3 жніўня сьпіс беларускіх прадпрыемстваў і асобаў, якія трапілі пад новыя санкцыі Эўразьвязу, апублікаваны ў афіцыйным часопісе ЭЗ.
Сярод прадпрыемстваў пад санкцыі трапілі:
- ААТ «Менскі электратэхнічны завод»,
- ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“»,
- Белнафтахім.
У санкцыйным сьпісе фізычных асобаў:
- Аляксандар Карніенка, былы начальнік папраўчай калёніі № 17 у Шклове, быў начальнікам гэтай калёніі на момант гібелі ў ёй палітвязьня Вітольда Ашурка;
- Андрэй Пальчык, экс-начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
- Аляксандар Кароль, старшы пракурор Генпракуратуры, сярод іншага, падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачваньне ў справах супраць Нобэлеўскага ляўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага і іншых вясноўцаў, у справах Эдуарда Бабарыкі, Марыі Калесьнікавай, Максіма Знака, Алеся Пушкіна;
- Міхаіл Мурашкін, былы намесьнік кіраўніка гарадзкога аддзелу МУС у Жодзіне;
- Мікалай Максімовіч, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УВД Менскага аблвыканкаму;
- Пётр Арлоў, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, выносіў прысуд на «завочным судзе» Сьвятлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым фігурантам справы Каардынацыйнай рады;
- Руслан Машадзіеў, начальнік папраўчай калёніі № 1 у Наваполацку;
- Сяргей Карчэўскі, начальнік рэжымнай часткі папраўчай калёніі № 17 у Шклове;
- Сяргей Масьлюкоў, начальнік выхаўчай калёніі ў Бабруйску;
- Сьвятлана Бандарэнка, судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску, вынесла прысуд журналістцы Tut.by Кацярыне Барысевіч і лекару Арцёму Сарокіну за «разгалошваньне лекарскай тайны» па справе забітага Рамана Бандарэнкі;
- Сьвятлана Паходава, начальніца жаночай папраўчай калёніі № 4 у Гомлі;
- Тацяна Пірожнікава, судзьдзя суду Маскоўскага раёну Менску;
- Тацяна Гракун, старшы пракурор у пракуратуры Менскай вобласьці;
- Валянціна Зянкевіч, судзьдзя Менскага гарадзкога суду, вынесла прысуд рэдактаркам Tut.by Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай;
- Яўген Бубіч, начальнік папраўчай калёніі №2 у Бабруйску;
- Юры Васілевіч, начальнік папраўчай калёніі № 14 у Навасадах;
- Раман Бізюк, пракурор Менскага гарадзкога суду, у прыватнасьці, выступаў на баку абвінавачаньня ў справе праваабаронцы Марфы Рабковай;
- Сяргей Хрыпач, судзьдзя Менскага гарадзкога суду;
- прапагандыст Вадзім Гігін, цяперашні дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, былы кіраўнік дзяржаўна-грамадзкага таварыства «Веды», дэкан факультэту філязофіі і сацыяльных навук БДУ;
- прапагандыстка Ксенія Лебедзева, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь 1»;
- Зiнаiда Балабалава, судзьдзя Наваполацкага гарадзкога суду;
- Галіна Кніжонак, судзьдзя суду Мазырскага раёну;
- Ганна Лявусік, судзьдзя Ленінскага раённага суду Горадні;
- Генадзь Кудласевіч, судзьдзя Іванаўскага раённага суду;
- Іна Паўлоўская, судзьдзя Баранавіцкага раённага суду;
- Аляксандар Тараканаў, судзьдзя Шклоўскага раённага суду;
- Дзьмітры Бубенчык, судзьдзя Гомельскага раённага суду, вынес прысуд журналістцы тэлеканалу «Белсат» Кацярыне Андрэевай;
- Алег Харошка, судзьдзя Гомельскага абласнога суду;
- Анастасія Бенедзісюк, прапагандыстка, супрацоўніца дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 1»;
- Яўген Пуставы, прапагандыст, супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканала СТВ;
- Алена Гормаш, судзьдзя суду Бабруйскага раёну і Бабруйску;
- Андрэй Тарасевіч, судзьдзя Глыбоцкага раённага суду;
- Ганна Асіпенка, судзьдзя суду Бабруйскага раёну і Бабруйску;
- Ірына Падкавырава, беларускі пракурор;
- Людміла Вашчанка, судзьдзя Глыбоцкага раённага суду;
- Уладзімер Давыдаў, судзьдзя Вярхоўнага суду;
- Вячаслаў Елісеенка, судзьдзя Докшыцкага раённага суду;
- Антон Каляга, сьледчы Галоўнага ўпраўленьня па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі цэнтральнага апарату Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь.
3 жніўня таксама набылі сілу новыя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі за падтрымку Расеі ў вайне. Імі ўводзіцца дадатковая забарона «на экспарт агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, а таксама тавараў і тэхналёгій, прыдатных для выкарыстаньня ў авіяцыі і касьмічнай прамысловасьці». У гэтым пляне санкцыі ў дачыненьні да Беларусі прыводзяцца ў адпаведнасьць з абмежавальнымі мерамі, уведзенымі супраць Расеі.
26 ліпеня камітэт сталых прадстаўнікоў краін Эўразьвязу ўзгадніў увядзеньне новых санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску «з прычыны сытуацыі ў краіне і датычнасьці Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны».
Раней ЭЗ увёў шэсьць пакетаў санкцый супраць Беларусі, папярэдні раз — больш як год таму, у чэрвені 2022-га.
Камэнтар Офісу Ціханоўскай
У камэнтары агенцтву BNP галоўны дарадца дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў, што новыя санкцыі ЭЗ — важны сыгнал Лукашэнку, што беспакаранасьці ня будзе.
«Лепш позна, чым ніколі. На жаль, больш за год санкцыі супраць рэжыму блякаваліся, што ў вялікай ступені разьвязала рукі Лукашэнку, прывяло да эскаляцыі рэпрэсій, арыштаў і яшчэ большага ўцягваньня Беларусі ў вайну і расейскую арбіту», — заявіў ён.
Вячорка канстатаваў, што лабістам рэжыму на Захадзе «так і не ўдалося зьняць санкцыі з калію». Разам з тым ён лічыць, што новыя санкцыі «несувымерныя з маштабам рэпрэсій і злачынствамі рэжыму». «Але будзе працяг, ужо сёньня мы пачынаем над гэтым працаваць», — падкрэсьліў галоўны дарадца Ціханоўскай.
Ён адзначыў, што санкцыі — гэта «не панацэя, а сродак для зьмены сытуацыі». «Гэта інструмэнт прыцягненьня да адказнасьці, гэта інструмэнт вызваленьня людзей з турмаў, — мяркуе Вячорка. — Санкцыі могуць дапамагчы і ў вызваленьні палітвязьняў, і ў вызваленьні Беларусі. Мы прапануем партнэрам разгледзець санкцыі супраць Расеі за падрыў сувэрэнітэту Беларусі. Над гэтым вядзецца праца».