120 з 193 дзяржаваў, у тым ліку Беларусь і Расея, прагаласавалі ў Генэральнай асамблеі ААН за рэзалюцыю з заклікам да прыпыненьня агню ў сэктары Газа. Супраць прагаласавалі 14 дзяржаў: Ізраіль, ЗША, Аўстрыя, Вугоршчына, Харватыя, Чэхія, Гватэмала, Парагвай і шэсьць краін Акіяніі. Яшчэ 45 ад выбару ўстрымаліся, некалькі краін у галасаваньні ўдзельнічаць ня сталі.
Рэзалюцыя заклікае да «неадкладнага, трывалага і ўстойлівага гуманітарнага перамір’я» паміж ізраільскімі войскамі і баевікамі ХАМАС у сэктары Газа, да павагі прынцыпаў міжнароднага права і дастаўкі гуманітарнай дапамогі.
У дакумэнце ня згадваецца напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль. Канада пры падтрымцы ЗША прапанавала ўключыць у рэзалюцыю асуджэньне нападу ХАМАС, а таксама заклік да вызваленьня закладнікаў, аднак неабходнай колькасьці галасоў папраўка не набрала.
Пасьля галасаваньня прадстаўнік Ізраілю ў ААН Гілад Эрдан заявіў, што ААН больш не валодае нават кропляй легітымнасьці, і абвінаваціў арганізацыю ў імкненьні забясьпечыць далейшыя злачынствы. Паводле яго, з ХАМАС ня можа быць ніякіх перамоваў і дыскусій, і Ізраіль ня будзе сядзець склаўшы рукі, каб дазволіць групоўцы зноў учыняць зло. Ён дадаў, што ўсе зацікаўленыя ў спыненьні гвалту павінны заклікаць ХАМАС скласьці зброю, здацца і вярнуць усіх закладнікаў.
Кіраўнік МЗС Ізраіля Элі Коэн назваў рэзалюцыю «ганебнай» і заявіў, што «Ізраіль мае намер зьнішчыць ХАМАС гэтак жа, як сьвет расправіўся з нацыстамі і Ісламскай дзяржавай».
Рэзалюцыя ня мае юрыдычнай сілы, аднак гэта першы адказ ААН на вайсковыя дзеяньні пасьля нападу ХАМАС на Ізраіль. Раней Рада бясьпекі ААН чатыры разы не змагла дасягнуць кансэнсусу па якіх-небудзь дзеяньнях.