Дзяржсакратар ЗША пасьля Ізраілю наведвае краіны Блізкага Ўсходу. Правёў сустрэчу зь лідэрам Палестыны і каралём Ярданіі

Энтані Блінкен ў часе свайго візыту ў Ярданію, 13 кастрычніка 2023
Энтані Блінкен ў часе свайго візыту ў Ярданію, 13 кастрычніка 2023

Блізкаўсходняе турнэ адбываецца на тле падрыхтоўкі Ізраілю да маштабнай наземнай апэрацыі ў сэктары Газа.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен правёў сустрэчу з прэзыдэнтам Палестыны Махмудам Абасам і каралём Ярданіі Абдалом.

Энтані Блінкен наведаў Ярданію адразу пасьля Ізраілю ў межах свайго блізкаўсходняга турнэ, якое адбываецца на тле падрыхтоўкі Ізраілю да маштабнай наземнай апэрацыі ў сэктары Газа. Сустрэча з Абасам адбылася ў сталіцы Ярданіі.

Як адзначаецца ў паведамленьні Дзяржаўнага дэпартамэнту, Энтані Блінкен наведае Катар, Саўдаўскую Арабію, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Эгіпет.

«Дзяржсакратар будзе ўзаемадзейнічаць з рэгіянальнымі партнэрамі, каб не дапусьціць расшырэньня канфлікту, забясьпечыць тэрміновае і пасьпяховае вызваленьне закладнікаў і вызначыць мэханізмы абароны цывільнага насельніцтва», — паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Мэт'ю Мілер.

12 кастрычніка дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен знаходзіўся ў Тэль-Авіве, дзе правёў перамовы з кіраўніцтвам Ізраілю.

Па выніках візыту на супольнай прэсавай канфэрэнцыі з прэм’ер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Злучаныя Штаты будуць «заўсёды» падтрымліваць Ізраіль. У той жа час ён падкрэсьліў, што ХАМАС не прадстаўляе палестынскі народ.

​
XS
SM
MD
LG