Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мытнікі на мяжы спыталі, ці ёсьць хто з «Народнай Волі». Калегі і знаёмыя расказваюць байкі з жыцьця Ёсіфа Сярэдзіча


Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

28 гадоў Ёсіф Сярэдзіч ачольваў «Народную Волю». Усяго ў журналістыцы ён удвая больш — 56 гадоў. Некалькі дзён таму Сярэдзіч абвясьціў: «Я сыходжу». У размове са Свабодай калегі ўзгадваюць забаўныя факты і гісторыі пра легенду беларускай журналістыкі.

«Пэзя Чіздэряс», альбо як памылілася лінатыпістка

Самую прышпільную байку пра Сярэдзіча, бадай, расказваў Аляксандар Фядута, шматгадовы калюмніст «Народнай Волі». Зьявілася яна ў «Жывым журнале» яшчэ ў 2006 годзе.

Адбылася гісторыя ў старыя добрыя часы, калі Сярэдзіч быў студэнтам журфаку і прыехаў на практыку ў пінскую раёнку «Палеская праўда», піша спадар Фядута.

«Што трэба студэнту-практыканту? Каб рэдактар дазволіў падпісацца поўным імем. А то атрымліваецца „Ул. інф.“ — і ніякага табе аўтарскага кайфу! Але для гэтага трэба напісаць штосьці эпахальнае — радкоў так на 30! Доўга ня мог гэтага дамагчыся юны Ёсіф Паўлавіч. І нарэшце прыйшоў яго зорны час. І ён паставіў подпіс: Іосіф Сярэдзіч. Выклікае яго галоўны рэдактар і кажа: „Слухай мяне, Юзік. Няма ў беларускай мове такога імя — Іосіф. Калі хлопец малы ды дурны, дык яго клічуць Юзік. А калі сталы ўжо чалавек — дык Язэп. Зьмяні подпіс“.

Доўга думаў юны практыкант і ўрэшце рэшт зьмяніў подпіс пад артыкулам на „Язэп Сярэдзіч“.

Аднак адбылося жахлівае. У лінатыпісткі (супрацоўніцы, адказнай за набор тэксту. — РС) у канцы працоўнага дня замыліліся вочы. І яна набрала радок з подпісам не люстэркава, як трэба было б — а правільна! І выйшла газэта з подпісам „Пэзя Чіздэряс“», — узгадваў Аляксандар Фядута.

«Адно ня можа наш Сярэдзіч...»

Да 60-годзьдя галоўрэда «Народнай Волі» вядомы журналіст Сяргей Ваганаў напісаў жартаўлівы верш, што, маўляў, Сярэдзіч можа ўсё, акрамя толькі адной рэчы.

Чаго ён можа, наш Сярэдзіч,
Сярод рэдактараў кароль?
Ён можа душу разьбярэдзіць,
А можа і суцішыць боль.

Ён можа зранку, быццам трактар,
Ўзараць бясконцы стос палос,
Каб надаваць каму па карку,
Давесьці чытачоў да сьлёз.

Ён можа сутыкнуць ілбамі
Палітыкаў за проста так
І тэлефанаваць Абаму:
«Дзе грошы? Шлі хутчэй, Барак!»

Ён можа вылаяцца: «Быдла!» —
Пра недарэчны свой народ.
Але ж ня ўсё яму абрыдла,
Калі глядзіць народу ў рот.

Ён можа за сваю газэту
Сяброў і ворагаў парваць.
І, дасягнуўшы гэтай мэты,
Усё ім можа дараваць.

Аднак хачу вас папярэдзіць
З нагоды радаснай такой:
Адно ня можа наш Сярэдзіч —
Ня можа выйсьці на пакой...

«Я — Сярэдзіч!»

Гісторыя гэтая, якую згадвае журналіст Сяргей Ваганаў, адбылася таксама вельмі даўно, калі Сярэдзіч быў студэнтам і прыносіў свае першыя «опусы» ў адну з самых папулярных газэт «Знамя юности», дзе Ваганаў узначальваў аддзел сельскай моладзі. Дзьверы «юнае дараваньне» адчыняла ледзьве не нагой, піша Сяргей Ваганаў.

«Я — Сярэдзіч!» — з парога абвясьціла зьява і працягнула лісток, здаецца, сшыткавы: «Трэба надрукаваць, бо не паставяць залік!»

Прозьвішча Сярэдзіч было вельмі вядомае ў 1960–70-я. Пра камбайнэра, Героя Сацыялістычнай Працы Сярэдзіча (забыўся, на жаль, на імя, ці ня Ёсіф таксама, альбо Іван), хто толькі не пісаў... Мусіць, сваяк, падумаў я і вярнуў лісток: «Прыходзьце, калі штосьці напішаце ня дзеля заліку...»

Гэта сёньня — зьява. А на той момант даволі нахабны, самаўпэўнены юнак, залік яму падавай... Хто ж ведаў, што ён дамагаўся заліку з такой жа безагляднай рашучасьцю, зь якой праз гады будзе змагацца за вольную журналістыку і дзяржаву?! А тое, што калісьці падалося нахабствам, станецца ў будучыні праяваю волі дасягаць недасяжнай, здавалася б, у нашай краіне мэты — ствараць СВАЮ газэту для НАРОДУ?"

А нататку тую, палічыўшы выхаваўчы момант дастатковым, я ўсё ж надрукаваў. І залік урэшце быў пастаўлены..." — узгадвае Сяргей Ваганаў.

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

Як Сярэдзіч «запрог» Лукашэнку

Журналіст Аляксандар Класкоўскі на пачатку 1990-х працаваў у «Народнай газэце» — тагачасным органе Вярхоўнага Савету. Сярэдзіч быў галоўным рэдактарам. Гэтая гісторыя адбылася ў жніўні 1991 году, адразу пасьля паразы ГКЧП.

«Тады быў такі дзіўны момант — Лукашэнка ж добра адчуваў палітычную каньюнктуру, пачаў вельмі ганіць гэтых путчыстаў і нават часова „сышоўся“ зь Зянонам Пазьняком. Яны такім дзіўным дуэтам езьдзілі тады ў працоўныя калектывы. І Пазьняк з Лукашэнкам павінны былі выступаць у нейкім Доме культуры прадпрыемства, дзе канкрэтна, ужо не згадаю. А Лукашэнка ж вельмі любіў піярыцца (хоць слова „піяр“ было тады яшчэ невядомае). Тым больш што рэдакцыя газэты месьцілася ў Доме ўраду, а Лукашэнка быў у Сярэдзіча частым госьцем.

Зайшоў і тады, кажа: „Няхай ваш журналіст паедзе“. Мяне выклікаў Сярэдзіч, я пачаў аднеквацца: „Той Дом культуры ў чорта на рагах, пакуль я туды даеду на тралейбусе, спазьнюся“. А Сярэдзіч кажа: „Няхай цябе Лукашэнка адвязе“.

І Лукашэнка ў якасьці кіроўцы пасадзіў мяне ў сваю „Ніву“, кажа: „Выбачай, машына саўгасная, цесная“. Так Лукашэнка звазіў мяне на рэдакцыйнае заданьне. Сярэдзіч быў такім спрытным чалавекам, які мог „запрэгчы“ нават і Лукашэнку», — узгадвае Аляксандар Класкоўскі.

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

Як Юры Чыж даў на «Народную Волю» 100 даляраў, а Сярэдзіч шкадаваў, што мала папрасіў

Паколькі зь фінансаваньнем «Народнай Волі» часьцяком узьнікалі праблемы, а яна вымагала шмат выдаткаў на паперу, друк, распаўсюд, ганарары аўтарам, заробак журналістам, Ёсіф Паўлавіч паўсюль, дзе мог, зьбіраў грошы на газэту.

Гэта расказаў адзін беларускі журналіст, які супрацоўнічаў з «Народнай Воляй» як няштатнік.

«Сярэдзіч любіў расплачвацца з аўтарамі, асабліва зь няштатнымі, часам не ганарарамі, а пачастункам. Запрашаў у рэдакцыю, накрываў паляну: частаваў неймаверна смачным салам і напоямі. Дзе ён браў такое сала, невядома. А вось напоі, асабліва на пачатку году, былі цудоўныя, элітныя. Як аказалася, аўтараў частавалі каляднымі напоямі, якія дарылі газэце замежныя амбасады», — расказвае адзін вядомы беларускі журналіст.

Узгадаў ён і яшчэ адзін выпадак, як некалі Сярэдзіч у Вільні выпадкова сустрэў у прыбіральні Юрыя Чыжа, які тады быў буйным і заможным бізнэсоўцам.

«Сярэдзіч у яго папрасіў грошай. Чыж пытаецца: „Колькі?“ Паколькі размова ішла ў такім „мілым“ месцы, нават Сярэдзіч разгубіўся. І папрасіў 100 даляраў. Чыж, вядома ж, дастаў і даў, нават не памыўшы рукі. Пасьля Сярэдзіч вельмі доўга перажываў, што папрасіў так мала».

Яшчэ адну гісторыю расказаў той самы няштатны аўтар «Народнай Волі» — як вялікая група журналістаў вярталася зь Літвы на арандаваным аўтобусе.

«На мяжы заходзяць беларускія мытнікі і пытаюцца: „Хто такія?“ Мы шчыра адказваем, што журналісты.

„А можа, хто ёсьць з „Народнай Волі?““ — пытаюцца.

Сярэдзіч узрадаваўся такой цікавасьці, адказвае з гонарам: „Я галоўны рэдактар!“ Загналі наш аўтобус убок і трымалі гадзін пяць. Высьветлілася, што пакуль Сярэдзіч быў на сэмінары, у газэце на першай старонцы быў апублікаваны ліст нейкага жыхара Ашмянаў. Той пісаў, якія шыкоўныя катэджы будуюць мытнікі, і прапаноўваў не плаціць ім наагул заробак.

Нікога не праверылі, але столькі пратрымалі на мяжы!» — узгадвае калега.

Як Сярэдзіч на шыкоўнай машыне ўратаваў дзяўчат на трасе

Яшчэ адна калега Ёсіфа Паўлавіча прыгадала, як у канцы 1990-х ехала зь Сярэдзічам на нейкую канфэрэнцыю ў Вільню. У Сярэдзіча ўжо тады была шыкоўная вялікая белая машына.

«Ужо ня памятаю мадэль, магчыма, „Мэрсэдэс“, а можа, і „Волга“. На беларуска-літоўскай мяжы Ёсіф Паўлавіч вырашыў заправіцца. А мы з каляжанкай выйшлі пакурыць. На самой запраўцы гэта забаронена, таму Сярэдзіч высадзіў нас на ўзбочыне.

А паколькі мы адразу зьбіраліся, так бы мовіць, „з карабля на баль“ — на сустрэчу з замежнымі партнэрамі, то былі прыгожа апранутыя. Мая каляжанка ў шыкоўным белым касьцюме, я ў стылёвай дзелавой сукенцы. Стаім, курым цыгарэткі, чакаем, пакуль Ёсіф Паўлавіч заправіць сваё аўта.

Тут міма нас праяжджае вялікая машына зь нейкай бочкай (прабачце, нагадвае „гаўнавоз“). Сыгналіць нам. Відаць, кіроўцы вырашылі, што мы нейкія „дзеўкі пры дарозе“ пэўнай прафэсіі (не другой найстаражытнейшай, як прынята лічыць, а першай). З той асэнізатарскай машыны высоўваюцца мужыкі і крычаць: „Дзеўкі, хутчэй заскоквайце да нас!“ Мы з каляжанкай бокам, задам — і ў поле! Тая машына за намі, амаль у поле ўяжджае! Мы спалохаліся, у паніцы. Хлопцы нас матам крыюць.

Сядзім мы ў полі. І тут выяжджае на сваёй белай шыкоўнай машыне Ёсіф Паўлавіч, адкрывае дзьверы і як сапраўдны рыцар, з паклонам гучна прамаўляе: „Карэта пададзена, дзяўчаты, уваходзьце!“ Тыя мужыкі сумеліся. А мы потым усю дарогу рагаталі, як нас Сярэдзіч уратаваў на трасе», — узгадвае калега-журналістка.

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

«Народная Воля» за 28 гадоў свайго існаваньня 5 гадоў вымушана была друкавацца ў Вільні, потым столькі ж — у Смаленску. Выданьне пэрыядычна «выкідалі» зь «Белсаюздруку» і падпісных каталёгаў, газэта прайшла шмат судоў. На пачатку 2020 году мела тыраж 23 тысячы экзэмпляраў. Асобныя нумары маглі друкаваць накладам у 25, 30, 50 тысяч асобнікаў.

25 жніўня 2020 году Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць «Народную Волю» і яшчэ некалькі недзяржаўных СМІ, бо нібыта станок зламаўся. Два месяцы газэта друкавалася ў Расеі. 13 лістапада 2020 году ўвесь наклад, надрукаваны ў Расеі, быў сканфіскаваны з рэдакцыі невядомымі. З таго часу «НВ» выходзіць толькі ў інтэрнэце.

Як паабяцаў цяпер ужо былы галоўны рэдактар Ёсіф Сярэдзіч, ён перадаў правы на сайт выданьня nv-online.info іншай асобе, таму электронны партал ня зьнікне з інфармацыйнага поля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG