Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта зойме час, але важна, каб працэс быў запушчаны», — Вячорка пра выдачу ордэра суду ў Гаазе на арышт Лукашэнкі


Франак Вячорка
Франак Вячорка

Зьмест новай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека сьведчыць пра прызнаньне на ўзроўні Арганізацыі прыкмет злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі.

Такое меркаваньне выказаў BPN старшы дарадца дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

«Гэта значыць, ад расьсьледаваньня і збору дадзеных можна пераходзіць да стварэньня мэханізму прыцягненьня да адказнасьці, — сказаў ён. — Структуры ААН могуць на гэта паўплываць, гэта можа быць зроблена праз існуючыя міжнародныя суды, а можа б створаны новы мэханізм».

«У мінулым і пазамінулым годзе такіх доказаў і сьведчаньняў на афіцыйным узроўні ААН не было», — падкрэсьліў палітык.

На яго думку, матэрыялы справаздачы таксама важныя ў кантэксьце прынятага напярэдадні рашэньня Міжнароднага крымінальнага суда аб выдачы ордэру на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.

Вячорка дапусьціў, што падобныя дзеяньні сымбалічныя, паколькі Расея не прызнае юрысдыкцыю гэтага суда, а Пуціна «наўрад ці могуць арыштаваць»: «Але таго самага мы павінны дабівацца да ўсіх злачынцаў, зьвязаных з катаваньнямі на Акрэсьціна, з масавым зьбіцьцём дэманстрантаў у 2020 годзе, і ў дачыненьні да Лукашэнкі».

«Мы не гаворым, што гэта будзе сёньня ці заўтра. Гэта ўсё зойме час, улічваючы ўсе асаблівасьці міжнародных інстытутаў і іх бюракратыю. Але тут жа важна, каб быў запушчаны працэс», — дадаў ён.

Дэмсілы, паводле слоў старшага саветніка Ціханоўскай, працуюць над стратэгіяй прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці — «каб паглядзець, якія мэханізмы рэлевантныя і могуць быць скарыстаныя, а якія не».

Сытуцыя ўскладняецца тым, што Менск не ўступіў у шэраг міжнародных пагадненьняў, якія прадугледжваюць магчымасьць такой адказнасьці, рэзюмаваў Вячорка.

У Беларусі назіраецца «непрымальная карціна беспакаранасьці і амаль поўнага зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабод», гаворыцца ў апублікаванай 17 сакавіка справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Фолькера Цюрка.

Даклад заснаваны на інтэрвію з 207 пацярпелымі ад дзеяньняў сілавікоў і сьведкамі, аналізе больш за 2,5 тыс. доказаў, у тым ліку фатаграфіі, відэа, мэдыцынскія і судовыя пратаколы і ахоплівае пэрыяд з 1 мая 2020 па 31 сьнежня 2022 года. Дакумэнт зьяўляецца працягам раней апублікаванага даклада ААН, які ахоплівае падзеі выключна жніўня 2020 года ў Беларусі.

У дакладзе зьмяшчаецца заклік да дзяржаў-членаў ААН разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці праз нацыянальныя разборы на падставе агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG