Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйное міжнароднае агенцтва S&P Global Ratings прыпыніла рэйтынгі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У S&P Global Ratings назвалі прычынай свайго рашэньня адсутнасьць доступу да інфармацыі, неабходнай для падтрыманьня рэйтынгаў.

«Сёньня агенцтва S&P Global Ratings прыпыніла доўгатэрміновыя і кароткатэрміновыя сувэрэнныя крэдытныя рэйтынгі Рэспублікі Беларусь у замежнай валюце „SD/SD“ і сувэрэнны крэдытны рэйтынг „CCC/C“ у нацыянальнай валюце ў сувязі з надыходам тэрміну пагашэньня з-за адсутнасьці дастатковай і своечасовай інфармацыі для падтрыманьня нашых рэйтынгаў. Напрыклад, нам не хапае дадзеных аб выкананьні бюджэту ўраду, складзе яго доўгу і графіку пагашэньня доўгу», — гаворыцца ў тлумачэньні прэс-службы S&P Global Ratings.

Пры гэтым у агенцтве ўдакладнілі, што аднавіць рэйтынг магчыма пасьля таго, калі недасяжныя сёньня зьвесткі стануць даступнымі і ў S&P прыйдуць да высновы, што яны адпавядаюць іх стандартам па колькасьці, своечасовасьці і надзейнасьці.

«Калі па заканчэньні разумнага пэрыяду часу нашы інфармацыйныя патрабаваньні для назіраньня па-ранейшаму ня будуць выкананыя, мы адклічам рэйтынгі», — патлумачылі ў S&P Global Ratings.

  • S&P Global Ratings уваходзіць у так званую вялікую тройку міжнародных рэйтынгавых агенцтваў. Яны выстаўляюць крэдытныя рэйтынгі краін і эмітэнтаў каштоўных папер. Летам 2022 году, пасьля таго як Менск пачаў выконваць свае абавязаньні па эўрааблігацыях у рублях, разам з двума іншымі агенцтвамі S&P зьнізіла крэдытныя рэйтынгі Беларусі і заявіла пра дэфолт па эўрабондах, удакладняе Zerkalo.
  • Крэдытныя рэйтынгі, якія прысвойваюць міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы, маюць вялікае значэньне ў пляне прыцягненьня інвэстыцый, адзначае выданьне. Ёсьць так званая вялікая тройка агенцтваў — S&P Global Ratings (S&P), Moody’s (базіруюцца ў ЗША) і Fitch Group (штаб-кватэры ў Нью-Ёрку і Лёндане). Чым вышэйшыя яны выстаўляюць рэйтынгі, тым гэта лепш. У тым ліку для краіны ці нейкай кампаніі, якая выступае эмітэнтам — выпускае каштоўныя паперы, да прыкладу, эўрааблігацыі. У такім выпадку больш шанцаў, што да такіх папер будзе цікавасьць з боку інвэстараў. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць выставіць зручнейшую для эмітэнта адсоткавую стаўку па каштоўных паперах.
  • З 2017 году Мінфін Беларусі скасаваў кантракт з Moodyʼs, але два іншыя агенцтвы засталіся, і ў пытаньні пазыкавай устойлівасьці інвэстары арыентаваліся на іх ацэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG