Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На беларускага добраахвотніка склалі пратакол у міграцыйнай службе Ўкраіны. Ён падаў у суд і выйграў


Бахмут Данецкай вобласьці, дзе ваююць беларускія добраахвотнікі. Ілюстрацыйнае фота
Бахмут Данецкай вобласьці, дзе ваююць беларускія добраахвотнікі. Ілюстрацыйнае фота

Як вынікае з судовага рашэньня, пратакол аб парушэньні склалі ў той час, калі беларус прыйшоў у міграцыйную службу.

Грамадзянін Беларусі, які ваяваў на баку Ўкраіны ў складзе ўкраінскага войска з сакавіка 2022-га да чэрвеня 2023 году, зьвярнуўся ў Дзяржаўную міграцыйную службу з заявай па атрыманьне статусу ўцекача, але там на яго склалі пратакол аб парушэньні міграцыйнага заканадаўства і аштрафавалі.

Гэтыя падзеі адбыліся ў Цэнтральным міжрэгіянальным упраўленьні Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны ў Кіеве. Прозьвішча беларускага грамадзяніна ў судовым рашэньні не называецца паводле патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства аб абароне пэрсанальных зьвестак.

Беларус аспрэчыў пастанову аб адміністрацыйнай адказнасьці, і судзьдзя стаў на ягоны бок — скасаваў пастанову міграцыйнай службы аб адміністрацыйным правапарушэньні і закрыў гэтую справу. У той жа час у судовым рашэньні адзначаецца, што заяву на атрыманьне статусу ўцекача прынялі для разгляду.

Пасьля звальненьня з вайсковай службы грамадзянін Беларусі, якому пагражае крымінальная адказнасьць на радзіме, неаднаразова спрабаваў атрымаць дакумэнты з вайсковай часткі, у якой служыў, а 14 жніўня 2023 году асабіста прыйшоў у міграцыйную службу, каб падаць заяву на атрыманьне статусу ўцекача.

Аднак міграцыйная служба не разгледзела яго заявы, а склала пратакол аб парушэньні тэрмінаў знаходжаньня іншаземцаў і пражываньні ва Ўкраіне без адпаведнага дазволу. Як вынікае з судовага рашэньня, пратакол аб парушэньні склалі ў той час, калі беларус прыйшоў у міграцыйную службу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG