Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае ХАМАС зброю зь Беларусі? Пагутарылі з Латушкам пра стасункі рэжыму з Палестынай і дзяржавамі, якія яе падтрымліваюць


Павал Латушка. Вайна Ізраілю супраць ХАМАСу. Каляж.
Павал Латушка. Вайна Ізраілю супраць ХАМАСу. Каляж.

Кіраўнік «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня», прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка знаходзіцца зь візытам у Чэхіі.

Ён бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Forum 2000», сустракаецца са старшынёй Палаты дэпутатаў парлямэнту Чэхіі Маркетай Пекаравай Адамавай, міністрам абароны і міністрам юстыцыі Чэхіі, прадстаўнікамі чэскага МЗС, Нацыянальнага агенцтва спорту, кіраўнікамі парлямэнцкіх камітэтаў ды іншымі палітыкамі.

Павал Латушка наведаў праскую студыю Свабоды, і мы абмеркавалі вынікі выбарчай кампаніі ў Польшчы, а таксама дыпляматычныя стасункі ўладаў з Палестынскай аўтаноміяй і краінамі, якія падтрымліваюць ХАМАС. Палітык разважае пра тое, што магчыма зрабіць, каб Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Лукашэнкі, а таксама расказвае пра сьпіс 150 сілавікоў, зьвязаных са спортам.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Тут фрагмэнты гутаркі

Пра польскія выбары і сьцяну на мяжы зь Беларусьсю

— Давайце пачнем з папярэдніх вынікаў выбарчай кампаніі ў Польшчы — парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму, у тым ліку аб сьцяне на мяжы зь Беларусьсю, які не адбыўся. Чаму гэта важна?

— Аб’яднаны пераходны кабінэт, які сёньня працуе за мяжой, паважае выбар польскага народу. І гэта ўсё ж унутраная справа Польшчы — абіраць новы парлямэнт, які пазьней будзе фармаваць адпаведны ўрад.

Што тычыцца рэфэрэндуму, які не адбыўся. Гэта рэакцыя палякаў на дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, а ня стаўленьне да беларусаў. Паводле папярэдніх зьвестак, 97% палякаў прагаласавалі за захаваньне сьцяны, якая была створаная паміж Беларусьсю і Польшчай, хоць рэфэрэндум і не адбыўся (толькі 40% узялі ў ім удзел). Мы дакладна ведаем з гісторыі, што муры рухнуць. Я перакананы, што як рухнуў Бэрлінскі мур, так і рухне гэтая сьцяна паміж Беларусьсю і Польшчай, і мы будзем ствараць агульную прастору дзеля свабоднага перамяшчэньня грамадзянаў Беларусі, Польшчы, іншых краінаў ЭЗ.

Пра стаўленьне Лукашэнкі да Ізраілю

— Як вайна Ізраілю з ХАМАС можа ўплываць/не ўплываць на сытуацыю ў Беларусі?

— Мы разумеем, што Лукашэнка савецкі па мэнтальнасьці чалавек, які заўсёды ставіўся да Ізраілю ў наратывах савецкай ідэалёгіі. Ён антысэміт, і таму ў гэтай сытуацыі Лукашэнка маўчыць. Я ведаю прыклады з досьведу працы ў Міністэрстве замежных справаў, а таксама міністрам культуры, калі быў даволі высокі ўзровень канфліктнасьці ў адносінах паміж рэжымам і Ізраілем. Было закрыцьцё пасольства Ізраілю ў Менску ў 2003 годзе (у 2005 годзе дыпмісію аднавілі. — РС). Я тады працаваў прэс-сакратаром МЗС і прысутнічаў на перамовах тагачаснага міністра замежных справаў Міхаіла Хвастова з генэральным дырэктарам МЗС Ізраілю. Пазьней была пагроза закрыцьця амбасады Ізраілю ў 2016 годзе і адпаведная заява МЗС Беларусі, што ў адказ МЗС зачыніць пасольства Беларусі ў Ізраілі. Была канфліктная сытуацыя, калі Лукашэнка вельмі нэгатыўна выказаўся ў адносінах да габрэяў, якія пражываюць у Беларусі, узгадваючы, што Бабруйск калісьці гістарычна быў вельмі брудным горадам, і зьвязаў гэта менавіта з габрэямі.

Пазьней Павал Якубовіч, які тады працаваў галоўным рэдактарам газэты «СБ. Беларусь сегодня», органа адміністрацыі Лукашэнкі, вылятаў са спэцыяльнай місіяй у Тэль-Авіў на перамовы, каб залагодзіць гэтыя выказваньні Лукашэнкі. Я ўзгадваю «Славянскі базар», калі Натальля Пяткевіч, тагачасная першая намесьніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, забараніла прадстаўніку Ізраілю браць удзел у цырымоніі адкрыцьця фэстывалю. Гэта ўсё вынікала зь вельмі нэгатыўнага стаўленьня самога Лукашэнкі да Ізраілю, да габрэйскага народу.

Гэта пры тым, што мы разумеем, што габрэі адыгралі вельмі значную ролю ў гісторыі беларускага народу, культуры і дзяржаўнасьці. Мы ведаем, колькі выхадцаў зь Беларусі зьяўляліся прэзыдэнтамі і прэмʼерамі гэтай краіны. Лукашэнка сёньня дэманструе савецкі наратыў. Ён не заняў бок Ізраілю, калі адбылася тэрарыстычная атака ХАМАСу на Ізраіль.

Пра адносіны з Палестынай і дзяржавамі, якія яе падтрымліваюць

— У Менску на Чырвонаармейскай вуліцы знаходзіцца амбасада Дзяржавы Палестына ў Беларусі. Як у вашы часы, калі вы былі амбасадарам, у беларускай дыпляматыі выбудоўвалі адносіны з палестынцамі і з ісламскімі дзяржавамі, якія падтрымліваюць ХАМАС?

— Лукашэнка прыярытызаваў адносіны з арабскім сьветам, менавіта з тымі краінамі, якія вельмі крытычна ставіліся да Дзяржавы Ізраіль. Давайце паглядзім яго камунікацыю з Сырыяй, з Асадам. Гэта прыярытэт у зьнешняй палітыцы Лукашэнкі. Таксама паглядзім на адносіны з Іранам. Лукашэнка неаднойчы бываў у Іране і падтрымліваў прадстаўнікоў Ірану. У 2022 годзе тагачасны міністар замежных справаў Макей быў зь візытам у Іране. Прэмʼер Галоўчанка быў зь візытам у Іране. Ён браў з сабой старшыню Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту, які знаходзіцца пад санкцыямі ЭЗ і ЗША за тое, што дзяржаўная вайсковая прамысловасьць займаецца вытворчасьцю зброі ў інтарэсах Расеі, і гэтая зброя выкарыстоўваецца ў вайне супраць Украіны. Лукашэнка ня так даўно наведваў Іран. Калі пачалася тэрарыстычная атака ХАМАСу на Ізраіль, у Тэгеране адбылося пасяджэньне міжурадавай гандлёва-эканамічнай камісіі на ўзроўні міністра прамысловасьці Беларусі і першага віцэ-прэзыдэнта Ірану. Бліжэйшым часам адбудзецца візыт першага віцэ-прэзыдэнта Ірану ў Беларусь.

Давайце разьбярэмся, чым займаюцца гэтыя гандлёва-эканамічныя камісіі. Зразумела, адна з галоўных тэмаў — вайскова-прамысловае супрацоўніцтва, зброя. Зброя, якая раней пастаўлялася зь Беларусі ў Іран. А Іран — галоўны хаўрусьнік ХАМАСу. Таму мы можам не выключаць, я не магу сказаць са 100% пацьверджаньнем, але праз адзін поціск рукі фактычна ідзе супрацоўніцтва і з ХАМАС. Бо калі зброя трапляе ў Іран, а Іран падтрымлівае ХАМАС, можна не выключаць такую сытуацыю, што гэтая зброя ідзе і ў інтарэсах ХАМАСу, а пазьней выкарыстоўваецца супраць Ізраілю.

Увесь наратыў лукашэнкаўскай прапаганды — антыізраільскі, у падтрымку ХАМАСу. Гэта выгадна і таму, што ўвага пераводзіцца з вайны Расеі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Напэўна, для Лукашэнкі гэтая вайна вельмі выгадная.

Пра імавернасьць ордэру Міжнароднага крымінальнага суду на арышт Лукашэнкі

— На якой стадыі цяпер справа з прыцягненьнем да адказнасьці вінаватых у выкраданьнях дзяцей з Украіны? Наколькі рэалістычна прыцягненьне да адказнасьці цяпер у эўрапейскіх, міжнародных судах? Згадваючы прысуд швайцарскага суду Гараўскаму.

— «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» ў рамках Абʼяднанага пераходнага кабінэту адказвае за прававы ціск і працуе ў некалькіх кірунках. Першая частка — расьсьледаваньне па фактах незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей. Гэтая частка дакладу перададзеная сьледчым пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў горадзе Гаазе. Бліжэйшым часам будзе перададзеная другая частка. На гэта рэагуе сам Лукашэнка. У Кіргізстане некалькі дзён таму ён заявіў, што адбываецца палітызацыя міжнародных судоў, і зьвярнуўся з прапановай прыняць адпаведную рэзалюцыю з боку кіраўнікоў дзяржаваў СНД. Нават распрацаваны адмысловы плян, які зацьверджаны Адміністрацыяй Лукашэнкі, у які ўключаныя адпаведныя дзеяньні МЗС, КДБ, ААЦ і іншых структураў, каб супрацьдзейнічаць выдачы ордэру на арышт Лукашэнкі.

Давайце зразумеем, што гэта незалежнае рашэньне пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, і толькі ад яго залежыць, якое рашэньне ён прыме. Ад нас залежыць прадастаўленьне неабходных доказаў. А гэта ў тым ліку і выказваньне Мезенцава, дзяржсакратара «саюзнай дзяржавы», былога пасла Расеі ў Беларусі, пра тое, што рашэньне аб дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей прымалася Пуціным і Лукашэнкам. Такім чынам Расея як бы ўцягвае самага Лукашэнку ў суадказнасьць за гэтыя дзеяньні.

Наступнае — унівэрсальная юрысдыкцыя ў кантэксьце канкрэтных фактаў гвалту ў адносінах да беларусаў. У Польшчы абвешчаны ў вышук шэраг прадстаўнікоў сілавой сыстэмы па фактах гвалту ў адносінах да грамадзянаў у 2020 годзе. Гэта прэцэдэнт. Неўзабаве адбудзецца сустрэча зь міністрам юстыцыі Чэхіі, і мы спадзяёмся, што і Чэхія пойдзе гэтым шляхам, і што Літва і Нямеччына распачнуць адпаведныя крокі. Гэта залежыць ад канкрэтных краінаў і адпаведных прадстаўнікоў праваахоўных сыстэмаў гэтых краінаў. Мы ня спынімся.

Пра сьпіс 150 сілавікоў, зьвязаных са спортам

— Раскажыце пра сустрэчы, перамовы, якія вы праводзіце ў Чэхіі. Ведаю, што былі тут на футбольным матчы, і зусім не як заўзятар...

— Гэта быў футбольны матч Украіна — Паўночная Македонія. Украіна перамагла. Там знаходзіўся футбаліст Андрэй Шаўчэнка, адзін з дарадцаў прэзыдэнта Зяленскага. Мы камунікуем з украінскім бокам у кантэксьце нядопуску прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях, міжнародных спаборніцтвах. Для нас важна, каб у спаборніцтвах не змаглі ўзяць удзел менавіта тыя спартоўцы, якія зьяўляюцца службоўцамі Ўзброеных сілаў Беларусі, КДБ, МУС, іншых сілавых структураў Беларусі. У нас ёсьць сьпіс 150 афіцэраў ці службоўцаў адпаведных сілавых структураў Беларусі, якія ў адпаведнасьці з рашэньнямі МАК ня маюць права браць удзел у спаборніцтвах. Для нас вельмі важна, каб беларускія свабодныя спартоўцы маглі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. І пра гэта мы будзем гаварыць з кіраўніцтвам нацыянальнага спартовага агенцтва Чэхіі, з намесьнікам кіраўніка ўраду, які адказвае за пытаньні спорту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG