Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без нацыянальнага прымірэньня не захаваць незалежнасьць Беларусі», — адкрыты ліст Ёсіфа Сярэдзіча


 Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

Галоўны рэдактар «Народнай волі» Ёсіф Сярэдзіч у сваім звароце падкрэсьліў важнасьць дыялёгу, нацыянальнага прымірэньня і згуртаванасьці ўсіх бакоў. Бяз гэтага, лічыць ён, «ня мець беларусам шчасьлівай будучыні на роднай зямлі».

«Мне балюча пісаць гэтыя радкі, але і маўчаць не магу. Сьмяротная небясьпека навісла над нашай краінай, над кожным з нас. Пра набліжэньне трагедыі сьведчаць дзясяткі, сотні фактаў. Толькі сьляпыя ня бачаць, як нашу сьвятую зямлю топчуць чобаты чужых салдат, — напісаў Сярэдзіч. — Толькі глухія ня чуюць, як надрыўна равуць пры ўзьлёце з нашых аэрадромаў звышгукавыя вайсковыя самалёты з чужымі апазнавальнымі знакамі. Вайна літаральна грукае ў нашы дзьверы».

Журналіст адзначыў, што ніколі не адчувалася такой трывожнай напружанасьці ў грамадзтве, як у апошнія гады.

«Бяда прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў. Здавалася, чарговыя прэзыдэнцкія выбары адбудуцца пры поўным свабодным волевыяўленьні народа, галоўныя спадзяваньні якога былі зьвязаны з дэмакратычнымі пераменамі. Не з антыканстытуцыйным пераваротам, не зь мяцяжом, зрэжысаваным нейкімі мітычнымі заходнімі спэцслужбамі, як гэта спрабуюць прадставіць і ўбіць у галовы недасьведчаных грамадзян неадэкватныя прапагандысцкія кілеры».

Сярэдзіч прыгадаў 9 жніўня 2020 году, калі вялікая колькасьць беларусаў стаяла ў шматгадзінных чэргах, каб прагаласаваць за свайго кандыдата ў прэзыдэнты. Як адзначыў галоўны рэдактар «Народнай волі», людзі не змаглі зьмірыцца «зь відавочнымі фактамі нахабнага парушэньня заканадаўства з боку членаў многіх участковых камісій, таму і выйшлі на пратэставыя акцыі». А ў адказ з боку ўлад атрымалі «гвалт і рэпрэсіі, якіх Беларусь ня ведала з далёкіх трыццатых гадоў мінулага стагодзьдзя».

«Сэрца абліваецца крывёю, калі пачынаеш узгадваць жудасныя рэаліі апошняга часу. Хто мог падумаць, што зьдзекі зь людзей, якія ў лёсавызначальны для краіны час праявілі высокую грамадзянскую актыўнасьць, набудуць такі нечуваны размах... Рэпрэсіўны махавік, які раскруціўся ў 2020 годзе, так, на жаль, і не спыняецца», — канстатуе Сярэдзіч і спрабуе адказаць на пытаньне: — А як жа ў такіх тыранічных умовах жыць?».

«Дык што ж рабіць, каб такі горкі лёс не напаткаў кроўную Беларусь? Каб мы, беларусы, ня страцілі сваю незалежнасьць, свой сувэрэнітэт, каб мы чарговы раз ня сталі „северо-западным краем“? Адказ на гэтыя хвалюючыя пытаньні адзін: без нацыянальнага прымірэньня не захаваць нам незалежнасьць Беларусі! А значыць, без згуртаванасьці ўсіх-усіх — і правых, і левых, і кансэрватараў і лібэралаў, і празаходнікаў і праўсходнікаў — ня мець нам шчасьлівай будучыні на роднай зямлі», — лічыць Ёсіф Сярэдзіч.

Ён запрапанаваў свой плян выхаду краіны з палітычнага крызісу і адзначыў, што Расея для Беларусі не паратунак. «Яе сёньняшнія абдымкі ў будучыні могуць аказацца для беларусаў сьмяротнымі», — лічыць Сярэдзіч.

Журналіст згадаў, што рэжым эксплуатуюе тэзіс, што менавіта апазыцыя, так званыя «зьбеглыя», вінаваты ў тым, што Беларусь апынулася ў ізаляцыі ад цывілізаванага сьвету.

Сярэдзіч мяркуе, што некаторыя з тых, хто вымушана праз рэпрэсіі ўжо каторы год знаходзіцца за мяжой і дамагаецца санкцый, змогуць «у адно імгненьне рашуча зьмяніць сваю пазыцыю».

«На які прынцыповы крок дзеля гэтага павінны пайсьці ўлады? Аб’явіць палітычную амністыю, выпусьціць на свабоду ўсіх, каго кінулі за краты за нязгоду з рэжымам, хто асьмеліўся адкрыта выступіць супраць беззаконьня, у абарону правоў чалавека. Як толькі для тысяч такіх людзей адчыняцца вароты турмаў — уся апазыцыя дружна зьвернецца ў міжнародныя структуры з ініцыятывай зьняць усялякія санкцыі зь Беларусі».

На думку Ёсіфа Сярэдзіча, гэта адначасова стане галоўнай перадумовай для дыялёгу аб нацыянальным прымірэньні, на што зьвярнуў увагу ў сваім апошнім слове на судзе той жа праваабаронца Алесь Бяляцкі.

«Калі ўлады пойдуць на такі дзейсны крок, то нават тады, калі высокапастаўленыя асобы згубяць лейцы кіраваньня, то іх, як і сілавікоў, ніхто ня стане перасьледаваць па прынцыпе „зуб за зуб, вока за вока“. Мы, беларусы, талерантны народ, ня ў нашым характары зводзіць рахункі адзін з адным. Дык ці ж сапраўды не перагарнуць нам старонку пройдзенага, аддаць на суд гісторыі ўсё, што ў апошнія гады было добрае, чым змогуць ганарыцца нашчадкі, і ўсё, што не зьявілася здабыткам нацыі ў станоўчым сэнсе, а стала ўрокам, як у далейшым пазбаўляцца ад няправільных дзеяньняў, недарэчных памылак?», — піша галоўны рэдактар «Народнай волі».

Ён адзначае, што, каб улады нарэшце паверылі апазыцыі, а апазыцыя паверыла ўладам, не абысьціся без аўтарытэтных міжнародных пасярэднікаў.

«Асабіста я аддаў бы перавагу, скажам, такім краінам, як нэўтральная Швайцарыя альбо Фінляндыя. Пажадана, каб менавіта іх дыпляматы распачалі канфідэнцыяльныя перамовы як з высокімі асобамі беларускіх уладаў, так і зь лідэрамі апазыцыі. Калі абодва бакі прымуць адзіны альгарытм дыскусіі па ўсім спэктры пытаньняў, зьвязаных з нацыянальным прымірэньнем і вызначэньнем шляхоў далейшага разьвіцьця краіны, тады і можна будзе прызначаць дату сустрэчы дэлегацый у тым ці іншым месцы. Вядома ж, гэта будзе тая краіна, якая возьме на сябе абавязкі стаць мадэратарам дыялёгу ад пачатку да канца».

Сярэдзіч лічыць, што «архіважныя перамовы паміж беларускімі ўладамі і яе апанэнтамі павінны адбыцца да чарговых парлямэнцкіх і мясцовых выбараў, у якіх пры жаданьні змогуць прыняць удзел і ўсе, хто выйдзе на волю па палітычнай амністыі». Такое права для экс-вязьняў, падкрэсьлівае журналісты, неабходна будзе замацаваць асобным пунктам у канчатковым дакумэнце перамоў.

«...Каб не паўтарылася тое, што здарылася ў 2020 годзе, усе наступныя электаральныя кампаніі павінны прайсьці дэмакратычна, у адпаведнасьці з патрабаваньнямі заканадаўства. Ня будзем гадаць, каму з прэтэндэнтаў на парлямэнцкі ці прэзыдэнцкі мандат у будучыні аддасьць перавагу народ — важна, каб кожны голас быў улічаны, каб ні ў кога і падазрэньняў не ўзьнікала, што мела месца нейкае махлярства, парушэньне нормаў дэмакратыі, грамадзянскіх правоў».

Напрыканцы свайго адкрытага ліста Сярэдзіч падкрэсьліў, што апублікаваць такі зварот вырашыў сам — ні адзін, ні другі бок не ўпаўнаважваў яго зрабіць гэта.

«Сёньня, як, бадай, ніколі на працягу апошніх дваццаці-трыццаці гадоў, наша незалежнасьць знаходзіцца ў страшэннай небяспецы. Уратаваць Радзіму зможам толькі ўсе разам! І гэта наш святы абавязак!», — заявіў Сярэдзіч.

  • Ёсіф Сярэдзіч — дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га склікання, заснавальнік і галоўны рэдактар незалежнай газеты «Народная воля».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG