Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СБУ заявілі, што знайшлі наводнікаў расейскага абстрэлу вёскі Гроза, у якім загінулі 59 чалавек

У сваім ліставаньні браты выказвалі шкадаваньне, што кавярні «Спадарожнік», у якой прайшла іхная маладосьць, больш няма
У сваім ліставаньні браты выказвалі шкадаваньне, што кавярні «Спадарожнік», у якой прайшла іхная маладосьць, больш няма

Падазраваныя дыстанцыйна фармавалі ўласную сетку інфарматараў, а пад выглядам сяброўскага ліставаньня атрымлівалі зьвесткі аб дысьлякацыі сілаў абароны Ўкраіны і масавых падзеях на тэрыторыі рэгіёну. 

Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што «па гарачых сьлядах» вызначыла асобы двух здраднікаў, якія 5 кастрычніка карэктавалі абстрэл расейцаў па вёсцы Гроза Купянскага раёну Харкаўскай вобласьці, калі загінулі 59 мясцовых жыхароў.

Злачынцамі выявіліся два мясцовыя жыхары — 30-гадовы Ўладзімір М. і яго малодшы брат 23-гадовы Дзьмітро М. Яны ў часе акупацыі вёскі перайшлі на бок расейцаў, за што атрымалі «пасады» у шэрагах акупацыйнага ўпраўленьня ўнутраных справаў адміністрацыі Харкаўскай вобласьці. Адзін зь іх працаваў кіроўцам канвойнай групы, а другі — інспэктарам дарожна-патрульнай службы.

Перад вызваленьнем рэгіёну ад расейцаў абодва разам зь сем’ямі ўцяклі ў Расею і ўжо там працягваюць працаваць супраць Украіны.

Паводле СБУ, браты дыстанцыйна фармавалі ўласную сетку інфарматараў, а пад выглядам сяброўскага ліставаньня атрымлівалі зьвесткі аб дысьлякацыі сілаў абароны і масавых захадах на тэрыторыі рэгіёну.

«З пачатку кастрычніка абодва фігуранты пачалі зьбіраць інфармацыю пра заплянаванае перапахаваньне ўкраінскага вайскоўца ў вёсцы Гроза. Пры гэтым яны разумелі, што ў выніку варожай атакі абавязкова загінуць мірныя жыхары — іхныя знаёмыя зь вёскі Гроза, у тым ліку тыя, хто даваў ім інфармацыю. Даведаўшыся дакладны адрас і час правядзеньня мірнай падзеі, Уладзімір М. перадаў гэтыя зьвесткі расейскім акупантам», — адзначаецца ў паведамленьні СБУ.

Як доказ датычнасьці братоў да абстрэлу вёскі і гібелі мірных жыхароў Служба бясьпекі Ўкраіны апублікавала ліставаньне, зь якога вынікае, што яны наўмысна зьбіралі інфармацыю аб перапахаваньні і загадзя абмяркоўвалі імаверныя наступствы расейскага ўдару. Яны таксама ўдакладнялі, ці будуць прысутнічаць на перапахаваньні якія-небудзь высокапастаўленыя вайскоўцы. Гэтыя абставіны згадаў у сваім выступе ў ААН расейскі прадстаўнік Васіль Нябензя.

Сьледчыя завялі крымінальную справу супраць братоў М. па фактах дзяржаўнай здрады і парушэньня правілаў і звычаяў вайны. Ім пагражае ад 10 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.

У выніку расейскага ўдару па кавярні, дзе праходзілі памінкі па загінулым мясцовым жыхару, загінулі 55 чалавек.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG