Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адрынутыя радзімай. Калі ў палітэмігрантаў зьнікае надзея на вяртаньне


Расейскі цар Мікалай першы, Франсіска Франка, Аляксандар Лукашэнка, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка. Каляж
Расейскі цар Мікалай першы, Франсіска Франка, Аляксандар Лукашэнка, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка. Каляж

Масавае вяртаньне палітэмігрантаў магчымае пераважна ў першыя гады пасьля іхнага вымушанага выгнаньня. Чым далей, тым гэтае вяртаньне становіцца ўсё больш праблематычным і малаверагодным.

Людзі, апынуўшыся ў эміграцыі, з часам непазьбежна ўрастаюць у новую глебу, пускаюць карані. Абрываюцца шматлікія сувязі з той краінай, якая выпхнула іх на чужыну. Адыходзяць блізкія людзі, якія чакалі і да якіх хацелася вяртацца. Жыцьцё бярэ сваё. Крытычны тэрмін, як сьведчыць гістарычны досьвед — недзе ў раёне дзесяці гадоў з таго часу, як людзі вымушана пакінулі радзіму. Прынамсі, у ранейшыя хвалі палітычных эміграцый у розных краінах было менавіта так.

Кінуць у турму адных, выціснуць за мяжу другіх, запалохаць трэціх — і ў выніку атрымаць дыстыляванае паслухмянае грамадзтва, якім можна бясконца маніпуляваць паводле любой уласнай прыхамаці. Гэта клясычная схема, паводле якой дзейнічае практычна кожны дыктатар, апынуўшыся ў сытуацыі, калі ягонай уладзе пагражае пратэст абуранага народу. Лукашэнка ў гэтым сэнсе нічым не адрозьніваецца ад сваіх шматлікіх папярэднікаў.

Такія тэхналёгіі ў мінулым шмат разоў адпрацоўваліся рознымі рэжымамі. Найбольш сьвежы ў грамадзкай памяці сёньняшніх пакаленьняў сталінскі досьвед. Там стаўка рабілася галоўным чынам на татальнае зьнішчэньне рознага кшталту «ворагаў»: уцякаць за мяжу ўдавалася толькі на пачатку ўсталяваньня бальшавіцкай дыктатуры. Але і камуністычныя практыкі грунтаваліся не на пустым месцы: за імі стаяў багаты досьвед палітычных рэпрэсій царскага рэжыму — асабліва той, што быў напрацаваны пасьля вызвольных паўстаньняў ХІХ стагодзьдзя, якія закранулі многія пакаленьні беларусаў.

«Вялікая эміграцыя»

Першая масавая палітычная эміграцыя напаткала нашых продкаў пасьля вызвольнага паўстаньня 1830-1831 гадоў. Паўстаньне было задушана, пачаліся жорсткія рэпрэсіі. Аднак, што адметна, ужо 1 лістапада 1831 года імпэратар Мікалай І абвясьціў былым паўстанцам амністыю. Хоць тая першая амністыя была чымсьці накшталт Лукашэнкавага запрашэньня вяртацца «паўзком і на каленях». Многія паўстанцы, якія сумавалі па радзіме, паверылі абяцаньням і адважыліся вярнуцца. Лёс іх у бальшыні выпадкаў склаўся драматычна. Ніякага дараваньня ў рэальнасьці не было. Турма, ссылка ўглыб Расеі, мабілізацыя ў расейскую армію і наступная адпраўка на вайну на Каўказ — вось тыповы шлях былых паўстанцаў, якія тады вярнуліся. Пры гэтым, што адметна, жыхароў Беларусі, Літвы і Ўкраіны тая мікалаеўская «амністыя» ўвогуле не датычылася. Каля 90 тысяч сем’яў з гэтых земляў былі гвалтам выселеныя на ўсход імпэрыі.

Сьцяг паўстанцаў 1830 году
Сьцяг паўстанцаў 1830 году

Зьвесткі пра тое, што чакае «амніставаных», хутка дайшлі да палітуцекачоў, і вяртаньні фактычна спыніліся. Дзясяткі тысяч колішніх паўстанцаў і тых, хто дапамагаў ці спачуваў ім, шукалі прытулку пераважна ў Францыі, Англіі, Бэльгіі. (Суседнія Прусія і Аўстрыя фактычна дзейнічалі ў каардынацыі з царскімі ўладамі: пераконвалі ўцекачоў вяртацца на ласку цара, а калі просьбы не дапамагалі, дзейнічалі пагрозамі і гвалтам). Шляхта, афіцэры, палітыкі, пісьменьнікі, студэнты, увогуле пераважна інтэлігенцыя — радзіму пакідала самая адукаваная і прадпрымальная частка грамадзтва, падмурак яго будучыні. Радзімай многіх зь іх была Беларусь. Бадай, найбольш вядомыя імёны — пісьменьнік Адам Міцкевіч і навуковец Ігнат Дамейка.

Дажыць да вяртаньня

Першыя гады эміграцыі амаль усе яны жылі са штодзённымі думкамі і марамі пра хуткае вяртаньне на радзіму. Іхныя дзёньнікі, лісты, літаратурныя творы таго часу прасякнутыя гэтымі памкненьнямі. У тагачаснай Францыі, дзе большасьць зь іх уладкавалася, ва ўмовах свабоды друку квітнелі польская літаратура і польская палітычная журналістыка. Узьнікалі эмігранцкія арганізацыі, наладжвалася сувязь з тымі, хто на радзіме ва ўмовах таталітарнага прыгнёту і жорсткай цэнзуры спрабаваў працягваць барацьбу за незалежнасьць.

Вёска Парэчча Слонімскага раёна, крыж памяці памяці Міхала Валовіча і іншых паўстанцаў 1831-1833 гадоў. Архіўнае фота
Вёска Парэчча Слонімскага раёна, крыж памяці памяці Міхала Валовіча і іншых паўстанцаў 1831-1833 гадоў. Архіўнае фота

Як сьведчаць гісторыкі, найбольш актыўна гэта дзейнасьць вялася першыя дзесяць-пятнаццаць гадоў эміграцыі, у 1832–1846 гг. Але ішлі гады, мікалаеўскі рэжым у Расеі заставаўся па-ранейшаму жорсткім і трывалым, міжнародная сытуацыя ў Эўропе амаль не мянялася... Паступова ў эмігранцкім асяродку прыходзіла ўсьведамленьне, што на радзіму большасьць зь іх ня вернецца ніколі.

Амністыя — ужо сур’ёзная, сапраўдная — была абвешчана толькі 26 жніўня 1856 года, пасьля сьмерці Мікалая І, у дзень каранацыі Аляксандра ІІ. Новы імпэратар абвясьціў, што дазваляе вярнуцца ўсім былым паўстанцам, якія эмігравалі: яны вызваляліся ад суду, ім вярталі ўсе правы, а пасьля трох гадоў «беззаганных паводзін» нават дазвалялася паступаць на дзяржаўную службу...

Адам Міцкевіч
Адам Міцкевіч

Але з эміграцыі вярнуўся мала хто. Гэта проста тлумачылася — з часу паўстаньня мінула чвэрць стагодзьдзя. Тыя, хто змушана пакідаў радзіму ў 1831-м у сярэднім узросьце, на той час былі ўжо, паводле мерак ХІХ стагодзьдзя, даволі старымі людзьмі. Адам Міцкевіч не дажыў да царскага маніфэсту меней за год. У верасьні 1855 году, падчас Крымскай вайны, ён, апантаны ідэяй стварэньня польскіх легіёнаў, якія б узялі ўдзел у вайне на баку ворагаў Расеі і дамагліся вяртаньня незалежнасьці радзімы, выехаў з Парыжу ў Канстантынопаль (Стамбул). Там нечакана захварэў на халеру і хутка памёр. Убачыць родную Наваградчыну яму ўжо не было наканавана.

А вось Ігнат Дамейка радзіму яшчэ ўбачыў — у канцы жыцьця, у 80-гадовым узросьце, праз 50 гадоў пасьля паўстаньня. Пакланіўся бацькоўскім магілам, пасадзіў дубок у родным Крошыне. І, хоць яму тут больш нішто не пагражала, паміраць паехаў туды, дзе правёў большую частку жыцьця — у Чылі. Яшчэ пры жыцьці Міцкевіча (яны добра ведалі адзін аднаго і сябравалі) Дамейка пісаў свайму сябру з Сант’яга: «Натуральна, перарадзіцца я ніколі не змагу і спадзяюся на Бога, што я — ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах (Вільня) — усё роўна памру літвінам...»

Ігнат Дамейка
Ігнат Дамейка

Мала хто зь іх, ад’яжджаючы, уцякаючы ў 1830-я гады з радзімы, думаў, што разьвітаньне гэта — на многія дзесяцігодзьдзі, а для некаторых — і назаўсёды.... Павінна было мінуць яшчэ доўгіх 80 гадоў, перш чым мара іхнай маладосьці, незалежная Польшча, стала рэальнасьцю. Гэта суджана было ўбачыць ужо зусім іншым людзям, іншым пакаленьням... Некалькі дзесяцігодзьдзяў для гісторыі — імгненьне; для асобнага чалавека — цэлае жыцьцё.

Другая радзіма Валерыя Харламава, сына палітэмігранткі

Амністыя, якую абвясьціў у 1956 годзе сваім палітычным ворагам гішпанскі дыктатар Франсіска Франка, таксама была палавіністай і няпоўнай. На найбольш зацятых ворагаў дыктатуры зь ліку рэспубліканцаў, якія былі асабліва актыўнымі падчас Грамадзянскай вайны, яна не распаўсюджвалася. Тым ня менш тысячы грамадзян Гішпаніі, якія трапілі ў СССР пад канец 1930-х гадоў, ратуючыся ад дыктатарскага рэжыму ў сваёй краіне, атрымалі магчымасьць вярнуцца на радзіму. Як сьведчыць статыстыка, на працягу 1956 году ў Гішпанію з СССР выправіліся 1692 колішнія палітэмігранты, у 1957-м — яшчэ 250. Але найбольш цікава тое, што празь некаторы час (найчасьцей — усяго празь некалькі месяцаў) больш за палова іх вярнуліся назад у Савецкі Саюз. Чаму?

Франсіска Франка, 1930
Франсіска Франка, 1930

Выявілася, што той Гішпаніі, якую яны пакінулі 15-20 гадоў таму (многія яшчэ дзецьмі) больш не існавала. У СССР (пераважна ў Маскве) у іх заставаліся наладжаны побыт, сябры, праца. Тыя, хто маладзейшы, менавіта ў Савецкім Саюзе завялі сем’і (і далёка не заўсёды з гішпанцамі). Урэшце, пасьля сьмерці Сталіна ў СССР пачыналася палітычная адліга, жыцьцё выглядала параўнальна свабодным. У Гішпаніі ж былых палітэмігрантаў ніхто асабліва не чакаў. Кола колішніх сяброў і сваякоў звузілася альбо і ўвогуле зьнікла. Савецкія дыплёмы аб адукацыі гішпанскія ўлады не хацелі прызнаваць, патрабавалі іх пацьвярджэньня, а таму былі вялікія складанасьці з працаўладкаваньнем. Апроч таго, дыктатарскі рэжым Франка нікуды ня зьнік. Нягледзячы на амністыю, многія колішнія палітэмігранты тут жа трапілі ў поле зроку тайнай паліцыі. Некаторыя асабліва актыўныя, вярнуўшыся, апынуліся ў турме альбо былі высланыя праз абвінавачаньні ў «падрыўных дзеяньнях».

Валерый Харламаў
Валерый Харламаў

Сярод тых, хто тады, у 1956-м, паехаўшы ў Гішпанію, вярнуўся назад, быў хлопчык, імя якога пазьней стане вядомым кожнаму ў Савецкім Саюзе. Размова пра Валерыя Харламава, зорку савецкага хакею 70-х — пачатку 80-х гадоў. Ягоная маці — Кармэн Арывэ-Абад, у 1937 годзе дзяўчынкай была вывезена ў СССР з ахопленай грамадзянскай вайной Гішпаніі. У 1956-м разам зь іншымі палітэмігрантамі на некаторы час вярнулася зь дзецьмі на радзіму. Маленькі Валерый Харламаў нават пасьпеў павучыцца некалькі месяцаў у гішпанскай школе ў Більбао (гэта поўнач Гішпаніі, Краіна Баскаў). Але надоўга там яны не затрымаліся: савецкая гішпанка Кармэн Арывэ-Абад у краіне свайго маленства не прыжылася і вярнулася ў Маскву, прыцягненьне якой, як выявілася, было ўжо значна большым, чым прыцягненьне колішняй радзімы.

Вялікая ілюзія дыктатараў

Вялікая ілюзія, нібы, выціснуўшы палітычных апанэнтаў за мяжу, можна застацца ў атачэньні толькі паслухмяных і запалоханых, якімі зручна кіраваць як табе заўгодна. На што ўжо прадуманую сэлекцыю ў свой час праводзіў савецкі рэжым. На працягу многіх дзесяцігодзьдзяў спачатку зьнішчаў усіх нязгодных, потым карпатліва, у шчыльна ізаляванай ад вонкавых уплываў краіне ўзгадоўваў новыя пакаленьні — у дыстыляванай атмасфэры адданасьці ідэям марксізму-ленінізму. І ўсё роўна нічога не атрымалася. Здаецца, усе ворагі былі калі ня вынішчаныя, то выціснутыя на Захад. Але на іхным месцы зьяўляліся новыя — падрасталі, гадаваліся на невядома як здабытых забароненых кнігах і радыёпраграмах «варожых галасоў».

Лукашэнка ў гэтай справе не прыдумаў нічога новага — ён спрабуе выкарыстоўваць усе тыя знаёмыя яму зь дзяцінства і юнацтва савецкія практыкі. Хоць у сёньняшніх умовах яны выглядаюць архаічна, а часта і недарэчна. І ніякага дыстыляванага і паслухмянага грамадзтва стварыць не ўдаецца і ня ўдасца. Імкненьне да свабоды прабіваецца, як трава скрозь асфальт.

Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021 году
Акцыя салідарнасьці зь Беларусьсю, Варшава, 8 жніўня 2021 году

Лукашэнку варта асьцерагацца не палітэмігрантаў. Іх ён, па сутнасьці, выкарчаваў, выгнаў, ізаляваў. Міне яшчэ некалькі гадоў — і амаль ніхто зь іх у Беларусь ня вернецца (прынамсі, каб жыць там пастаянна). Ягоныя патэнцыйныя магільшчыкі і найбольшая небясьпека для ягонай аднаасобнай улады — тыя, хто побач, хто застаецца ў Беларусі. Якіх ён гвалтам заганяе ў піянэры і «лукамольцы», на праўладныя мітынгі і шэсьці, на прымусовыя суботнікі. А да ўсяго гэтага яшчэ хоча, нібы на вечнае пасяленьне, прымусова пасылаць на доўгія гады на адпрацоўку ў свае паўразваленыя калгасы на мізэрныя заробкі.

Адпомсьціць адным і запалохаць другіх, каб засьцерагчыся ад новых узрушэньняў — у гэтым нічога істотна не зьмянілася. Аднак у ХІХ стагодзьдзі царскі рэжым параўнальна лёгка спраўляўся са спадарожнымі выклікамі. Дэмаграфічнай праблемы ў вялізнай, пераважна сялянскай імпэрыі не існавала: 8-10 дзяцей у сям’і прыгоннага жыхара вёскі лічыліся нормай. А ссылка маладых адукаваных людзей з захаду імпэрыі ў аддаленыя раёны Сібіру і Далёкага Ўсходу толькі спрыяла імпэрскай дэмаграфічнай палітыцы: засяленьне бязьлюдных прастораў на ўсходзе славянскім насельніцтвам лічылася адной са стратэгічных задач. У Лукашэнкі няма ні сваіх прыгонных зь іхнай звышнараджальнасьцю, ні свайго далёкага Сібіру. Уцёкі за межы краіны некалькі соцень тысяч маладых кваліфікаваных асобаў разам зь сем’ямі для такой невялікай краіны зь неспрыяльнай дэмаграфіяй — вялізная і адчувальная праблема.

«Разьбярыцеся, дзе гэтыя людзі»

«Разьбярыцеся, прынцыпова разьбярыцеся, дзе гэтыя людзі!» — раззлавана патрабаваў Лукашэнка ад падначаленых падчас нядаўняй нарады, гаворачы пра тое, што з калгасаў адразу ж пасьля разьмеркаваньня ўцякае каля паловы маладых спэцыялістаў, а куды яны зьнікаюць, ніхто ня ведае.

І размова ня толькі пра вёску. Тое, што пасьля 2020 году ў Беларусі рэзка абвастрылася праблема кваліфікаваных кадраў у многіх галінах (найперш у мэдыцыне і адукацыі), відавочна для ўсіх, хто жыве ў сёньняшняй Беларусі. Ужо насьпявае і кардынальнае рашэньне праблемы: Лукашэнка бачыць выйсьце ў падаўжэньні тэрмінаў абавязковай адпрацоўкі маладых спэцыялістаў, якія толькі што скончылі ВНУ, да пяці і нават да сямі гадоў. Прычым абавязковую адпрацоўку мяркуецца распаўсюдзіць і на тых, хто вучыцца платна. Гэткі сучасны варыянт прыгоннага права. Прапагандыстам Лукашэнка даручыў «ужо зараз акуратна інфармаваць насельніцтва пра гэта».

Ці дапаможа «акуратнае інфармаваньне»? Альбо давядзецца яшчэ і абмяжоўваць выезд за мяжу патэнцыйных абітурыентаў і прызыўнікоў, каб было кім запаўняць студэнцкія аўдыторыі і армейскія казармы? Гэта для Лукашэнкі — пытаньні ўжо самай блізкай будучыні. І ня толькі для Лукашэнкі, але і для самога беларускага грамадзтва, якому ўжо сёньня даводзіцца жыць ва ўмовах татальных забаронаў і абмежаваньняў.

А тым часам, як сьведчаць вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня польскага Цэнтру Мерашэўскага, палова беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу, ня хочуць вяртацца назад у Беларусь. А чвэрць не плянуе вяртацца ніколі. І гэта ўсяго праз тры гады пасьля падзеяў 2020 году. А што ж будзе далей?..

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG