Выкананьне закліку Ізраілю да больш чым 1 мільёна мірных жыхароў на поўначы Газы пакінуць свае дамы на працягу 24 гадзін будзе «няпростай задачай», заявіў у пятніцу прадстаўнік Белага дому па нацыянальнай бясьпецы Джон Кірбі, інфармуе «Голас Амэрыкі».
«Гэта вельмі шмат людзей, якія павінны будуць эвакуавацца за вельмі кароткі пэрыяд часу, — сказаў Кірбі ў інтэрвію MSNBC. — Мы разумеем, што яны спрабуюць зрабіць і чаму яны спрабуюць гэта зрабіць — паспрабаваць ізаляваць цывільнае насельніцтва ад ХАМАСу, які зьяўляецца іх сапраўднай мэтай».
Агенцтва ААН па справах палестынскіх уцекачоў у пятніцу назвала заклік Ізраілю перасяліць больш за 1 мільён мірных жыхароў на поўначы Газы на працягу 24 гадзін «жахлівым», заявіўшы, што анкляў хутка ператвараецца ў «пякельную бездань».
Ізраільскія вайскоўцы выступілі з такім заклікам напярэдадні чаканага наземнага ўварваньня ў сэктар Газа ў адказ на атаку групоўкі ХАМАС.
«Заклік ізраільскіх сіл перамясьціць больш за 1 мільён мірных жыхароў, якія жывуць на поўначы Газы, на працягу 24 гадзін жахлівы, — гаворыцца ў заяве Філіпа Лязарыні, генэральнага камісара Блізкаўсходняга агенцтва ААН для дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі прац (БАПАП). — Гэта прывядзе толькі да беспрэцэдэнтнага ўзроўню пакут і яшчэ больш штурхне людзей у Газе ў прорву».
Па словах Лязарыні, больш за 423 000 чалавек ужо былі вымушаныя пакінуць свае дамы, а больш за 270 000 знайшлі прытулак у лякацыях, разгорнутых яго арганізацыяй.
«Маштабы і хуткасьць гуманітарнага крызісу, які разгортваецца, палохаюць, — сказаў ён. — Газа хутка ператвараецца ў пякельную бездань і знаходзіцца на мяжы каляпсу».
Раней у пятніцу БАПАП заявіла аб перамяшчэньні свайго апэратыўнага цэнтру і міжнароднага пэрсаналу на поўдзень Газы для працягу гуманітарных апэрацый.
Ізраільскія ўлады абвінавачваюць БАПАП у разьдзіманьні праблемы палестынскіх бежанцаў і заяўляюць, што сярод супрацоўнікаў агенцтва распаўсюджаныя антыізраільскія настроі.
У пятніцу мулы ў мячэцях і кіраўніцтва ХАМАС папрасілі жыхароў сэктару Газа заставацца ў сваіх дамах, нягледзячы на заклік ізраільскіх вайскоўцаў перабрацца на поўдзень.
- Наземнае ўварваньне можа мець вырашальнае значэньне ў баявых дзеяньнях паміж ізраільскімі вайскоўцамі і палестынскай групоўкай ХАМАС, якая ў суботу зрабіла самы крывавы напад на краіну з часоў араба-ізраільскай вайны 1973 году.