Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Выратаваў зварот да псыхатэрапэўта, усім раю». Уцякачка зь Беларусі пра турмы і сяброўства з Золатавай


Сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе знаходзілася да суду гераіня артыкула
Сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе знаходзілася да суду гераіня артыкула

Былая палітзьняволеная расказала пра вядомых асобаў, зь якімі сядзела ў менскіх вязьніцах.

Беларусцы Тацяне (жанчына просіць не называць яе сапраўдныя імя і прозьвішча. — РС) суд у Менску прызначыў 3 гады «хіміі» за ўдзел у жнівеньскіх пратэстах 2020 году. Яшчэ на «Валадарцы» Тацяна вырашыла, што па вызваленьні разважаць ані гадзіны ня будзе і ўцячэ з краіны. Яна прызнаецца, што не ўяўляла, як будзе цяжка гэта зрабіць.

Тацяна знайшла прытулак у адной з эўрапейскіх краін. Жыве там разам з мужам, мае працу, паступова вырашае побытавыя праблемы. Пашырае кола сяброў, удзельнічае ў жыцьці дыяспары. Прызнаецца, што амаль кожны дзень вяртаецца ў думках у часы, пражытыя за кратамі. Кажа, што хацела б усё забыць, але пакуль ня можа.

«Сьледчыя, як робаты»

Тацяну разам з мужам Аляксандрам арыштавалі ў сьнежні 2021 году і першыя 10 дзён трымалі ў ізалятары на Акрэсьціна ў перапоўненых камэрах. Жанчыне і цяпер становіцца млосна ад успамінаў пра халодныя ночы амаль бяз сну.

«Тое, як там з намі абыходзіліся, гэта не нармальна. Чалавек, тым больш у наш час, ня можа цярпець такія зьдзекі. Ставяцца, як да жывёлаў, дапытваюць, як ужо даказаных злачынцаў. Сьледчыя нейкія запраграмаваныя, пытаньні задавалі, як робаты, але адказы іх не цікавілі. Карацей, успаміны ў мяне пра той час самыя цяжкія. Добра, што тут (за мяжой. — РС) я здагадалася пайсьці да псыхатэрапэўта, бо трэба было абавязкова выказацца, атрымаць парады. Выратаваў ад дэпрэсіі. Усім раю», — кажа Тацяна.

Маладая жанчына ўспамінае, як яны ўдзесяцёх сядзелі ў камэры, разьлічанай на двух вязьняў. «Страшэнны холад, а ўзяць цёплыя рэчы не дазволілі. Па падлозе поўзалі клапы, але ахоўнікі не рэагавалі на скаргі. Нарэшце падчас ранішняга дакладу „начальнік“ заўважыў пакусаны твар сукамэрніцы, і толькі пасьля гэтага ў камэры правялі дэзынфэкцыю. А на той час усіх выгналі ў дворык, на мароз. Палова з нас потым захварэлі».

Паводле Тацяны, у ізалятары на Акрэсьціна ёй не давала спакою думка пра несправядлівасьць таго, што зь ёй адбывалася.

«У чым я вінаватая? Гэта ж мяне падманулі з тымі выбарамі. А там бачу, што такіх падманутых шмат, прычым цэлыя сем’і. Адна сукамэрніца казала, што яе таксама ўзялі разам з мужам. Другая — што з маці. А ў кагосьці там былі дарослыя дзеці. Падумалася, што гэтак палову краіны перасаджаюць, але яшчэ ня верыла, што такое магчыма!».

«Што з намі будзе?»

Тацяна расказвае, што ня меншы шок перажыла, калі трапіла ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

«На „Валадарку“ прывезьлі пад ноч, недзе аб 11-й. Стаім каля падрапанай сьцяны, трасёмся ад холаду. Ва ўсіх у вачах пытаньне: „Што з намі будзе?“. Правялі па пакручастых калідорах, выдалі скруткі з матраца і пасьцельных рэчаў ды заводзяць у нейкую паўцёмную камэру. Месца проста жудаснае: фарба на сьценах старая, падлога брудная, у куце ржавы падлогавы ўнітаз, смурод стаіць нясьцерпны. У мяне жах ад думкі, што тут давядзецца прабыць некалькі месяцаў да суду».

Аказалася, што тая камэра была для Тацяны не апошняй, а так званай «перавалачнай». Наступным днём жанчын раскідалі па іншых памяшканьнях. Спачатку Тацяна трапіла ў адну камэру з крымінальніцамі і затрыманымі за наркотыкі. Сярод сукамэрніц была толькі адна палітычная, але ўжо дасьведчаная ў турэмных справах. Жанчына праінструктавала Тацяну, як трэба сябе паводзіць у вязьніцы, і гэтая навука потым ёй прыдалася падчас знаходжаньня яшчэ ў дзьвюх камэрах.

«Дрэнныя ўспаміны я стараюся не варушыць, замяняю іх на добрыя. Пра цудоўных людзей, зь якімі там пазнаёмілася», — прызнаецца Тацяна.

Як Марына Золатава змагалася за кнігі пра Гары Потэра

Чалавек, пра якога Тацяна згадвае з асаблівым захапленьнем, гэта Марына Золатава. Галоўная рэдактарка парталу Тut.by, якую зь лета 2021 году трымалі на «Валадарцы». З Золатавай Тацяна правяла ў адной камэры некалькі месяцаў у пачатку 2022-га.

«Гэта неймаверная жанчына! Такой вытрымкі і мужнасьці ні ў кога там ня бачыла. Аднойчы я спытала ў яе: „Як вы так трымаецеся? Вам жа пагражае турма на 10 гадоў“. Яна спакойна адказала, чаму ёй няма патрэбы нэрвавацца. Маўляў, за сьценамі турмы ў яе моцная сем’я і падтрымка сяброў ды аднадумцаў».

Марына Золатава (справа) і Людміла Чэкіна ў судзе. 17 сакавіка 2023
Марына Золатава (справа) і Людміла Чэкіна ў судзе. 17 сакавіка 2023

Тацяну ўразіў расповед Марыны пра сваю прабабку, якая пэўны час таксама сядзела на «Валадарцы». Гэта было падчас Другой сусьветнай вайны. Прабабулю Золатавай спачатку трымалі ў менскай вязьніцы, а потым адправілі ў канцлягер. «Калі яна вытрывала ў тыя часы, дык я цяпер тым больш пратрымаюся», — успамінае Тацяна настрой вядомай журналісткі напярэдадні суду і вялікага тэрміну.

Паводле суразмоўцы, нават ахоўнікі з павагай ставіліся да Марыны Золатавай, бо той заўсёды ўдавалася ў размовах зь імі знайсьці патрэбны тон і важкія аргумэнты. Адна гісторыя Тацяне асабліва запомнілася — пра ўпартасьць, якая ўрэшце дапамагла хоць крышачку, але «зламаць» сыстэму.

«Уявіце бібліятэку „Валадаркі“: гэта не памяшканьне, а сьпіс кніг, якія нібыта можна заказаць. Але большасьць з таго, што заказваеш, бібліятэкар табе не прыносіць. Няма, кажа, і ўсё тут. Гэтак Марына некалькі разоў запар заказвала кнігі пра Гары Потэра, але ўсё марна. Мы дзівіліся, чаму ёй, чалавеку ўжо амаль сярэдніх гадоў, быў так патрэбен той Гары Потэр? Яна тлумачыла, што яе дачка дзякуючы гэтым кнігам захапілася мастацкай літаратурай і ёй як маці вельмі патрэбна ведаць, што ў іх падабаецца дзецям. І яна свайго дамаглася. Склала адмысловую заяву да бібліятэкара і, відаць, знайшла такія словы, якія на яго падзейнічалі, бо ў выніку ёй усё ж прынесьлі кнігі пра Гары Потэра. Гэта была сапраўдная яе перамога!».

Пра тое, што Золатаву асудзілі на 12 гадоў зьняволеньня, Тацяна даведалася, калі ўжо была за мяжой.

«Ня мела магчымасьці нават яе супакоіць — мы разьвіталіся зусім нечакана. Мне раптам загадалі зьбіраць рэчы, і стала зразумела, што пераводзяць. Абняліся, на вачах сьлёзы. Разумела, што, колькі б гадоў ёй не далі, яна вытрымае. З волі пісала ёй, але, вядома, лісты, тым больш з-за мяжы, да яе не даходзяць».

«Гаварыць пра справу мужа Марыі было забаронена»

Таксама некаторы час на «Валадарцы» Тацяна сядзела ў адной камэры з Марыяй Усьпенскай, удавой праграміста Андрэя Зельцара, які загінуў у кастрычніку 2021 году, падчас уварваньня ў іхную кватэру супрацоўнікаў КДБ. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ад стрэлу Андрэя Зельцара загінуў супрацоўнік спэцслужбы Дзьмітры Федасюк. Тацяна ведала, што жонка Зельцара Марыя Ўсьпенская ў гэты час знаходзілася ў кватэры. Паводле жанчыны, дзяліцца з сукамэрнікамі ўспамінамі пра той трагічны дзень Марыя не адважвалася.

«Сказала, што ёй забаранілі нешта гаварыць, дык мы і не распытвалі. Па-чалавечы ёй спачувалі, чым маглі, дапамагалі», — успамінае Тацяна.

Тацяна кажа, што Марыя Ўсьпенская чытала шмат кніг, ад сваякоў да яе даходзілі лісты і перадачы. Яны шмат гаварылі, разам прыгадвалі ангельскія словы, каб «падцягнуць» узровень мовы.

Марыя Ўсьпенская, архіўнае фота
Марыя Ўсьпенская, архіўнае фота

«Сказала б пра яе, што яна чалавек моцны, самадастатковы. Як яе з нашай камэры пераводзілі, мы дапамаглі сабраць рэчы і, як прынята, прыселі „на дарожку“. Памятаю пачуцьці ў той момант: што падступае камяк у горле, калі надоўга сыходзіць дарагі табе чалавек...Так, яна мне стала такім чалавекам. На жаль, цяпер ня ведаю, у каго і спытаць, што зь ёй сталася».

«Было страшней, чым у турме»

Што Тацяне, як і яе мужу, прысудзяць «хімію», да суду яны амаль ня верылі. Суразмоўца кажа, што рашэньне ўцячы, калі выпадзе шчасьлівы квіток у выглядзе «хіміі», а не калёніі, упершыню ўзьнікла ў той дзень, калі Расея напала на Ўкраіну.

«Зразумела, што гэта страшны вір, у які нас усё роўна зацягне, калі застанёмся побач, і таму вырашыла, што абавязкова зьеду», — тлумачыць яна.

Пра ўцёкі ў Тацяны таксама незабыўныя ўспаміны. Жанчына прызнаецца, што другі раз на такі ўчынак ужо не адважылася б. Бо «было страшней, чым у турме».

«Ня проста разумееш, што рызыкуеш нават жыцьцём, а гэтая думка ні на хвіліну цябе не пакідае. На кожнай дарозе, за кожным паваротам чакаеш то міліцыянтаў, то памежнікаў. Усе сустрэчныя здаюцца замаскаванымі агентамі. У нейкі момант мы з мужам падышлі да плоту з калючым дротам, якога там, паводле нашых разьлікаў, ня мусіла быць. І што рабіць? У мяне ледзьве не пачалася паніка, усё жыцьцё пранеслася перад вачыма. Але неяк далі рады нэрвам. Пачалі шукаць месца, дзе паміж дратоў можна пралезьці, і знайшлі такі ўчастак. Ужо на тым баку — сьвятло фар, потым бачым іхных памежнікаў. Я іх паклікала, але голас дрыжэў, нібы ня мой. Нас распыталі пра ўсё, абшукалі. Але ўсё вельмі па-чалавечы, нават з павагай. Адразу сэрца супакоілася», — прызнаецца Тацяна.

Маршрут, якім яна пакідала родную краіну, жанчына не называе, бо думае, што гэтай дарогай яшчэ ня раз змогуць скарыстацца іншыя ўцекачы. У тым, што іх яшчэ будзе шмат, жанчына перакананая.

«Бачу, што нармальна жыць на радзіме ўжо вельмі цяжка, я дык не ўяўляю, як людзі трымаюцца», — прызнаецца Тацяна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG