і простых беларусаў.

На сустрэчы з амэрыканскімі сэнатарамі Ціханоўская заклікала прызначыць спэцпрадстаўніка ЗША па Беларусі.

Вырашэньне беларускага крызісу нельга адкладаць, бо тое, што адбываецца ў Беларусі, больш не застаецца толькі ў Беларусі, заявіла Ціханоўская перад сустрэчай з сэнатарамі з крокусу «Свабодная Беларусь».

«Дэмакратычная і сувэрэнная Беларусь адпавядае інтарэсам усіх. Толькі беларусы могуць ажыцьцявіць зьмены, але нам патрэбна ваша дапамога. Я цьвёрда веру, што Беларусь павінна быць часткай рэгіянальнай стратэгіі ва ўстанаўленьні міру і стабільнасьці».

Яна падкрэсьліла, што прызначэньне спэцпрадстаўніка ЗША па Беларусі забясьпечыла б «новы ўзровень каардынацыі паміж нашымі сябрамі».

Пытаньні прыцягненьня да адказнасьці дзеячаў рэжыму Лукашэнкі праз існуючыя міжнародныя мэханізмы абмеркавалі ў Вашынгтоне Сьвятлана Ціханоўская і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан. Аб гэтым паведаміў BPN галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка.

Паводле дарадцы, Макфарлан адказвае, у прыватнасьці, за кантакты з ААН. Вячорка нагадаў, што зьмест апошняй справаздачы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека сьведчыць аб прызнаньні на ўзроўні арганізацыі прыкмет злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі і там зьмяшчаецца заклік да дзяржаў – сяброў ААН разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці за гэта праз нацыянальныя разборы на падставе агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

Цяпер трэба рухацца далей і распрацоўваць адпаведныя мэханізмы, заявіў Вячорка.

Ён таксама паведаміў, што бакі абмеркавалі кампанію па недапушчэньні сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

«Гаварылі і пра недапушчальнасьць зьняцьця або зьмякчэньня санкцый у адносінах да калійных угнаеньняў. Гэта ніякім чынам не вырашае пытаньне з харчовай бясьпекай, але адкрывае гіганцкі пралаз для Лукашэнкі. Прадстаўнікі ЗША заявілі, што зь іхнага боку ніякіх ілюзій няма. Санкцыі будуць пасьлядоўныя, моцныя, пакуль ня будуць вызвалены ўсе вязьні і ў Беларусі не пачнуцца перамены», — сказаў Вячорка.

Амэрыканскія сэнатары Джын Шахін і Роджэр Уікер, сустаршыні і заснавальнікі Free Belarus Caucus, прывіталі Сьвятлану Ціханоўскую ў Капітоліі і выступілі з кароткімі заявамі пра беларускі дэмакратычны рух. Сэнатары падкрэсьлілі важнасьць прыцягненьня Аляксандра Лукашэнкі і яго аўтакратычнага рэжыму да адказнасьці за грубыя парушэньні правоў чалавека, у тым ліку злоўжываньні супраць палітычнай апазыцыі і незалежных СМІ, а таксама за саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны. Шахін і Ўікер пацьвердзілі падтрымку ЗША дэмакратычнага руху на чале зь Ціханоўскай напярэдадні Дня Волі ў Беларусі, які адзначаецца 25 сакавіка.

«Для мяне было гонарам стаяць побач з гэтай выбітнай прадстаўніцай усіх змагароў за свабоду ў Беларусі і сказаць, што наша група, наша двухпартыйная група, падтрымлівае яе і яе суайчыньнікаў», — сказаў Уікер. «Мы верым, што для Беларусі ёсьць лепшая будучыня, якая ўключае прадстаўнічую дэмакратыю, свабоду прэсы, свабоду выказваньня думак і тыя асноўныя свабоды, якія нам такія дарагія».

У 2021 годзе пасьля сустрэчы сэнатараў зь Ціханоўскай Шахін і Ўікер запусьцілі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны са жніўня заклікалі адміністрацыю прызначыць спэцыяльнага прадстаўніка ЗША ў Беларусі. Шахін і Ўікер таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

Візыт экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі 2020 году Ціханоўскай у Злучаныя Штаты праходзіць 22–28 сакавіка. Гэта ўжо яе трэці прыезд у ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG