Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«„Павучкі“ выцягнулі мяне зь цяжкай дэпрэсіі». Беларуска пра свой спосаб выжыць у эміграцыі і незвычайнае хобі


«Павучкі», якія робіць Лёля Рудзік
«Павучкі», якія робіць Лёля Рудзік

Пераезд з малымі дзецьмі зь Беларусі ва Ўкраіну, а адтуль — у Польшчу. Лягер для ўцекачоў, расстаньне з мужам, дэпрэсія, спробы наладзіць жыцьцё на чужыне. Праз гэта праходзіць Лёля Рудзік. Яна кажа, што паратункам стала творчасьць — выраб традыцыйных «павукоў».

Сотні тысяч беларусаў пасьля падзей 2020 году апынуліся за мяжой. Частка зь іх выбрала для жыцьця суседнюю Ўкраіну. Пасьля пачатку расейскай агрэсіі многія беларусы мусілі ўцякаць і адтуль. Сярод іх і 27-гадовая Лёля Рудзік з дваімі дзецьмі, якім цяпер 3 і 6 гадоў. У Польшчы Лёля паўтара года. Пра тое, як яны прайшлі ў гэтай краіне, яна расказала Свабодзе.

Лёля Рудзік
Лёля Рудзік

«Малако са смакам мора»

Лёля пасьля падзей 2020 году пераехала зь дзецьмі ва Ўкраіну, да мужа-ўкраінца. Калі пачалася расейская агрэсія, маладая маці была вымушаная зноў уцякаць. Так Лёля апынулася ў Польшчы, у лягеры для ўцекачоў. З мужам адносіны распаліся. Беларуска гаворыць, што цяпер яны ў стадыі разводу, а былы сужэнец аніяк не дапамагае ёй і дзецям. Таму ўвесь клопат лёг на яе адну.

На ўтрыманьне сябе і дзяцей Лёля мае невялікія сродкі — дапамогу па міжнароднай абароне і «дзіцячыя», якія ў Польшчы складаюць 500 злотых на кожнага выхаванца (прыкладна 290 беларускіх рублёў).

У Беларусі Лёля шмат у чым сябе спрабавала. Па спэцыяльнасьці яна бібліятэкарка і графічны дызайнэр. Але па гэтых прафэсіях не працавала, бо была ў дэкрэтным водпуску.

Лёля Рудзік
Лёля Рудзік

Яна пісала вершы, прозу, шмат фатаграфавала, малявала, арганізоўвала культурныя падзеі ў роднай Узьдзе. Гэта былі «Балі Магдалены Радзівіл», вадзяныя баі для дзяцей, фэстываль фарбаў.

Яшчэ ва Ўкраіне Лёля пачала пісаць кнігу «Малако са смакам мора» — своеасаблівы дзёньнік, дзе яна занатоўвала падзеі свайго жыцьця.

«Калі пачалася вайна, думала, што мозг узарвецца ад гэтых падзей, дык пачала выліваць усё ў дзёньнік. Назва нарадзілася, калі дачка ссала грудзі ля мора ў Адэсе. Спадзяюся, мая кніга пабачыць сьвет», — кажа беларуска.

«Павучкі» і дэпрэсія

Каляды 2022 году Лёля сустрэла ў лягеры ўцекачоў у Польшчы. У яе быў ня вельмі добры стан: дэпрэсія, невядома, што рабіць далей і як жыць. Лёля кажа, што ў дадатак да ўсяго яшчэ і моцна захварэла. Тады яна зрабіла першага «павучка». Традыцыйныя робяцца з саломы, а ў Лёлі пад рукамі быў плястык.

«Але я яго адразу выкінула, бо плястыку і так зашмат у нашым жыцьці, ён нежывы. Тады я ўзялася рабіць „павучкоў“ з папяровых трубачак для напояў», — кажа ўцякачка.

Лёля Рудзік
Лёля Рудзік

«Павук» — ажурная канструкцыя з саломінак. У беларусаў традыцыйна іх падвешвалі на Каляды да столі ля покуці, над сталом. «Павук» выконваў функцыю абярэга дому. Праз год яго спальвалі і рабілі новага.

Трубачкі бываюць як белыя, чорныя, так і рознакаляровыя, са шматлікімі ўзорамі.

«„Павучкі“ зь іх выходзяць лёгкія, 200-300 грамаў. Я іх магу даслаць пасылкай у любы пункт сьвету. Так, яны ўжо зьявіліся ў беларусаў, якія жывуць у Ірляндыі, ЗША і нават Аўстраліі», — кажа Лёля.

Пасьля лягеру ўцекачоў беларуска пасялілася ў Беластоку. Спачатку жыла з дзецьмі ў шэлтэры для беларусаў. Затым шукала сваё жытло. Цяпер яна зь дзецьмі займае трохпакаёвую кватэру.

«Нам спачатку дапамагалі беларусы. Цяпер і я маю невялікую магчымасьць дапамагаць. Бо ў нашай кватэры, мы тут жывём з траўня, таксама знаходзяць часовы прытулак беларусы, нашы землякі, якія вымушаныя ўцякаць з дому», — падзялілася Лёля.

«Павучкі», якія робіць Лёля Рудзік
«Павучкі», якія робіць Лёля Рудзік

Яна кажа, што пакуль пражыць на грошы ад «павукоў» ня можа, але спадзяецца, што зь цягам часу будзе мець больш заказаў.

«Я ня проста прадаю іх. Калі людзі просяць, то дапамагаю падабраць „павучка“ пад інтэр’ер кватэры, нешта параіць. Людзі заказваюць больш белых і чорных „павучкоў“, бо яны падыходзяць практычна пад любы інтэр’ер. „Павукоў“ я раблю розных колераў і памераў. Можна зрабіць і такога, які будзе велічынёй ад падлогі да столі. У мяне такі быў, дарэчы», — кажа беларуска.

Апроч канструкцый для столі, яна часам робіць завушніцы-«павучкі», упрыгожвае адзеньне сваёй вышыўкай. «Павукі» Лёлі знайшлі сваё месца ў беларускіх кавярнях у Варшаве, у хабе «Новая зямля» ў Беластоку. Тут жа Лёля плянуе днямі правесьці майстра-клясу па іх вырабе.

Сваіх «павучкоў» Лёля ўпрыгожвае стужкамі, драўлянымі ці акрылавымі пацеркамі, званочкамі.

«Яны даюць мне натхненьне. Здымаць гульню ценяў ад іх — эстэтычнае задавальненьне. Лічыцца, што яны аберагаюць дом. Многім нам хочацца адчуваць сябе як дома ў чужой краіне. І „павучкі“ дапамагаюць гэтаму», — дадае Лёля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG