Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ў Ізраілі: ЗША, Ізраіль і Эгіпет абмяркоўваюць гуманітарны калідор з Газы; у Ізраілі сфармавалі надзвычайны ўрад


Прэм'ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаньягу і кіраўнік апазыцыйнай партыі «Нацыянальнае адзінства» Бэні Ганц дамовіліся аб фармаваньні надзвычайнага ўраду ў сувязі з уварваньнем баевікоў ХАМАСу і «Ісламскага джыгаду» на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка.

Паводле дамоўленасьцяў, Нэтаньягу, Ганц і міністар абароны Ёаў Галант увойдуць у склад ваеннага кабінэту, паведамляе ізраільскі партал навінаў Ynet.

У пэрыяд вайны ня будзе вылучацца ніякіх законапраектаў ці ўрадавых рашэньняў, якія ня тычацца вядзеньня вайны. Усе прызначэньні на кіроўныя пасады будуць аўтаматычна падаўжацца.

Раней ідэю стварыць надзвычайны ўрад падтрымалі большасьць кіраўнікоў партый ізраільскага парлямэнту. Сфармаваць яго даручылі прэмʼеру.

11 кастрычніка паветраная трывога гучала па ўсім Ізраілі, у тым ліку на поўначы ў Хайфе. Тэлеграм-каналы, зьвязаныя з ХАМАСам, паведамляюць пра абстрэл з тэрыторыі Лібану паўночных тэрыторый Ізраілю ракетамі з радыюсам 160 кілямэтраў. Армія абароны Ізраілю папярэдзіла аб парушэньні паветранай прасторы краіны з боку Лібану і заклікала жыхароў на поўначы краіны тэрмінова прайсьці ва ўкрыцьці.

ЗША, Ізраіль і Эгіпет абмяркоўваюць гуманітарны калідор з Газы

11 кастрычніка ЗША сумесна з Ізраілем і Эгіптам пачалі абмяркоўваць стварэньне гуманітарнага калідора для мірных грамадзян, якія знаходзяцца ў сэктары Газа, заявіў дарадца Белага дома па нацыянальнай бясьпецы Джэйк Саліван. Пра тое, як будзе працаваць калідор, пакуль не паведамляецца.

Раней адкрыць шлях з Газы для эвакуацыі цывільных заклікалі гуманітарныя групы і афіцыйныя прадстаўнікі ЭЗ. Пасьля пачатку баявых дзеяньняў у рэгіёне назіральнікі папярэдзілі, што бальніцы Газы перапоўненыя параненымі.

Паводле зьвестак палестынскага боку, у выніку ізраільскіх нападаў у Газе загінулі каля тысячы чалавек. Свае дамы вымушана пакінулі больш за 260 тысяч палестынцаў.

11 кастрычніка ў сэктары Газа празь нястачу паліва спыніла працу адзіная электрастанцыя. Пастаўкі электраэнэргіі з Ізраілю, якія складалі большую частку энэргетыкі сэктару, спыненыя. Адзінай крыніцай электрычнасьці ў сэктары пакуль застаюцца дызэль-генэратары, на колькі хопіць запасаў паліва для іх — невядома. ААН лічыць, што гэта можа прывесьці да гуманітарнай катастрофы.

Раней урад Ізраілю аб'явіў пра поўную блякаду сэктару Газа, у тым ліку пра спыненьне паставак электраэнергіі, харчу і вады.

  • Узброеныя байцы ХАМАСу і «Ісламскага джыгаду» напалі на поўдзень Ізраілю 7 кастрычніка. Паводле апошніх зьвестак, у Ізраілі загінулі 1200 чалавек, грамадзян краіны і замежнікаў. Больш за сотню чалавек застаюцца ў закладніках у джыгадыстаў.
  • Ізраіль абʼявіў апэрацыю «Жалезныя мячы» і пачаў атакаваць абʼекты на тэрыторыі сэктару Газа. За некалькі дзён у Армію абароны Ізраілю прызвалі сотні тысяч рэзэрвістаў. 10 кастрычніка ізраільскае войска абвясьціла, што пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Прэс-служба войска апублікавала мапу забароненай ваеннай зоны вакол сэктару Газа. У зону ўвайшлі населеныя пункты недалёка ад межаў з сэктарам Газа. На поўначы зона даходзіць да Ашкелона. Уваход у раёны закрыты з мэтай выкананьня салдатамі баявых задач.
  • Напад ХАМАСу і «Ісламскага джыгаду» асудзілі многія краіны сьвету.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Разбуральная вайна Ізраілю ў cэктары Газа ў лічбах.
  • «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

  • «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.

  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG