Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль заявіў пра ўдары па 150 мэтах у сэктары Газа і ліквідацыю кіраўніка паветраных апэрацый ХАМАС


У Ізраілі 22-і дзень працягваецца вайна. Яна пачалася раніцай 7 кастрычніка з масіраваных ракетных удараў тэрарыстаў з сэктару Газа, заходу баевікоў руху ХАМАС і «Ісламскага джыхаду» на тэрыторыю краіны і захопу закладнікаў. У адказ Ізраіль наносіць масіраваныя авіяўдары па сэктары Газа.

У выніку атакі ў Ізраілі загінулі каля 1400 чалавек. Акрамя гэтага, 229 чалавек знаходзяцца ў закладніках у баевікоў ХАМАС. Паводле зьвестак падкантрольнага ХАМАС Міністэрства аховы здароўя Газы, у сэктары Газа загінулі больш за 7000 чалавек.

Увечары 27 кастрычніка ізраільскае войска абвясьціла аб «пашырэньні» наземнай апэрацыі ў сэктары Газа. Незадоўга да гэтай аб’явы ў сэктары Газа зьніклі тэлефонная сувязь і інтэрнэт, пачаліся інтэнсіўныя бамбардзіроўкі.

Начныя ўдары па Газе

Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) паведаміла, што за ноч з 27 на 28 кастрычніка былі атакаваныя 150 падземных абʼектаў на поўначы сэктару Газа, уключаючы «тэрарыстычныя тунэлі, падземныя баявыя памяшканьні і дадатковую падземную інфраструктуру». Таксама ў паведамленьні ізраільскіх вайскоўцаў гаворыцца аб забойстве некалькіх «тэрарыстаў ХАМАС».

Ізраільскія вайскоўцы сьцьвярджаюць, што забілі камандзіра паветраных сіл ХАМАС Асема Абу Ракаба. У паведамленьні сказана, што ён «адказваў у ХАМАС за БПЛА, парапланы, паветранае выяўленьне і супрацьпаветраную абарону», а таксама прымаў удзел у плянаваньні нападу на Ізраіль 7 кастрычніка.

Выданьне Haaretz піша са спасылкай на жыхароў сэктару Газа, што напады мінулай ноччу былі самымі інтэнсіўнымі за апошнія тры тыдні. Паводле іх, бесьперапынна абстрэльвалі ўсходнія раёны Газы, асабліва паўночны сэктар — ад лягера ўцекачоў Джабалія да Бэт-Лахіі і Бэт-Хануна. Агенцтва Reuters таксама называе атаку Арміі абароны Ізраілю ў ноч з пятніцы на суботу «самай інтэнсіўнай кампаніяй паветраных удараў па сэктары Газа з 7 кастрычніка».

Цяпер невядома, колькі чалавек загінула ў выніку начных удараў, бо няма сувязі з мэдыцынскімі брыгадамі ў Газе.

Ізраільскія танкі ў сэктары Газа

Акрамя гэтага, паводле зьвестак СМІ, у сэктар Газа ўехалі ізраільскія танкі. Пра рух танкаў з боку горада Бейт-Хануна на поўначы сэктару Газа распавёў карэспандэнт тэлеканала Sky News Arabia, пра гэта таксама напісалі тэлеканал Kan і эгіпэцкая газэта Ahram Online.

Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Нір Дынар пацьвердзіў газэце The New York Times, што танкі і частка ізраільскіх вайскоўцаў увайшлі ў сэктар Газа, але адмовіўся паведаміць, ці зьяўляецца тое, што адбываецца пачаткам наземнага ўварваньня.

«Нашы войскі і танкі знаходзяцца ў сэктары Газа. Яны страляюць і дзейнічаюць. Але нашы войскі і танкі былі ў Газе і ўчора», — заявіў генэрал-маёр Нір Дынар. Хутчэй за ўсё, ён мае на ўвазе рэйды, якія ЦАХАЛ праводзіў апошнія некалькі дзён у Газе.

Раней ХАМАС паведаміў, што вядзе баі з ізраільскім войскам на мяжу Ізраілю і сэктару Газа.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня менш за 260 удзельнікаў музычнага фэстывалю і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАС. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хэзбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне аб замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач сэктару Газа зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • 15 студзеня 2025 году стала вядома пра пагадненьне пра спыненьне агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое павінна пачаць дзейнічаць з 19 студзеня. Ізраільскі бок выпусьціць некалькіх зьняволеных палестынскіх арабаў, а тэрарыстычная групоўка ізраільскіх закладнікаў.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG