Рэжым у Беларусі дагэтуль маўчыць пра вайну ХАМАСу супраць Ізраілю. Што прымушае Лукашэнку і ягоных паплечнікаў, якія штодня камэнтуюць усё што заўгодна, маўчаць пра галоўную тэму апошніх дзён у сьвеце? І чаму хамасаўцы дагэтуль не прызнаныя ў Беларусі тэрарыстамі, калі ўлады прызналі тэрарыстамі ўдзельнікаў мірных пратэстаў?
Размаўляем пра гэта ў эфіры «Свабоды Premium» з гісторыкам і палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце на Youtube.
У размове гісторык патлумачыў, чаму Лукашэнка амаль тыдзень дэманстратыўна маўчыць пра вайну ХАМАСу супраць Ізраілю.
«Найперш, гэта асабісты момант. Аляксандар Лукашэнка — гэта такі чалавек, які габрэйскую або ізраільскую тэму абыходзіць бокам. Яна яму не падабаецца, яна яму асабліва нецікавая. У яго і асаблівых ведаў няма, ёсьць савецкі бэкграўнд з часоў працы агітатарам таварыства «Веды» і пераважна нэгатыўныя погляды на Ізраіль. Па-другое, ён кансьпіроляг, які лічыць, што гэтым сьветам кіруе Амэрыка і габрэйскае лобі, таму ён лічыць, што лепш прамаўчаць, бо гэта будзе ўспрынята ня вельмі добра. Тым больш што яго ўжо абвінавачвалі ў антысэмітызьме», — кажа Фрыдман.