Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы». Гісторыя беларускі, якая ад каханьня села за стырно фуры


Ксенія і Яраслаў Максімовічы, архіўнае фота
Ксенія і Яраслаў Максімовічы, архіўнае фота

Ксенія Максімовіч расказала Свабодзе, як працуе з мужам у сямейным экіпажы, езьдзіць па ўсёй Эўропе і здымае відэа пра свае прыгоды і жыцьцё эмігранткі ў TikTok.

Ксенія Максімовіч у Беларусі працавала бухгальтаркай-лягісткай, яе муж — кіроўцам фуры. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, падчас рэфэрэндуму 27 лютага Ксенія і Яраслаў разам выйшлі на пратэст супраць вайны ў Менску. Сям’ю затрымалі і адправілі на Акрэсьціна на 13 дзён. Калі сужэнцы вызваліліся, то зразумелі, што заставацца ў Беларусі будзе небясьпечна. Асабліва калі ўлічыць, што яны шмат разоў выходзілі на маршы пратэсту яшчэ ў 2020-м.

«Паколькі муж працаваў дальнабойнікам, у яго быў літоўскі дазвол на жыхарства. І праз пару тыдняў, як нас вызвалілі, ён паехаў на працу і больш ужо не вяртаўся. У нас узьнікла такая ідэя, што, пакуль мяне ніхто не чапае ў Беларусі, я магу хуценька перавучыцца, атрымаць катэгорыі С і Е, каб пайсьці з мужам у пару працаваць», — расказвае Ксенія Максімовіч.

Ксенія і Яраслаў Максімовічы
Ксенія і Яраслаў Максімовічы

Жанчына ня бачылася з мужам амаль паўгода, але, як толькі здала экзамэны па кіраваньні, выехала ў Беласток, адкуль сям’я пераехала ў Варшаву.

«У нас былі фінансавыя накладкі, а трэба было атрымаць „код 95“ (сэртыфікат, які дае права працаваць на машыне ў Эўропе. — РС), які каштаваў добрых грошай. На яго пайшло каля 1000 эўра. І вось дзесьці тры з паловай месяцы я зноў была адна, і гэта было самым цяжкім часам, бо ты тут наагул нікога ня знаеш. Жывеш адна. Культура, праўда, падобная, але ўсё адно гэта ўсё іншае. Шмат плакала, цяжка ўсё давалася».

Некалькі месяцаў у Польшчы Ксенія працавала на складзе па 12 гадзін на дзень.

«Ня ведаю, як там муж мой трымаўся ў дарозе, бо я кожны вечар ішла з працы, тэлефанавала яму і плакала. Проста я прывыкла працаваць у прыгожых сукенках, на абцасах. А тут трэба працаваць на халодным складзе, у спартовых касьцюмах, рабіць нейкую дурную працу. І я кожны вечар ішла дадому і думала: няўжо я для гэтага атрымала адукацыю, каб стаяць скрынкі фасаваць? Гэта было для мяне вельмі цяжка эмацыйна, бо фізычна я неяк адаптавалася. Хаця шмат трэба было на нагах стаяць і холадна было».

У красавіку старонку Ксеніі ў TikTok, дзе яна апавядала пра Беларусь, прызналі экстрэмісцкай. Пару тыдняў таму бацькоў Яраслава выклікалі ў Сьледчы камітэт, дзе паведамілі, што на Ксенію завялі крымінальную справу. Пасьля гэтага сужэнцы ўжо дакладна вырашылі заставацца за мяжой.

Ксенія Максімовіч
Ксенія Максімовіч

«Рукі і плечы мне балелі вельмі доўга»

Ксенія ўжо пяць тыдняў працуе стажоркай у сямейным экіпажы са сваім мужам Яраславам.

«У Беларусі, калі вучысься на Е катэгорыю, ты кіруеш звычайнай „Газэльлю“ з прычэпам, і прычэп цалкам адкрыты, ты ўсё бачыш. І кіраваньне на той машыне і на фуры — гэта розныя абсалютна рэчы. Сам сэнс ты разумееш, але гэта іншая машына, яна большая і цяжэйшая».

Свой шлях кіраваньня фурай Ксенія распачала ў Францыі на невялікіх дарогах мясцовага значэньня.

«Яны маленькія, але там трафіку было зусім ня шмат. Я ўчапілася за стырно, праехала, можа, гадзінкі паўтары, але рукі і плечы мне яшчэ балелі вельмі доўга, каменныя былі цягліцы, — сьмяецца, прыгадваючы, Ксенія. — Я баялася паглядзець у люстэрка, збоку дзе-небудзь. Мне здавалася, страчу машыну. Думала: усё, гэта не маё і мы дарма прыдумалі, грошы патрацілі і час».

Ксенія кажа, што першы час за стырном яе перасьледавала боязь, што яна кагосьці заб’е на гэтай машыне.

«Мы неяк пад’яжджалі да кругавога скрыжаваньня, і мне здавалася, мы ляцім на гэтае кола і я разаб’ю машыну. А муж сказаў, што мы тады ўсяго кілямэтры два ў гадзіну ехалі. Цяпер пачынае адпускаць і ўжо здаецца не такой вялікай машына. Агляд большы, яна манэўраная і тармозіць добра, і не такія ўжо вузкія дарогі. Мне здавалася, што, працуючы бухгальтарам, ты маеш такую вялікую адказнасьць. Але там можна ўсё выправіць пасьля, а тут трэба зрэагаваць у гэтую ж сэкунду. Часта бачыш здарэньні, фуры ў кювэце, і гэта цябе эмацыйна ўзрушвае. Каб ты разумеў, што трэба ніколі не адрываць сваю ўвагу, і калі ты стаміўся, то адразу пра гэта варта сказаць».

Яраслаў Максімовіч
Яраслаў Максімовіч

Ксенія дадае, што ейны муж добры настаўнік на дарозе. Спакойна тлумачыць усе нюансы кіраваньня, нават калі Ксенія разумее, што ня вельмі добра спраўляецца. Дальнабойніца дадае, што ёй вельмі падабаецца такая праца за магчымасьць быць побач з мужам.

«Падоўгу ня бачыць мужа — гэта вельмі цяжка. За 2022 год мы бачылі адно аднога толькі 38 дзён. І вось мы цяпер побач кожны дзень, але мне ўсё адно не хапае майго мужа. Нават калі ён сьпіць, я сумую. Бо так доўга мы ня бачыліся, што цяпер мне б той час дабраць. Мы столькі былі ў расстаньні, і толькі цяпер пачынаю насалоджвацца тым, што ён побач. Так што ў мяне добрая падтрымка, таму я і вучуся хутка».

«Я нават бачыла, як дальнабойнікі ў кабіне варэньне варылі»

Ксенія расказвае, што іх з мужам працоўны дзень пачынаецца са звычайнага сьняданку, калі загрузка адбываецца не а 6 раніцы, а каля 10-й гадзіны. Ежу гатуюць на турыстычнай плітцы.

«Выносім яе на вуліцу. Стараюся гатаваць нам кашу з джэмам, напрыклад. Што-небудзь, каб было карысна для страўніка. Бутэрброды лёгкія і каву з малаком. У гэты час муж вырашае нейкія пытаньні з дакумэнтамі», — расказвае беларуска.

За прыгатаваньне ежы адказвае Ксенія, а Яраслаў плянуе, у якую краму заехаць, купляе прадукты. Таксама робіць цяжкую працу, накшталт набраць вады ў каністру і іншае, кажа дальнабойніца.

«Прыбіраемся ўдваіх. Напрыклад, на гэтых выходных я нешта ўнутры кабіны мыла, муж пайшоў шыбу памыў, кабіну збоку працёр, прыступкі. У нас неяк само сабой усё вырашаецца. Кожную нядзелю муж у нас адказны за грыль: мы купляем аднаразовыя формы для яго, муж заўжды смажыць стэйкі і сыр, я наразаю гародніну ці садавіну. І мы тут зь якім-небудзь ліманадам ці нечым смачненькім усё зьядаем», — дзеліцца Ксенія.

Па яе словах, нават у дарозе можна прыгатаваць што заўгодна. Сужэнцы купілі для гэтага мультыварку. Яны нават бачылі, як дальнабойнікі ў кабіне варылі варэньне.

Таксама Ксенія ўспамінае, як упершыню пабачыла фуру знутры і зразумела, што тут трэба жыць.

«Я ледзь ня плакала, калі глядзела на нашыя торбы каля машыны. Мне ж трэба было ўсё: я брала з сабой 5 ці 6 пар абутку, куртку, якую ніводнага разу не апранула, бо тут амаль заўжды каля 35 градусаў цяпла. Некалькі сукенак набрала сабе. Яшчэ я вельмі люблю чытаць, таму ўзяла кніжак — і цяпер тут у нас маленькая бібліятэка ёсьць».

Ксенія і Яраслаў Максімовічы
Ксенія і Яраслаў Максімовічы

«Мне здаецца, мы ўжо 20 гадоў разам»

Ксенія кажа, што яны з мужам ніколі не сварыліся. У ліпені будзе 2 гады, як Яраслаў і Ксенія пазнаёміліся. І ў гэтым паўдзельнічала Маргарыта Ляўчук.

«Да нашага знаёмства мы з мужам ніяк не маглі знайсьці сабе пары. Ён неяк быў на канцэрце Ляўчук, і сьпявачка расказвала, што пазнаёмілася зь нейкім хлопцам праз Tinder. Яраслаў адразу там зарэгістраваўся, і ў гэты ж дзень ці на наступны яму трапіла маё фота. А да гэтага я ўжо адзначыла, што ён мне падабаецца. Пасьля першай сустрэчы мы не правялі ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы».

На адной зь першых сустрэч высьветлілася, што Яраслаў і Ксенія ў дзяцінстве жылі ў адным раёне.

«Паміж нашымі дамамі было прыкладна два кілямэтры, проста мы адно аднаго ня зналі, але хадзілі на адны і тыя ж дыскатэкі, у тыя ж кавярні. Нам заўжды ёсьць пра што пагаварыць, ёсьць што ўспомніць. Яшчэ важна, што мы на адным палітычным баку, у нас аднолькавыя погляды. А некаторыя кажуць, што мы яшчэ і падобныя адно на аднаго. Можа, гэта таксама нам дапамагае неяк», — прызнаецца Ксенія.

«Бывае, я магу на мужа набурчаць у нейкай стрэсавай сытуацыі, бо я хвалююся, псыхую, магу пакрыўдзіцца. А муж перавядзе гэта ў такія жарты, што вось як бы ні стрымлівалася, я пачынаю сьмяяцца, а потым злаваць ужо не магу. Мне пашанцавала з мужам, і я яго вельмі доўга шукала. Мы ня так даўно пазнаёміліся, а мне здаецца, быццам мы гадоў 20 разам. Столькі было падзей. І такое дынамічнае жыцьцё, што ў нас няма часу спрачацца і ня хочацца».

«Ды мы на вас данос напішам»

Цяпер Ксенія вядзе блог у TikTok, у якім апавядае пра жыцьцё і працу. Жанчына прызнаецца, што ў ім з нэгатывам сутыкалася толькі аднойчы.

«Быў камэнтар пра тое, што я жонка дальнабойніка, ня вельмі ў зграбнай форме было сказана. Што „выбіраеце сабе такое нешчасьлівае жыцьцё, сядзіце, як квахтухі, і чакаеце сваіх мужчын. Нейкая дурная праца“. Але нэгатыў ёсьць заўжды, таму я спакойна на яго рэагую. У мяне адкрытыя ўсе камэнтары і рабіць можна на маёй старонцы ўвогуле ўсё, што не забаронена TikTok. Я проста не рэагую на хэйт цяпер».

Падчас вядзеньня сваёй першай старонкі ў TikTok, прысьвечанай жыцьцю ў Беларусі, Ксенія сутыкалася з хэйтам пастаянна.

«Гэта быў хэйт ад ябацек: „Ды мы на вас данос напішам“. І пісалі, я бачыла, скідвалі мае фатаздымкі розныя. Я спачатку спрабавала гэтым людзям нешта казаць, а потым зразумела, што ім гэта не патрэбна і, хутчэй за ўсё, гэта людзі, якія сілкуюцца нашымі адмоўнымі эмоцыямі, і я не хачу іх падкормліваць».

«У мяне столькі плянаў, колькі ў 25 не было»

Ксенія зараз плянуе працягваць апавядаць пра сваё жыцьцё і супольную з мужам працу за стырном цяжкага грузавіка.

«У блогу мне хацелася б данесьці сваю гісторыю. Што нават калі табе амаль сорак, можна цалкам зьмяніць сваё жыцьцё. Бо да гэтага я сядзела вельмі сумная, працавала бухгальтаркай і мне наогул здавалася, што я пражыла жыцьцё дарма. А потым я сустрэла свайго мужа, пераехала ў іншую краіну, зьмяніла прафэсію на такую незвычайную для жанчыны і пляную яе зьмяніць яшчэ раз. Хачу нарадзіць дзіця. Наагул у мяне столькі плянаў, колькі ў 25 не было».

Ксенія Максімовіч
Ксенія Максімовіч

Ксенія перакананая, што варта спрабаваць ісьці наперад, нават калі штосьці не атрымалася зь першага разу.

«Я раней глядзела на такіх жа самых людзей, і мне здавалася, што гэта нейкія нерэальныя людзі, гэтыя эмігранты — нейкія іншаплянэтнікі. А цяпер я сама гэты эмігрант і аказваецца, гэта ўсё магчыма. І я калі гляджу на гэта, разумею, што было цяжка, але было яшчэ і цікава. З такой працай можна яшчэ вандраваць па выходных, глядзець на розныя гарады, наагул хутка ўвесь сьвет пабачым».

Яраслаў і Ксенія плянуюць некалькі гадоў працаваць у дальнабойнікамі, бо гэта добрая магчымасьць за кароткі час зарабіць грошы, тлумачыць Ксенія.

«Для мяне будзем купляць ноўтбук неўзабаве, буду атрымліваць новую адукацыю, перавучвацца. Каб нам неяк ужо зазямляцца. Я адчуваю зараз, што для мужа наагул мара дальнабойніка зьдзейсьнілася — жонка працуе побач».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG