Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі ўпершыню распрацуюць макрапрагноз эканомікі «саюзнай дзяржавы»


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін перад пасяджэньнем найвыйшэшага савету «саюзнай дзяржавы» ў красавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін перад пасяджэньнем найвыйшэшага савету «саюзнай дзяржавы» ў красавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Сёлета да 24 лістапада расейскі інстытут вызначыць, якую інфармацыю аб сваёй эканоміцы Беларусь павінна перадаваць Расеі і як паказьнікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзьвюх краін супастаўляюцца паміж сабой.

Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расея праз тэндэр вызначыла, што першы макраэканамічны прагноз «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі распрацуе Інстытут народнагаспадарчага прагназаваньня Расейскай акадэміі навук.

Як паведаміла расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК, вартасьць працы ацанілі ў 12 мільёнаў расейскіх рублёў (гэта крыху больш за 120 тысяч даляраў).

Спачатку расейскія навукоўцы распрацуюць мэтадалёгію вызначэньня макрапрагнозу, а потым яго практычнае выкарыстаньне.

Сёлета да 24 лістапада расейскі інстытут вызначыць, якую інфармацыю аб сваёй эканоміцы Беларусь мае перадаваць Расеі і як паказьнікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця дзьвюх краін супастаўляюцца паміж сабой. На другім этапе гэтыя мэханізмы выкарыстаюць для фармаваньня сярэднетэрміновага прагнозу. Тэрмін заканчэньня працаў — 31 кастрычніка 2024 году.

Дырэктар Цэнтру дасьледаваньня эканамічнай палітыкі эканамічнага факультэту Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Алег Буклямішаў мяркуе, што ацаніць сукупны памер эканомік Расеі і Беларусі і зрабіць прагноз — цяжкая задача.

«Іншае пытаньне — які ў гэтым практычны сэнс, бо такой сутнасьці, як адзіная эканоміка „саюзнай дзяржавы“, сёньня няма. Расейская эканоміка ў 10 разоў перавышае беларускую аб’ёмам, у нас няма адзінай валюты і сынэргіі ў іншых кірунках», — сказаў экспэрт.

Распрацаваць макрапрагноз «саюзнай дзяржавы» Расея і Беларусь дамовіліся ў канцы мінулага году. Урады падпісалі пагадненьне пра абмен інфармацыяй аб макраэканамічнай сытуацыі ў Расеі і Беларусі. Гэта павінна забясьпечыць збліжэньне макраэканамічнай палітыкі Расеі і Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG