Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У амбасаду тэлефанавалі, але там увесь час занята». Як беларусы выбіраюцца з Ізраілю падчас вайны


У аэрапорце Тэль-Авіва пасьля нападу ХАМАС, кастрычнік 2023
У аэрапорце Тэль-Авіва пасьля нападу ХАМАС, кастрычнік 2023

З Ізраілю ў Беларусь цяпер выбіраюцца праз Грузію, Кіпр, Расею, Турэччыну, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Цэны на квіткі вагаюцца ад 300 да 1200 эўра.

Нікому з нашых суразмоўцаў беларуская амбасада не дапамагала выехаць пасьля пачатку вайны ў Ізраілі.

У Ізраілі жывуць тысячы беларусаў, якія маюць як ізраільскае, так і беларускае грамадзянства. Амбасада Беларусі ў Ізраілі зьбірала інфармацыю пра сваіх грамадзян, але эвакуацыйных рэйсаў для ахвочых вылецець у Беларусь пакуль не было.

19 кастрычніка кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік назваў сытуацыю зь беларускімі грамадзянамі ў зоне канфлікту «даволі няпростай». Ён заявіў, што Беларусь атрымала дазвол на гуманітарны рэйс кампаніі «Белавія» ў Ізраіль. Але выканаць гэта будзе «ня проста».

«На сёньняшні дзень застаецца адна перашкода — гэта санкцыі ЗША ў адносінах нашага нацыянальнага авіяперавозчыка», — заявіў Алейнік.

Хто хоча вярнуцца ў Беларусь, вылятаюць з Ізраіля самі. Свабода пагутарыла зь некаторымі зь іх.

«Самы просты і танны шлях — праз Грузію»

У адмысловых суполках у сацыяльных сетках беларусы дзеляцца сваім досьведам вылету з Ізраілю. Пішуць, што цэны на дарогу пасьля пачатку вайны вырасьлі прыкладна ў два разы. Некаторыя авіякампаніі адмянілі палёты ў Ізраіль на некалькі тыдняў.

Некаторыя беларусы выбіраюць шлях праз Кіпр і Польшчу. Адтуль — аўтобусам да Менску. На наступную нядзелю, 22 кастрычніка, квіткі на рэйс Тэль-Авіў — Лярнака (Кіпр) каштуюць 130-145 даляраў, зь Лярнакі ў Варшаву — 190 даляраў, аўтобус з Варшавы да Менску — 30 даляраў.

Самалёты ізраільскай кампаніі El Al у аэрапорце Тэль-Авіва, архіўнае фота
Самалёты ізраільскай кампаніі El Al у аэрапорце Тэль-Авіва, архіўнае фота

Вылятаюць у Менск і праз Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Гэта каштуе каля тысячы эўра. Білеты з Тэль-Авіва да Дубая на 22 кастрычніка ў ізраільскай авіякампаніі «Эль-Аль» — па 300-400 даляраў, з Дубая да Менску — 400-600 даляраў.

Беларус Максім* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў, што да яго ў Ізраіль прыяжджала сваячка зь Беларусі. Яна плянавала вярнуцца дахаты ў Менск самалётам праз Баку, азэрбайджанскімі авіялініямі. Але некалькі дзён таму рэйс адмянілі. Таму цяпер беларуска паляціць праз Тбілісі. Туды квіток каштаваў каля 160 даляраў. На рэйсы Тбілісі — Менск кампаніі «Белавія» трэба выдаткаваць каля 360 даляраў. Усяго 520 даляраў за дарогу.

«Можна было ляцець хоць сёньня праз Маскву, самалёты і квіткі ёсьць. Але з Тэль-Авіва да Масквы квіток каштаваў 870 даляраў. Гэта ізраільскай кампаніі „Эль-Аль“», — патлумачыў суразмоўца.

Ён дадаў, што ад пачатку вайны сваячка тэлефанавала па дапамогу ў амбасаду, ды лінія была заўсёды занятая.

На 22 кастрычніка самыя танныя білеты з Тэль-Авіва да Масквы каштуюць 960 даляраў.

Іншы беларус, Антон (імя зьмененае. — РС) патлумачыў, што амбасада тэлефанавала тым беларусам, якія стаяць на ўліку.

«Проста яны зьбіралі інфармацыю, і ўсё. Сам я туды не званіў. Вывучыў рэйсы і прыйшоў да высновы, што самы лёгкі і танны шлях — праз Грузію», — кажа Антон.

У аэрапорце Тэль-Авіва, 7 кастрычніка 2023
У аэрапорце Тэль-Авіва, 7 кастрычніка 2023

Ён дадаў, што ізраільскія ўлады не рэкамэндуюць сваім грамадзянам лятаць у Турэччыну ці празь яе.

Беларуска Ірына, якая вырашыла ляцець на радзіму 14 кастрычніка, аддала за дарогу дадому 1200 эўра.

«Ляцела праз Стамбул. Потым Варшава і аўтобус да Берасьця. Уся дарога — 1200 эўра», — патлумачыла яна.

Іншая ўраджэнка Беларусі напісала, што яна зьвязалася з «каналам, які займаецца эвакуацыяй беларусаў», і ёй там адмовілі, бо яна мае пашпарт Ізраілю.

Яна дадала, што значна вырасьлі цэны на рэйсы ў Маскву. «Расейскія авіялініі на бліжэйшыя дні — 3600 даляраў на бабулю і дваіх унукаў», — патлумачыла яна.

Што зь беларусамі ў сэктары Газа

Консул Беларусі ў Ізраілі Станіслаў Венцаль яшчэ 10 кастрычніка казаў, што «дасягнутая дамоўленасьць з расейскім бокам аб эвакуацыі дзясяткаў беларусаў з сэктару Газа». Але на гэты момант нічога не вядома пра эвакуацыю. Расейскія СМІ пішуць, што яна дагэтуль не адбылася. Меркавалася эвакуаваць расейцаў праз Эгіпет.

«Там сытуацыя няпростая. Непасрэднае прыбыцьцё на гэтую тэрыторыю немагчымае. Сытуацыю ўскладняюць перабоі з інтэрнэтам і сувязьзю», — казаў Станіслаў Венцаль.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG