Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агенцтва Moody’s панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі і прагназуе значную страту інвэстараў


Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moodyʼs 2 чэрвеня панізіла крэдытны рэйтынг Беларусі з «Са» да «С», паведамляе BPN.

Згодна з клясыфікатарам агенцтва, даўгавыя абавязацельствы з рэйтынгам «C» уяўляюць сабой «кляс аблігацый з самым нізкім рэйтынгам і звычайна знаходзяцца ў стане дэфолту». Пры гэтым «імавернасьць выплаты асноўнай сумы доўгу і працэнтаў па такіх аблігацыях малая».

«Рэйтынг „C“ адлюстроўвае чаканьні Moodyʼs, што санкцыі працягнуць пагаршаць здольнасьць Беларусі абслугоўваць свае абавязацельствы па эўрааблігацыях у сярэднетэрміновай пэрспэктыве», — гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.

Паводле прагнозаў Moodyʼs, улічваючы «зацягнуты характар расейска-ўкраінскай вайны», гэта можа прывесьці да «стратаў інвэстараў, якія перавысяць 65%».

Рэйтынг «C» таксама адлюстроўвае чаканьне Moodyʼs, што Беларусь «будзе заставацца ў стане дэфолту па сваіх непагашаных эўрааблігацыях, пакуль яна падтрымлівае расейскую агрэсію супраць Украіны».

Moodyʼs прагназуе, што рэальны ВУП у 2023-ім «крыху палепшыцца» — вырасьце на 0,3% — пасьля падзеньня беларускай эканомікі ў 2022-м на 4,7% ВУП. Паводле агенцтва, эканоміка Беларусі «паступова прыстасоўваецца» да працы ва ўмовах санкцыяў, арыентуе экспарт з заходніх на іншыя кірункі, але «захоўваюцца значныя рызыкі зьніжэньня, улічваючы магчымасьць увядзеньня дадатковых санкцый».

  • З 2020 году дэмакратычныя краіны ўвялі шэраг санкцыяў у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і жорсткае падаўленьне пасьлявыбарчых пратэстаў, прымусовую пасадку ў Менску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам і Софʼяй Сапегай і іх арышт, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЭЗ і дапамогу Расеі ў ваеннай агрэсіі.
  • 28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацбанк Беларусі прынялі пастанову, якой зацьвердзілі выплаты ў беларускіх рублях па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на зьнешніх фінансавых рынках.
  • Неўзабаве пасьля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moodyʼs панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам. Мінфін Беларусі раскрытыкаваў гэтыя рашэньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG