Калі звольніўся з войска, пачаў спробы атрымаць ва Ўкраіне статус уцекача.
«Пасьля звальненьня з ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну ў мяне зьявілася разуменьне, што служыць мне больш няма дзе. Праз кіраўнікоў палку Каліноўскага я трапіў у „чорныя сьпісы“ ГУРа і не магу трапіць нават у тыя падразьдзяленьні, якія не зьвязаныя з палком», — расказвае Іван.
Ён кажа, што ні жаданьня, ні магчымасьцяў зьяжджаць з Украіны ў яго не было, таму Іван вырашыў легалізавацца ў краіне і падавацца на статус уцекача.
«Тым больш, мой тэлеграм-канал „Менавіта War“ быў прызнаны ў Беларусі „экстрэмісцкімі матэрыяламі“. Дадалася таксама служба ва ўкраінскім войску, празь якую ў Беларусі мяне будзе чакаць крымінальны перасьлед», — расказвае Тамашэвіч.
Але атрымаць даведку з вайсковай часткі, дзе служыў добраахвотнік, аказалася няпроста.
«Усё ўпіралася ў бюракратыю. Я напісаў рапарт аб звальненьні яшчэ 21 чэрвеня, 23 чэрвеня быў звольнены, а дакумэнты змог атрымаць толькі 6 ліпеня».
Акурат праз гэта і ўзьнікла замінка з падачай дакумэнтаў.
«11 ліпеня я трапіў да ўкраінскай праваабарончай арганізацыі „Право на захист“, якая мае сувязі з Агенцтвам ААН у справах уцекачоў (УВКБ ААН). Празь іх я атрымаў ліст абароны ад УВКБ ААН (копія ёсьць у рэдакцыі. — РС), што давала пэўныя прэфэрэнцыі. „Право на захист“ таксама дапамагала мне з падрыхтоўкай дакумэнтаў для падачы ў Дзяржаўную міграцыйную службу Ўкраіны (ДМС). Атрымаўся дастаткова тоўсты пакет, зь якім я 14 ліпеня паехаў у Кіеўскі ДМС».
Першапачаткова Івану Тамашэвічу адмовілі ў прыняцьці дакумэнтаў, але пры гэтым далі магчымасьць падацца па пошце. Пры гэтым не было б гарантыі, што такім чынам дакумэнты дойдуць да адрасата.
«Пасьля некаторых тэлефонных размоваў маіх і праваабаронцаў з ДМС міграцыя паставіла ўмову, што дакумэнты яны прымуць, але на мяне мусяць скласьці адміністрацыйны пратакол аб перавышэньні тэрміну знаходжаньня на тэрыторыі Ўкраіны. Для мяне гэта было чакана. Я мусіў заплаціць штраф у памеры 3400 грыўняў (каля 93 даляраў). І ў мяне было 10 дзён, каб абскардзіць гэтае рашэньне. У гэтым мне зноў дапамагалі юрысты арганізацыі „Право на захист“», — расказвае «Менавіта».
У выніку дакумэнты ў міграцыйнай службе ў Івана прынялі ў жніўні.
«Мне выдалі даведку, што я падаўся на атрыманьне статусу асобы, якая патрабуе абароны ва Ўкраіне. Гэтая даведка дазваляе мне легальна знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны».
Пасьля гэтага Іван разам з праваабаронцамі пачаў абскарджваць рашэньне ДМС.
«Я прывёў довады, чаму ня змог у вызначаны тэрмін высьветліць свой статус ва Ўкраіне, усё гэта было выкладзена ў лісьце. Скарга была накіраваная ў суд электроннай поштай. Празь нейкі час мне прыйшоў вялікі ліст, што справа была разгледжаная і мая скарга была задаволеная. Пастанова ДМС, такім чынам, адмяняецца».
Наконт статусу ўцекача Іван Тамашэвіч пакуль ня мае адказу. Кажа, што ягоная знаёмая блогерка Алена Васільева чакала адказу цэлы год. Цяпер жа, падчас вайны, мяркуе «Менавіта», ахвотных атрымаць статус менш, і тэрміны павінны скараціцца. Са словаў «Менавіта», вядома, што ніхто зь беларускіх ваяроў пакуль не атрымліваў ва Ўкраіне статус уцекача, толькі дазвол на жыхарства.
Сам Іван Тамашэвіч на дадзены момант разам з Аленай Васільевай займаецца дабрачыннай дзейнасьцю ў рамках арганізацыі «Беларускі Майдан UA».
«У мяне былі пэўныя сувязі, атрымалася нешта перадаць для ўкраінскіх вайскоўцаў. Маю падзякі за дапамогу. Людзі праз нашыя сацсеткі могуць адсочваць, куды ідзе іхная дапамога, бачаць, што ніякага прыбытку мы з гэтага ня маем. Нядаўна прыходзіла дапамога ад нямецкай арганізацыі, там прыйшлі мэдычныя апараты, шматфункцыянальны ложак, агулам 3,5 тоны грузу».
Іван Тамашэвіч удзельнічаў у апэрацыі па ўтрыманьні станцыі Калініндорф у Херсонскай вобласьці, браў удзел у штурме сяла Лазавое, удзельнічаў у баях пад Севераданецкам і Гуляй-Полем. Апошнім часам разам з ІІ Інтэрнацыянальным легіёнам знаходзіўся ў Харкаўскай вобласьці, недалёка ад мяжы з Расеяй.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.