На тэрыторыі сэктару Газа засталіся «каля шасьці беларусаў», якія адмовіліся ад рэйсу на радзіму. Пра гэта ў сюжэце тэлеканалу АНТ заявіў «супрацоўнік КДБ, удзельнік місіі выратаваньня», як падпісалі яго прапагандысты. Імя чалавека не раскрываецца.
«Там засталося каля шасьці беларусаў, якія ня выказалі жаданьня выходзіць з тэрыторыі сэктару Газа з розных прычынаў. У асноўным асабістыя прычыны. Таму тут усе тыя, хто выказаў жаданьне, яны ўсе тут, на борце. І яны, я думаю, ужо радыя, што ляцяць дадому», — сказаў невядомы.
15 лістапада ўлады Беларусі заявілі, што 43 грамадзяніны краіны пакінулі сэктар Газа, і 16 лістапада яны на самалёце авіякампаніі «Белавія» паляцелі ў Беларусь. Аднак тэлеграм-канал MotolkoHelp лічыць, што на рэйсе з Каіру ў Менск агулам ляцелі 44 чалавекі, і толькі 25 былі ўцекачамі, астатнія ж — мэдыкі і псыхолягі з атраду МНС «Зубр», а таксама прапагандысты.
Ізраіль паказаў тунэль пад шпіталем
Тым часам Ізраіль сьцьвярджае, што знойдзены тунэль пад шпіталем «Аль-Шыфа» ў сэктары Газа, які нібыта прарылі баевікі ХАМАС.
ХАМАС прызнае наяўнасьць сакрэтных тунэляў і бункераў па ўсёй тэрыторыі палестынскага анкляву, але адмаўляе, што яны знаходзяцца пад аб’ектамі цывільнай інфраструктуры. Сусьветная арганізацыя здароўя паведаміла пра эвакуацыю з «Аль-Шыфы» 31 дзіцяці.
Амбасадар Ізраілю ў ЗША Майкл Герцаг заявіў у інтэрвію каналу ABC, што Ізраіль спадзяецца на тое, што здолее вызваліць значную колькасьць закладнікаў у найбліжэйшыя дні. Гэта прывядзе да кароткай паўзы ў баявых дзеяньнях, магчыма, працягласьцю ў пяць дзён.
Імаверна, Герцаг намякае на перамовы, якія вядуцца паміж Ізраілем і ХАМАС пры саўдзеле ЗША. Раней прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу адмаўляў тое, што пагадненьня ўдалося дасягнуць, і заклікаў пачакаць афіцыйных заяваў ізраільскага ўраду пра сытуацыю.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- Ахвяры: па стане на 20 лістапада з ізраільскага боку загінулі каля 1200 чалавек, у тым ліку мінімум 368 вайскоўцаў, параненыя 5132 чалавекі, звыш 200 у закладніках. З боку Палестынскай аўтаноміі, пераважна ў Газе, па стане на 10 лістапада колькасьць ахвяр сягнула 11 078 чалавек.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў