Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Пінчук сустрэлася з аўтарам «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі» кангрэсмэнам Сьмітам


Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, архіўнае фота
Кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, архіўнае фота

На сустрэчы з амэрыканскім кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам жонка зьняволенага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага гаварыла пра становішча палітвязьняў у Беларусі.

Жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук ў Вашынгтоне сустрэлася з амэрыканскім кангрэсмэнам Крыстафэрам Сьмітам. Папярэдняя іх сустрэча была ў 2012 годзе, калі Алесь Бяляцкі адбываў першы тэрмін зьняволення за праваабарончую дзейнасьць.

Крыстафэр Сьміт заявіў, што заўсёды сочыць за падзеямі ў Беларусі.

Натальля Пінчук расказала пра сытуацыю Алеся Бяляцкага, які знаходзіцца ў ПКТ і сувязі зь ім практычна няма:

«Я з удзячнасьцю ўспамінаю нашу сустрэчу 10 гадоў таму. Алесь быў у турме па фальшывым крымінальным абвінавачаньні першы раз, і вы нас
падтрымалі.

Беларускі народ зьдзівіў свет у 2020 годзе, калі мноства людзей выступіла супраць дыктатуры. Мірны пратэст брутальна задушылі пры падтрымцы Крамля. Улада трымаецца толькі на падтрымцы Пуціна і на бясконцых рэпрэсіях, ад якіх ужо пацярпелі сотні тысяч.

Я вельмі спадзяюся, што нават у цяперашняй сытуацыі, калі зло падняло галаву, калі ідуць агрэсіўныя войны ўва ўсім сьвеце, дэмакратычны сьвет падтрымае беларусаў. Мой заклік — „Свабоду Алесю! Свабоду ўсім палітвязьням!“».

Хто такі кангрэсмэн Сьміт?

Крыстафэр (Крыс) Сьміт — амэрыканскі палітык. Нарадзіўся ў 1953 годзе, скончыў дзяржаўны каледж Трэнтана ў спэцыялізацыі «адміністраваньне бізнэсу». Сябра Рэспубліканскай партыі з 1978 году, перад гэтым уваходзіў у Дэмакратычную партыю.

Прадстаўнік штату Нью-Джэрсі ў Кангрэсе ЗША.

У ліпені 2021 году заканадаўцы зь ніжняй палаты Кангрэсу — дэмакраты Біл Кітынг, Марсі Каптур і рэспубліканцы Крыс Сьміт і Джо Ўілсан — абвясьцілі аб заснаваньні ў Палаце прадстаўнікоў двухпартыйнага кокусу (дэпутацкай групы) пад назвай «Сябры Беларусі».

На думку заснавальнікаў кокусу, зьяўленьне ў Кангрэсе групы падтрымкі свабоднай Беларусі «стане сыгналам для ўсяго сьвету, што ЗША падтрымліваюць тых, хто імкнецца да свабоды перад абліччам прыгнёту».

«Мы падтрымліваем мужны народ Беларусі, які заслугоўвае сапраўднай дэмакратыі і змагаецца з апошнім дыктатарам Эўропы Аляксандрам Лукашэнкам і яго саўдзельнікам, расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным», — заяўляў Сьміт, які быў аўтарам законапраекту аб дэмакратыі і правах чалавека ў Беларусі 2004 году — «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».

Крыс Сьміт быў адным з аўтараў і наступных падобных законапраектаў 2006 і 2011 гадоў. Ён ініцыяваў і прыняты Кангрэсам у 2020 годзе новы «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі ў рамках комплекснага заканадаўчага пакету».

Што гаворыцца ў «Акце аб дэмакратыі ў Беларусі»

Амэрыканскі акт аб дэмакратыі ў Беларусі:

  • заклікае да правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў;
  • прызнае Каардынацыйную раду, створаную з ініцыятывы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, у якасьці легітымнага інстытуту для ўдзелу ў дыялёгу аб мірнай перадачы ўлады;
  • заклікае да вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных;
  • падтрымлівае імкненьне беларускага народу да свабоды веравызнаньня;
  • прадугледжвае аказаньне дапамогі ў прасоўваньні дэмакратыі і падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасьці;
  • недвухсэнсоўна заяўляе пра палітыку ЗША ў справе «непрызнаньня ўключэньня Беларусі ў „саюзную дзяржаву“ з Расеяй»;
  • заклікае да распрацаваньня стратэгіі ЗША ў справе разьвіцьця тэле- і радыёперадаваньня, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
  • прадугледжвае падтрымку беларускіх СМІ і IT-сэктару.

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Цяпер ён у СІЗА № 1 — на «Валадарцы» — разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG