Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяты дзень вайны ў Ізраілі: ізраільцы пераходзяць у маштабны наступ, ХАМАС абяцае забіваць па адным закладніку за кожны ўдар

абноўлена

Экспэрты выказваюць думкі пра магчымае пашырэньне межаў канфлікту
Экспэрты выказваюць думкі пра магчымае пашырэньне межаў канфлікту

Агульная колькасьць ахвяраў з двух бакоў ужо перавысіла 2 тысячы чалавек.

Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант абвясьціў аб пераходзе сілаў абароны краіны ў поўнамаштабны наступ.

«Я зьняў усе абмежаваньні, мы аднавілі кантроль над раёнам, і мы пераходзім у поўнамаштабны наступ. Яны пашкадуюць аб гэтым моманце, Газа ніколі ня вернецца да таго, што было. Той, хто прыйдзе абезгалоўліваць, забіваць жанчын, людзей, якія перажылі Галакост, — мы зьнішчым яго ўсімі сіламі і без кампрамісаў», — працытавала выказваньне ізраільскага міністра мясцовае выданьне The Times of Israel.

Агенцтва Associated Press паведаміла, што агульная колькасьць ахвяраў з двух бакоў ужо перавысіла 2 тысячы. У Ізраілі загінулі больш за 1200 чалавек, у тым ліку 155 вайскоўцаў, а ў Газе — 900 чалавек, у тым ліку 260 дзяцей і 230 жанчын. У Ізраілі заявілі, што сярод іх сотні байцоў ХАМАС. Тысячы параненыя з абодвух бакоў.

У Ізраілі паведамілі, што баевікі ХАМАС выкралі больш за 150 ізраільцаў. Узброеная групоўка ХАМАС папярэдзіла, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы без папярэджаньня будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.

Армія абароны Ізраілю паведаміла, што за апошнія суткі нанесла больш за 450 удараў па пазыцыях ХАМАС у сэктары Газа.

Больш за 263 тысячы чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў сэктары Газа, паведамляе Ўправа ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў. Паводле палестынскіх уладаў, у выніку ўдараў з боку Ізраілю было разбурана больш за 1000 адзінак жыльля, а 560 сталі непрыдатнымі для пражываньня.

З прычыны недахопу паліва ў сэктары Газа 11 кастрычніка спыніла працу адзіная электрастанцыя. Паколькі пастаўкі электраэнэргіі з Ізраілю спыненыя, адзінай крыніцай электрычнасьці ў сэктары Газа пакуль застаюцца дызэль-генэратары, на колькі хопіць запасаў паліва для іх — невядома. ААН лічыць, што гэта можа прывесьці да гуманітарнай катастрофы ў рэгіёне.

З 9 кастрычніка Ізраіль блякуе сэктар Газа, адключыўшы электрычнасьць і ваду, а таксама перакрыўшы пастаўкі харчаваньня і паліва. Цяпер мясцовыя жыхары практычна ня могуць пакінуць рэгіён. У ААН заявілі, што блякада сэктару Газа парушае міжнароднае права. «Увядзеньне аблогі, якая ставіць пад пагрозу жыцьцё мірных жыхароў і пазбаўляе іх тавараў, неабходных для іх выжываньня, забаронена міжнародным гуманітарным правам», — сказаў Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Фолькер Цюрк.

  • Раніцай 7 кастрычніка палестынская радыкальная групоўка ХАМАС атакавала Ізраіль.
  • З сэктару Газа прарваўся дэсант, які пачаў захопліваць паселішчы, браць закладнікаў і расстраляў шмат людзей проста на вуліцах.
  • 8 кастрычніка да атакі падключыліся радыкальныя ісламісты зь Лібану.
  • Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.

Вайна Ізраіля з ХАМАС. Асноўнае

  • 7 кастрычніка Ізраіль зазнаў ракетны ўдар з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
  • Ахвяры: па стане на 19 лютага 2024 году каля 1160 чалавек у Ізраілі, у асноўным мірных жыхароў, паводле зьвестак AFP на падставе ізраільскіх лічбаў. Баевікі ў першы дзень вайны захапілі каля 250 закладнікаў, 130 зь якіх застаюцца ў Газе, у тым ліку 30 меркавана загінуўшых, паводле зьвестак Ізраіля.

    Міністэрства аховы здароўя Газы паведамляе, што ў выніку ізраільскай ваеннай кампаніі загінулі як мінімум 28 985 чалавек, пераважна жанчыны і дзеці.

  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG