Украінская выведка паведаміла, што выманіла расейскі верталёт Мі-8 на сваю тэрыторыю разам з запчасткамі да самалётаў

Расейскі верталёт Mi-8 на вайсковым парадзе ў Маскве ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Расейскі верталёт Mi-8 на вайсковым парадзе ў Маскве ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Пілёт разам зь сям’ёй знаходзіцца ва Ўкраіне, а два іншыя чальцы экіпажу забітыя.

Сьпікер Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што расейскі вайсковы верталёт Мі-8 прызямліўся на тэрыторыі Ўкраіны.

«Папярэдне такая інфармацыя ёсьць. Афіцыйная будзе пазьней. Цяпер вядзецца праца, з экіпажам у тым ліку», — сказаў Андрэй Юсаў у этэры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом.

Такім чынам Андрэй Юсаў пракамэнтаваў паведамленьне аднаго з расейскіх прапагандысцкіх тэлеграм-каналаў, што экіпаж расейскага вайсковага верталёта нібыта згубіў сувязь з штабам і заляцеў на тэрыторыю Ўкраіны ў Палтаву, а калі, зразумеўшы гэта, верталёт пачаў падымацца ў паветра, украінцы нібыта экіпаж расстралялі, а верталёт захапілі. Палтава знаходзіцца за 300 кілямэтраў ад лініі фронту ва Ўкраіне.

Украінскае выданьне «Українська правда» з спасылкаю на свае крыніцы ў выведцы паведаміла, што вайсковы верталёт сапраўды прызямліўся на ўкраінскай тэрыторыі, але не ў Палтаве, а ў Харкаўскай вобласьці — непадалёк ад лініі фронту.

«Гэта была спэцапэрацыя Галоўнай управы выведкі, якая доўжылася больш за 6 месяцаў. Украінская выведка выманіла пілёта Мі-8 АМТШ ва Ўкраіну. Борт ажыцьцяўляў рэйс паміж дзьвюма авіябазамі і перавозіў дэталі да зьнішчальнікаў Су-27, Су-30 СМ», — сказана ў паведамленьні выданьня.

Разам зь пілётам на борце былі яшчэ два чальцы экіпажу, якія ня ведалі, куды насамрэч ляціць верталёт.

Пілёт разам са сваёй сям’ёй цяпер ва Ўкраіне, а два іншыя чальцы экіпажу забітыя.

​
XS
SM
MD
LG