Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія гатовая цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю ў выпадку эскаляцыі мігранцкага крызісу


Мігранты спрабуюць незаконна перасячы мяжу з Латвіяй, 6 жніўня 2023
Мігранты спрабуюць незаконна перасячы мяжу з Латвіяй, 6 жніўня 2023

У Літве ўжо некалькі дзён не фіксуюць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, і яна накіравала 20 сваіх памежнікаў на дапамогу калегам у Латвіі для аховы мяжы зь Беларусьсю.

У выпадку значнага павелічэньня спроб незаконнага перасячэньня мяжы Латвія гатова цалкам закрыць мяжу зь Беларусьсю. Пра гэта заявіў латвійскі прэзыдэнт Эдгарc Рынкевічс падчас сустрэчы зь міністрам абароны Нямеччыны Борысам Пісторыюсам у Рызе 26 верасьня, паведамляе сайт кіраўніка Латвіі.

На мяжы зь Беларусьсю ў Латвіі і Польшчы затрымалі 217 грамадзян краін Блізкага Ўсходу пры спробе незаконна трапіць на тэрыторыю эўрапейскіх дзяржаў.

Цяпер найбольш мігрантаў «атакуюць» мяжу з Латвіяй. Як паведаміла Дзяржаўная памежная ахова Латвіі, 25 верасьня незаконна перасячы мяжу Латвіі з боку Беларусі спрабавалі 164 чалавекі.

Паводле польскай Памежнай службы, з боку Беларусі спрабавалі прарвацца 53 грамадзяніны Іраку, Афганістану і Сырыі. У тым ліку чатыры асобы павярнулі назад у Беларусь, калі пабачылі польскі патруль. Польская памежная служба паведаміла, што мігранты паводзілі сябе агрэсіўна і закідвалі іхны патруль камянямі.

У Літве ўжо некалькі дзён не фіксуюць спробаў незаконнага перасячэньня мяжы.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што 26 верасьня ў Латвію на дапамогу ў ахове праблемных участкаў на мяжы зь Беларусьсю накіроўваецца новая група з 20 літоўскіх памежнікаў, у тым ліку 6 кінолягаў з сабакамі. Яны заменяць 17 літоўцаў, якія там працавалі апошнія два тыдні.

У літоўскім памежным ведамстве адзначылі, што «Латвія знаходзіцца пад моцным ціскам нелегальнай міграцыі, арганізаванай Беларусьсю».

«З гэтай краінай Латвія мае мяжу ў 4 разы карацейшую, чым Літва зь Беларусьсю (173 і 679 кілямэтраў адпаведна). Сёлета ў Латвію прыехалі ў паўтара раза больш нелегальных мігрантаў, чым у Літву, — 9429 і 1711 адпаведна», — адзначаецца ў паведамленьні Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

19 верасьня стала вядома, што ўрад Латвіі прыняў рашэньне закрыць адзін з двух пунктаў пропуску на беларускай мяжы (Ўрбаны — Сілэнэ). Ён спыніў працу з 20:00 19 верасьня на няпэўны тэрмін. Такім чынам, на мяжы Беларусі і Латвіі застаецца адкрытым адзін памежны пераход: Патэрніекі — Грыгораўшчына.

Раней краіны Балтыі і Польшча правялі сустрэчу на міністэрскім узроўні, дзе абмяркоўвалі мэханізм закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў выпадку патрэбы.

18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.

З Польшчай для легкавых аўтамабіляў дзейнічае толькі пераход у Тарэспалі (Берасьце).

Мігранцкі крызіс — 2021. Асноўнае

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Найперш вялікія патокі мігрантаў накіраваліся ў Літву, па стане на верасень — звыш 4,2 тысячы чалавек з краінаў Азіі і Афрыкі. Затым напружаньне на сваіх межах адчулі Латвія і Польшча.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча пачалі будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю.
  • Урады Літвы, а затым Латвіі і Польшчы, улетку 2021-га зрабілі істотна больш строгім заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў памежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў. Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу.
  • У Літве ў лягерах для ўцекачоў мігранты неаднаразова ладзілі бунты і намагаліся зьбегчы.
  • Улады Польшчы зь верасьня распачалі затрыманьні і дэпартацыі людзей, якія дапамагаюць мігрантам нелегальна перасякаць мяжу. Сярод іх як грамадзяне Польшчы, так і грамадзяне Беларусі, краінаў Азіі, у тым ліку некаторыя асобы, што маюць від на жыхарства ў краінах Эўразьвязу.
  • Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • Прэс-сакратар каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын 27 верасьня заявіў, што 20% затрыманых мігрантаў маюць сувязі з Расеяй, пра што сьведчаць знойдзеныя доказы. Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Мар’юш Каміньскі сказаў, што беларускія памежнікі даюць мігрантам псыхатропныя сродкі, у тым ліку дзецям.
  • 30 верасьня ПАРЭ катэгарычна асудзіла практыку вяртаньня мігрантаў «у трэцюю краіну, дзе ім ня можа быць гарантавана міжнародная абарона», і нагадала Латвіі, Літве і Польшчы пра забарону на калектыўную высылку іншаземцаў.
  • 8 кастрычніка Варшава заявіла, што трактуе паводзіны беларускага боку як «агрэсіўныя дзеяньні супраць Польшчы». Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • На межах Беларусі з Польшчай і Літвой ад пачатку міграцыйнага крызісу загінулі сама меней 9 чалавек.
  • 8 лістапада раніцай на мяжы зь беларускага боку заўважылі буйную калёну зь некалькіх сотняў мігрантаў, якія рушылі ў суправаджэньні ўзброеных сілавікоў да калючага дроту на мяжы з Польшчай, намагаючыся перасекчы мяжу. Паводле розных ацэнак, іх колькасьць была ад 2 да 4 тысяч чалавек. Многія атрымалі візы ў беларускім дыпляматычным прадстаўніцтве ў Анкары, турэцкія авіякампаніі ўдзельнічаюць у перакіданьні мігрантаў у Беларусь.
  • У наступныя дні мігранты пры спрыяньні беларускіх сілавікоў сталі лягерам на памежнай паласе. Курд з Іраку Рэбаз Наджм Хама Саід сказаў Свабодзе, што беларуская міліцыя дапамагае высякаць дрэвы для вогнішчаў на беларускай жа тэрыторыі. Некаторым групам удалося прарвацца на польскую тэрыторыю, але вайскоўцы затрымалі ўсіх парушальнікаў.
  • 10 лістапада эўрадэпутат Радаслаў Сікорскі заявіў, што крызіс на мяжы ініцыяваны пры падтрымцы Масквы, а Лукашэнку трэба прызнаць тэрарыстам і выдаць Міжнароднаму трыбуналу. Шэраг іншых эўрапейскіх палітыкаў таксама выказалі ўпэўненасьць, што Пуцін з дапамогай Лукашэнкі расхіствае Эўропу, пачуліся заклікі да ЭЗ дзейнічаць актыўна, а не чакаць.
  • 11 лістапада ў паветранай прасторы Беларусі пачалі патруляваць межы расейскія бамбавікі Ту-22М3. Яны належаць паветрана-касьмічным сілам Расеі.
  • 11 лістапада Фэдэральная паліцыя Нямеччыны заявіла, што толькі за першыя дні лістапада ў краіну трапілі больш за тысячу мігрантаў, якія выкарысталі Беларусь як краіну транзыту.
  • Са жніўня польскія памежнікі спынілі больш за 33 тысячы спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі, летась іх было 88.
  • 15 лістапада больш за 3 тысячы мігрантаў сабраліся на беларускім памежным пераходзе «Брузгі» перад лініяй польскай мяжы, умацаванай часовымі загародамі і шарэнгай польскіх вайскоўцаў.
  • Па словах прэс-сакратара Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, у Беларусі агулам каля 7 тысяч мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у Нямеччыну.
  • 22 лістапада ў Бэрліне адмовіліся прымаць каля 2 тысяч чалавк з Блізкага Ўсходу, якія прыбылі ў Беларусь пасьля арганізацыі рэжымам Лукашэнкі мігранцкага крызісу.
  • 25 лістапада мігранты правялі акцыю пратэсту на памежжы, заяўляючы, што ня хочуць вяртацца назад у свае краіны.
  • На больш чым дзесяці эвакуацыйных рэйсах у Ірак і Сырыю ў лістападзе-сьнежні Беларусь пакінулі каля 4,5 тысяч мігрантаў.
  • На пачатку 2022 году сталі вядомыя тэрміны пабудовы агароджаў на мяжы зь Беларусьсю. Польшча адзначыла, што агароджу дабудуюць да канца чэрвеня, а Літва, што да восені.
  • За 2023 год памежнікі суседніх зь Беларусьсю краін Эўразьвязу спынілі 42 тысячы спробаў нелегальнага пранікненьня на сваю тэрыторыю, што на траціну больш за 2022 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG