Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль нанёс авіяўдар па рэзыдэнцыі кіраўніка палітбюро ХАМАСу


Ісмаіл Ханія, архіўнае фота
Ісмаіл Ханія, архіўнае фота

Армія абароны Ізраілю паведаміла, што ў ноч на 16 лістапада зьнішчальнікі ЦАХАЛ нанесьлі ўдар па рэзыдэнцыі кіраўніка палітбюро радыкальнай палестынскай групоўкі ХАМАС Ісмаіла Ханіі ў сэктары Газа. ХАМАС прызнаны тэрарыстычнай арганізацыяй у ЗША і краінах ЭЗ.

Пра пацярпелых не паведамляецца. Сам Ханія, паводле шэрагу зьвестак, знаходзіцца за межамі сэктару.

Рэзыдэнцыя Ханіі выкарыстоўвалася як элемэнт тэрарыстычнай інфраструктуры і часта служыла месцам сустрэч вышэйшых лідэраў ХАМАСу для абмеркаваньня тэрарыстычных нападаў супраць грамадзян Ізраілю і ізраільскіх вайскоўцаў, гаворыцца ў ранішняй зводцы ЦАХАЛ.

Сярод іншага, вайскоўцы напісалі пра захоп лягера Аль-Шаці ў заходнім прыгарадзе Газы, дзе, паводле іх зьвестак, знайшлі і зьнішчылі тайнік «вайскова-марскіх сіл ХАМАСу» з вадалазным рыштункам, выбуховымі прыладамі і зброяй.

У чацьвер Ізраіль працягнуў дзеяньні ў рамках ваеннай апэрацыі на тэрыторыі бальніцы «Аль-Шыфа», якую называюць найбуйнейшай у Газе. Міністэрства аховы здароўя сэктару Газа, падкантрольнае ХАМАСу, заявіла ў чацьвер, што ізраільскія бульдозэры разбурылі частку паўднёвага ўваходу ў бальніцу. Ізраільскае кіраўніцтва мяркуе, што пад комплексам «Аль-Шыфа» баевікі стварылі сетку тунэляў і што там месьціцца камандны пункт ХАМАСу. Сама групоўка і супрацоўнікі бальніцы гэта адмаўляюць, зазначае France-Presse.


Да таго як у сераду ізраільскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю «Аль-Шыфы», там, паводле ацэнак агенцтваў ААН, знаходзіліся каля 2300 пацыентаў, мэдычных супрацоўнікаў і перамешчаных цывільных асоб, якія схаваліся ў шпіталі пасьля пачатку ізраільскай апэрацыі ў сэктары Газа. Вайскоўцы падкрэсьліваюць, што падчас апэрацый яны імкнуцца не прычыняць шкоды супрацоўнікам мэдустановы і цывільнаму насельніцтву.

Рада Бясьпекі ААН 15 лістапада прыняла рэзалюцыю з заклікам да працяглага гуманітарнага перамір’я ў сэктары Газа для дастаўкі дапамогі мірным жыхарам. МЗС Ізраілю адмовіла, заявіўшы, што пакуль ХАМАС утрымлівае закладнікаў, падобныя меры недарэчныя, перадае BBC.


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў у гутарцы з журналістамі 15 лістапада, што ён, са свайго боку, робіць усё магчымае для вызваленьня ізраільцян, якія апынуліся ў закладніках у ХАМАСу. ЗША лічацца галоўным вайскова-палітычным саюзьнікам Ізраілю. Таксама, па словах Байдэна, ён даў выразна зразумець ізраільскаму прэм’еру Біньяміну Нэтаньягу, што формула суіснаваньня дзьвюх дзяржаў, Ізраілю і Палестыны, — адзіны варыянт разьвязаньня блізкаўсходняга канфлікту, а новая акупацыя Газы стане «вялікай памылкай». Нэтаньягу, гаворачы днямі пра пасьляваенныя пляны Ізраілю, заўважыў, у прыватнасьці, што краіна захавае кантроль над бясьпекай у сэктары Газа — з магчымасьцю свабодна ўваходзіць у рэгіён для высочваньня экстрэмістаў.

Ізраіль заявіў пра намер выкараніць ХАМАС у адказ на тэракты 7 кастрычніка, калі члены радыкальнай групоўкі напалі на поўдзень краіны, забіўшы 1200 чалавек, у асноўным зь ліку цывільнага насельніцтва. Каля 240 чалавек баевікі ўзялі ў закладнікі, у тым ліку дзяцей і старых.

Міністэрства аховы здароўя Газы сьцьвярджае, што падчас апэрацыі ЦАХАЛу і ізраільскіх удараў па сэктары загінулі прыкладна 11 з паловай тысячы чалавек.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG