Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Алейнік паведаміў, хто перашкаджае Беларусі эвакуаваць сваіх грамадзян з Ізраіля


Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Архіўнае фота
Міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік. Архіўнае фота

Кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік назваў сытуацыю зь беларускімі грамадзянамі ў зоне канфлікту «даволі няпростай», паведамляе Sputnik.

Беларусь атрымала дазвол на гуманітарны рэйс авіякампаніі «Белавія» ў Ізраіль ад улад гэтай краіны, але, як заявіў Сяргей Алейнік, эвакуаваць сваіх грамадзян Менску будзе «няпроста».

«На сёньняшні дзень застаецца адна перашкода — гэта санкцыі ЗША ў адносінах нашага нацыянальнага авіяперавозчыка», — заявіў Алейнік, якога цытуе Sputnik.

МЗС Беларусі, па яго словах, займаецца пытаньнем эвакуацыі, але «пакуль цяжка гаварыць пра нейкія вынікі».

Сяргей Алейнік таксама адзначыў, што ў Менску ўзрушаныя ростам колькасьці ахвяр канфлікту ў раёне сэктару Газа.

Раней паведамлялася, што ў пасольства Беларусі ў Ізраілі, паводле зьвестак на 9 кастрычніка, зьвярнуліся 150 беларусаў. У дыпмісіі заявілі, што «цяпер пра нейкія цэнтралізаваныя эвакуацыйныя мерапрыемствы размова не ідзе», гэтае пытаньне толькі прапрацоўваецца.

17 кастрычніка стала вядома, што сярод ахвяр ад нападу ХАМАС трое беларусаў, якія загінулі.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG