Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль, ЗША і ХАМАС дамаўляюцца аб 5-дзённым спыненьні агню і вызваленьне часткі закладнікаў


Ваенныя руйнаваньні ў Газе
Ваенныя руйнаваньні ў Газе

Вызваленьне закладнікаў можа пачацца на працягу наступных некалькіх дзён.

Ізраіль, Злучаныя Штаты і ХАМАС дасягнулі папярэдняй дамоўленасьці аб вызваленьні дзясяткаў жанчын і дзяцей, узятых у закладнікі ў Газе ў абмен на пяцідзённы перапынак у баях, паведамляе газэта Washington Post са спасылкай на крыніцы, блізкія да перамоваў.

Аднак прэм’ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу і афіцыйныя асобы ЗША сьцьвярджаюць, што пагадненьне пакуль не дасягнута.

Пагадненьне на шасьці старонках зьявілася ў той момант, калі Ізраіль, падобна, рыхтуецца пашырыць свой наступ супраць баевікоў ХАМАС на поўдзень Газы пасьля таго, як у выніку авіяўдараў загінулі дзясяткі палестынцаў, у тым ліку мірных жыхароў, якія, як паведамляецца, хаваліся ў дзьвюх школах.

Згодна з пагадненьнем, бакі замарозяць баявыя дзеяньні як мінімум на пяць дзён, у той час як 50 ці больш закладнікаў будуць вызваляцца групамі кожныя 24 гадзіны, паведамляе выданьне. ХАМАС захапіў каля 240 закладнікаў падчас масавых нападаў у Ізраілі 7 кастрычніка, у выніку якіх загінулі 1200 чалавек.

Паўза таксама прызначана для таго, каб даць Газе значную колькасьць гуманітарнай дапамогі. Схему зьдзелкі склалі падчас некалькіх тыдняў перамоваў у Катары.

Нэтаньягу, настойваючы на тым, што дамову яшчэ не падпісалі, паабяцаў паведаміць пра дасягненьне кампрамісу, як толькі ён сапраўды адбудзецца.

Прадстаўнік Белага дому таксама заявіў, што Ізраіль і ХАМАС яшчэ не дасягнулі пагадненьня аб часовым спыненьні агню, дадаўшы, што ЗША працягваюць працаваць над яго дасягненьнем.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • Ахвяры: па стане на 20 лістапада з ізраільскага боку загінулі каля 1200 чалавек, у тым ліку мінімум 368 вайскоўцаў, параненыя 5132 чалавекі, звыш 200 у закладніках. З боку Палестынскай аўтаноміі, пераважна ў Газе, па стане на 10 лістапада колькасьць ахвяр сягнула 11 078 чалавек.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG