Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выведцы Вялікай Брытаніі падлічылі, колькі баявых самалётаў страціла Расея ва Ўкраіне


Зьбіты ўкраінцамі у красавіку 2022 году расейскі самалёт Су-25. Архіўнае фота
Зьбіты ўкраінцамі у красавіку 2022 году расейскі самалёт Су-25. Архіўнае фота

Украінскі і расейскі бакі публікуюць іншыя зьвесткі аб узаемных стратах самалётаў і верталётаў у часе баявых дзеяньняў.

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што Расея з пачатку ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну страціла ў баявых дзеяньнях каля 90 самалётаў.

«Палёты на некаторых тыпах баявых самалётаў таксама значна больш інтэнсіўныя, чым у мірны час. Усе самалёты маюць прагнозны тэрмін службы ў гадзінах палёту. Цалкам імаверна, што з такім дадатковым выкарыстаньнем у ваенны час Расея зьядае тэрмін службы многіх сваіх паветраных сродкаў значна хутчэй, чым плянавалася», — адзначаецца ў паведамленьні выведкі Вялікай Брытаніі.

Брытанскія выведнікі мяркуюць, што неабходнасьць дадатковага тэхнічнага абслугоўваньня ўскладняе нястача запасных частак праз павелічэньне попыту і міжнародныя санкцыі.

У той жа час, паводле іх, Вайскова-касьмічныя сілы Расеі ўсё яшчэ захоўваюць магчымасьць нарошчваць колькасьць вылетаў на акупаваную частку Ўкраіны.

«Паколькі вайна працягваецца значна даўжэй, чым першапачаткова плянавала Міністэрства абароны Расеі, знос самалётаў, пэўна, зьнізіў жыцьцяздольнасьць доўгатэрміновай тактычнай авіяцыі Вайскова-касьмічных сіл», — мяркуюць у вайсковай выведцы Вялікай Брытаніі.

Украінская ацэнка расейскіх стратаў

Згодна з паведамленьнем Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны 28 верасьня, Расея з пачатку ваеннага ўварваньня страціла ва Ўкраіне 315 самалётаў і 316 верталётаў.

Расейская ацэнка ўкраінскіх стратаў 479 самалётаў і 250 верталётаў

Згодна з паведамленьнем Міністэрства абароны Расеі, Украіна зь лютага 2022 году страціла ў баявых дзеяньнях 480 самалётаў і 250 верталётаў.

Ва ўмовах вайны і адсутнасьці доступу да месцаў падзеяў незалежных журналістаў спраўдзіць рэальныя страты бакоў у баявых дзеяньнях немагчыма.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG