Пры гэтым на папярэднім аналягічным саміце, які прайшоў у 2019 годзе ў Сочы, гаварылася пра больш за 20 мільярдаў даляраў сьпісанага доўгу. Такім чынам, за тры гады Расея даравала Афрыцы каля трох мільярдаў даляраў. Пуцін паабяцаў, што «па апошніх запытах афрыканскіх краінаў» Расея выдзеліць ім яшчэ больш за 90 мільёнаў долараў.
Таксама Пуцін заявіў, што па выніках 2022 года расейска-афрыканскі таваразварот дасягнуў 18 мільярдаў даляраў, а за першае паўгодзьдзе 2023 году вырас яшчэ на траціну.
Асобна Пуцін сказаў пра пастаўкі збожжа: у 2022 годзе Расея экспартавала ў Афрыку 11,5 мільёна тон збожжавых, а за адно паўгодзьдзе гэтага году — ужо амаль дзесяць мільёнаў тон.
На пленарным пасяджэньні форуму ў пятніцу быў падпісаны пакет дакумэнтаў аб супрацоўніцтве. Пуцін заявіў, што Расея і дзяржавы Афрыкі разам выступаюць за пабудову больш справядлівай архітэктуры ўладкаваньня сьвету, адзначыў неабходнасьць разам супрацьстаяць «распаўзаньню тэрарыстычнай пагрозы» і «спробам замены міжнароднага права так званым парадкам, заснаваным на правілах».
Кіраўнік Афрыканскага саюза Азалі Асумані 28 ліпеня заявіў, што прапановаў прэзыдэнта РФ па пастаўках збожжа ў Афрыку недастаткова.
У заключнай прамове на расейска-афрыканскім саміце ў Санкт-Пецярбургу Асумані таксама заявіў аб неабходнасьці спыненьня агню ў вайне, якую РФ вядзе супраць Украіны. Паводле яго слоў, Пуцін прадэманстраваў гатоўнасьць «да дыялёгу і пошуку рашэньня», і цяпер «трэба пераканаць» Украіну.
Раней Пуцін заявіў афрыканскім лідэрам, што Расея гатовая пастаўляць у Афрыку збожжа, частку — бясплатна, пасьля таго, як на мінулым тыдні адмовілася падоўжыць Чарнаморскую збожжавую ініцыятыву. Пагадненьне, заключанае ў мінулым годзе пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны, дазволіла Ўкраіне бясьпечна экспартаваць збожжа з партоў Чорнага мора, нягледзячы на вайну.
Сусьветная цана на збожжа рэзка вырасла пасьля таго, як Расея выйшла з пагадненьня і пасьля пачала бамбаваць партовую інфраструктуру Ўкраіны.
Расея хоча даць ад 25 да 50 тысячаў тон збожжа бясплатна ў бліжэйшыя тры-чатыры месяцы, заявіў Пуцін лідэрам афрыканскіх краінаў 27 ліпеня. Збожжа атрымаюць Зімбабвэ, Малі, Буркіна-Фасо, Самалі, Эрытрэя і Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка.
Асумані сказаў, што Пуцін «паказаў, што гатовы дапамагчы ў справе паставак збожжа», дадаўшы, што гэта важна, «але можа быць недастаткова». «Трэба дамагчыся спыненьня агню», — сказаў ён.
Пуцін заявіў афрыканскім лідэрам, што Кіеў адмаўляецца ад перамоваў. Расея даўно заяўляе, што адкрытая для перамоваў, але яны павінныя ўлічваць «новыя рэаліі» на месцы, гэта значыць заяўленую расейскімі ўладамі незаконную анэксію тэрыторый чатырох украінскіх абласьцей.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі адхіліў ідэю спыненьня агню на расейскіх умовах, заявіўшы, што гэта пакіне прыкладна 20% тэрыторыі Ўкраіны пад кантролем Расеі і дасьць расейскім войскам час перагрупавацца пасьля 17 месяцаў шырокамаштабнай вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.