Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Беларусі не ўяўляе, каб беларуская армія ўступіла разам з расейскай у вайну супраць Украіны

абноўлена

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік, архіўнае фота
Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік, архіўнае фота

Сяргей Алейнік падкрэсьліў, што Беларусь заўсёды выступала за мір у суседняй краіне і будзе працягваць «рабіць усё, што ў нашых сілах» для яго дасягненьня.

Міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік заявіў, што ня можа ўявіць сытуацыі, калі Беларусь разам з расейскімі войскамі ўступіць у вайну супраць Украіны.

У інтэрвію Associated Press Сяргей Алейнік сказаў, што ня лічыць, што ўкраінцы хочуць ці маюць патрэбу ў «гэтай зьнясільвальнай вайне», і падкрэсьліў, што Беларусь заўсёды выступала за мір у суседняй краіне і будзе працягваць «рабіць усё, што ў нашых сілах» для яго дасягненьня.

Міністар замежных спраў Беларусі таксама заявіў, што ня можа ўявіць сабе сытуацыі, калі Расея аддасьць Беларусі загад прымяніць нядаўна разьмешчаную тактычную ядзерную зброю. «Я ня бачу такога варыянту, таму што гэта найперш інструмэнт абароны», – сказаў ён.

Але ў выпадку ўварваньня ў Беларусь «не выключаю ніякіх інструмэнтаў, якія будуць выкарыстаны для абароны сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай краіны», — сказаў Сяргей Алейнік.

У сваім выступе на Генасамблеі ААН Сяргей Алейнік коратка згадаў пра вайну ва Ўкраіне. Ён сказаў, што «вельмі балюча глядзець», як украінцы, такія блізкія беларусам, пакутуюць цягам паўтара года.

Пра Расею

Міністар замежных спраў Беларусі падкрэсьліў, што супраца з Расеяй у рамках «саюзнай дзяржавы» ахоплівае практычна ўсе сфэры. Паводле яго, Беларусь будуе тэхналягічную супрацу з Масквой, каб супрацьстаяць заходнім санкцыям і зрабіць краіну самадастатковай у вытворчасьці прадукцыі, якая раней імпартавалася з заходніх краін.

Пра Літву

Сяргей Алейнік раскрытыкаваў Літву, марскія парты якой Беларусь выкарыстоўвала для пастаўкі калійных угнаеньняў, за блякаваньне транзыту празь літоўскую тэрыторыю. Ён заявіў, што неаднаразова падымаў гэтае пытаньне ў часе свайго візыту на Генэральную асамблею ААН, у тым ліку з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам.

«Літва проста ў аднабаковым парадку ўвяла забарону на транзыт нашых угнаеньняў», — сказаў ён.

Паводле яго, цяпер Беларусь пастаўляе ўгнаеньні з расейскіх партоў і адпраўляе прадукцыю ў Кітай па чыгунцы, але «гэтыя пастаўкі значна даражэйшыя».

Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.

У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.

Праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам агрэсіі Расеі супраць Украіны датычна да Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG