Пра гэта заявіў прадстаўнік прэсавай службы ЦАХАЛ Даніэль Хагары.
У ноч на пятніцу падразьдзяленьні Арміі абароны Ізраілю правялі ў Газе рэйд, нанёсшы ўдары па аб’ектах ХАМАС. Сьцьвярджаецца, што быў забіты камандзір батальёнам «Заходні Хан-Юніс» Мадхат Мубашэр, а ізраільская марская пяхота зьнішчыла камандныя пункты ваенна-марскіх сілаў ХАМАС. ХАМАС, са свайго боку, заявіў, што адбіў ізраільскі напад з мора.
Увечары ў пятніцу абстрэлы Газы ўзмацніліся. Паведамляецца аб магутных выбухах у яго паўночнай частцы. Тэлеканал Al Arabiya назваў гэты абстрэл самым магутным ад пачатку вайны. У Газе перабоі з мабільнай сувязьзю і інтэрнэтам. Ізраільскае камандаваньне зноў зьвярнулася да жыхароў Газы з парадай эвакуявацца на поўдзень, да мяжы з Эгіптам, каб не стаць выпадковымі ахвярамі ізраільскага наступу.
Са свайго боку, ХАМАС увесь дзень працягваў абстрэлы паўднёвай і цэнтральнай часткі Ізраілю. У Тэль-Авіве ракета патрапіла ў чатырохпавярховы жылы дом, тры чалавекі пацярпелі. Паветраныя сырэны працягваюць гучаць у многіх гарадах поўдня краіны, уключаючы Сдэрот, Ашдод і Ашкелон.
Раней The New York Times паведамляла са спасылкай на крыніцы ў кабінэце міністраў Ізраіля, што плян наземнай апэрацыі гатовы, але прэмʼер-міністар Біньямін Нетаньягу адкладае яго зацьвярджэньне, асьцерагаючыся канчатковага падзеньня сваёй папулярнасьці, калі наступ пацягне за сабой вялікія ахвяры.
ХАМАС працягвае ўтрымліваць больш за 200 закладнікаў, захопленых падчас нападу на Ізраіль 7 кастрычніка. Сярод іх як ізраільцяне, гэтак і грамадзяне іншых краін. Каля 30 чалавек — дзеці.
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
- Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.
Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.