Ультраправая антыісламская партыя Херта Вілдэрса атрымала ўпэўненую перамогу на выбарах у Нідэрляндах. На гэта паказалі папярэднія вынікі, піша AFP.
PVV (Партыя свабоды) атрымала 35 месцаў у парлямэнце краіны, на гэта, акрамя першапачатковых вынікаў, паказваюць і апытаньні выбарнікаў на выхадзе з участкаў. Левы блёк моцна адстаў, атрымаўшы 25 месцаў, а правацэнтрысцкая партыя зарабіла 24.
Калі перамога Вілдэрса канчаткова пацьвердзіцца, гэта будзе азначаць рэзкі нахіл управа пятай па велічыні эканомікі Эўразьвязу. Раней PVV абяцала правесьці рэфэрэндум аб мэтазгоднасьці далейшага сяброўства Нідэрляндаў у Эўрапейскім зьвязе.
Нягледзячы на трыюмф на выбарах, зусім ня ясна, як Вілдэрс можа заручыцца неабходнай падтрымкай для стварэньня шырокай кааліцыі, каб сфармаваць стабільны ўрад. Лідэры трох іншых вядучых партый раней выключылі магчымасьць удзелу ў кааліцыі пад кіраўніцтвам PVV.
Але Пітэр Омцыхт, чыя партыя «Новая сацыяльная дамова» атрымала 20 месцаў паводле экзіт-полу, здавалася, зьмякчыў сваю пазыцыю, заявіўшы, што ён «даступны», хаця перамовы аб кааліцыі будуць «няпростымі».
Лідэр левага блёку «Зялёныя/Лейбарысты» Франс Тымэрманс выключыў стварэньне кааліцыі, сказаўшы: «Настаў час для нас абараніць дэмакратыю».
Іміграцыя была ключавой тэмай кампаніі, і цьвёрдая пазыцыя Вілдэрса, у тым ліку закрыцьцё межаў і дэпартацыя нелегальных імігрантаў, зацікавіла галяндзкіх выбарнікаў.
«Галяндцы спадзяюцца, што людзі змогуць вярнуць сваю краіну і што мы гарантуем, што цунамі асобаў, якія шукаюць прытулку, зьменшыцца», — гаварыў Вілдэрс.
Вілдэрс стаў вядомым пасьля выказваньняў супраць імігрантаў і, у прыватнасьці, мусульманаў. Ён абражаў мараканцаў і хацеў правесьці конкурс карыкатур на ісламскага прарока Мухамэда. За гэта ён атрымліваў пагрозы забойствам. З 2004 году ён знаходзіцца пад пастаяннай аховай паліцыі.
Падчас цяперашняй кампаніі ён імкнуўся зьмякчыць тон свайго пасланьня, заявіўшы, што можа пакласьці некаторыя са сваіх больш рэзкіх поглядаў на іслам «у маразільную камэру».
У 2016 годзе яго прызналі вінаватым у дыскрымінацыі за камэнтары, якія ён рабіў супраць мараканцаў, якія жывуць у Нідэрляндах. Раней Вілдэрс параўноўваў Каран з «Майн кампф» Адольфа Гітлера, заявіўшы, што абедзьве кнігі павінны быць забароненыя.