Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Беларусі ў ААН казаў пра «дыялёг па бясьпецы» ад Лукашэнкі, пашырэньне сябраў членаў Рады бясьпекі, асуджаў санкцыі


Выступ Сяргея Алейніка.
Выступ Сяргея Алейніка.

У сваёй прамове на Генасамблеіі ААН кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Алейнік гаварыў пра неабходнасьць спыненьня «палітыкі астракізму ў ААН», паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі, публікуючы прамову міністра.

Аналіз прамовы пазьней на нашым сайце.

Падаём некаторыя тэзісы выступу Алейніка:

  • Украіна і яе народ сталі разьменнай манэтай у «вялікай гульні» Захаду за захаваньне сваёй глябальнай гегемоніі. Відавочна, што, нарошчваючы пастаўкі ўзбраеньняў у гэтую краіну, Захад настроены на «працяг вайны да апошняга ўкраінца». Але, ці хоча гэтага Ўкраіна? Ці патрэбная ўкраінцам вайна на зьнясіленьне? Перакананы, што — не! Беларусь, са свайго боку, заўсёды выступала за мір у суседняй краіне і прымала для гэтага ўсе магчымыя меры. Як адзначае прэзыдэнт Беларусі, мы і зараз гатовы зрабіць усё, што ад нас залежыць. (Зь першага дня поўнамаштабнай вайны на ўкраінскую тэрыторыю ўрываліся ў тым ліку тыя расейскія войскі і ляцелі тыя ракеты, што былі дыслякаваныя ў Беларусі — са згоды кіраўніцтва краіны. Менск надаў РФ усю неабходную для ажыцьцяўленьня агрэсіі транспартную і вайсковую інфраструктуру, у Беларусі лячыліся і навучаліся расейскія вайскоўцы. — РС)
  • Сытуацыя ў глябальнай палітыцы толькі пагаршаецца. Гэтая тэндэнцыя нэгатыўна адбіваецца і на ўсіх іншых сфэрах міжнародных адносін. А якая роля Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у гэтых працэсах? Быць толькі трыбунай для дыскусіі? Многія бачаць менавіта ў гэтым яе ролю. Таму нядзіўна, што на адрас Арганізацыі часта гучаць абвінавачаньні за бязьдзейнасьць і няздольнасьць спыніць нарастаючы глябальны хаос, спыніць трохмерны крызіс у галіне бясьпекі, харчаваньня, энэргетыкі, які ўжо ахапіў увесь сьвет!
  • Неабходна спыніць палітыку астракізму ў ААН. Гэтая практыка супярэчыць самой сутнасьці Арганізацыі! Бо па Статуце ААН усе яе сябры роўныя! Давайце паважліва і раўнапраўна ставіцца сябар да сябра! Ніхто не павінен апускацца да абраз і непаважлівай лексыкі, напрыклад, выкарыстаньня слова «рэжым» у дачыненьні да законных уладаў дзяржаў-членаў.
  • Давайце зыходзіць з таго, што ў сьвеце дастаткова харчаваньня для ўсіх. У той жа час, мільёны людзей на плянэце галадаюць. Гэтая «супярэчнасьць» зьяўляецца вынікам аднабаковых незаконных санкцый, якія заходнія дзяржавы ўводзяць у парушэньне Статута ААН супраць непажаданых ім краін або ў мэтах атрыманьня пераваг у канкурэнтнай эканамічнай барацьбе. Санкцыі, у сваю чаргу, абмяжоўваюць магчымасьці па экспарту ўгнаеньняў, прадуктаў харчаваньня ў дзяржавы, якія сталі на шлях разьвіцьця, якія больш за ўсё маюць у іх патрэбу.( У 2021 годзе ЭЗ, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць «Беларуськалію». У студзені 2022 году нарвэскі пастаўнік калію Yara — адзін з найбуйнейшых у Эўропе пакупнікоў беларускіх угнаеньняў — абвясьціў аб спыненьні супрацы з «Беларуськаліем» з прычыны ўплыву заходніх санкцыяў. 1 лютага таго ж году спыніўся экспарт калійных угнаеньняў празь літоўскі порт у Клайпедзе —РС).
  • Рада бясьпекі ААН не адлюстроўвае сёньняшнія геапалітычныя рэаліі. Тры з яго пяці пастаянных членаў зьяўляюцца прадстаўнікамі Захаду. Яны не зацікаўлены ў зьмене статус-кво ў сьвеце. Як сьледзтва, Рада не выконвае свае функцыі па падтрыманьні міжнароднага міру і бясьпекі. Толькі больш прадстаўнічы і дэмакратычны орган зладзіцца з гэтай задачай. (Рада бясьпекі ААН — сталы дзейны орган ААН, на які ўскладзена галоўная адказнасьць за падтрыманьне міжнароднага міру і бясьпекі. У склад Рады ўваходзяць 15 дзяржаў-членаў — 5 сталых і 10 нясталых, якія выбіраюцца на двухгадовы тэрмін па 5 кожны год. Сталымі сябрамі Рады бясьпекі ААН, якія маюць права вета, зьяўляюцца Кітай, Расея, Вялікабрытанія, ЗША і Францыя — РС).
  • Пашырэньне катэгорыі сталага сяброўства за рахунак буйных якія разьвіваюцца дзяржаў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі зьяўляецца імпэратывам часу. Прыемна, што Кітай і Расея падтрымліваюць такую рэформу Рады, аб чым яны неаднаразова заяўлялі.
  • Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка яшчэ ў 2017 годзе выступіў з ініцыятывай «запуску» глябальнага дыялёга па бясьпецы... На жаль, некаторыя ключавыя «гульцы» не захацелі пачуць гэты разумны заклік. Як сьледзтва, архітэктура бясьпекі ў Эўропе дала сурʼёзны збой.

Якія былі сустрэчы кіраўніка МЗС Алейніка і дэмакратычнай лідэркі Беларусі Ціханоўская ў рамках Генэральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку

У Ціханоўскай прайшлі сустрэчы з 5 прэзыдэнтамі, 4 прэм’ер-міністрамі, 15 міністрамі замежных справаў.

У Алейніка прайшлі перамовы з калегамі з 12 азіяцкіх дзяржаваў, зь міністрамі замежных справаў краін АДКБ, кіраўнікамі МЗС сямі афрыканскіх краін, прадстаўнікамі 3 эўрапейскіх дзяржаў — Расеі, Вугоршчыны і Сэрбіі, а таксама адной цэнтральнаамэрыканскай — Нікарагуа

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG