Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на Падляшшы ўшанавала памяць паўстанцаў Каліноўскага і забітых праваслаўных беларусаў


Сьвятлана Ціханоўская на адкрыцьці сквэру Вольнай Беларусі ў Беластоку 14 ліпеня 2023 году.
Сьвятлана Ціханоўская на адкрыцьці сквэру Вольнай Беларусі ў Беластоку 14 ліпеня 2023 году.

Зьвязаныя з Беларусьсю і беларускай меншасьцю ў Польшчы мясьціны 15 ліпеня наведала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) Сьвятлана Ціханоўская падчас візыту на Падляшша.

Паводле слоў галоўны дарадцы Ціханоўскай Франака Вячоркі, палітык наведала беларускую рэдакцыю Польскага радыё ў Беластоку, падзякавала калектыву за працу і «падкрэсьліла важнасьць беларускамоўных мэдыя для захаваньня беларускай ідэнтычнасьці».

Разам з намесьнікам АПК Паўлам Латушкам Ціханоўская сустрэлася з настаўнікамі і вучнямі беларускамоўных адукацыйных устаноў у Бельску-Падляскім — базавай школы № 3 імя Яраслава Кастыцэвіча і 2-га агульнаадукацыйнага ліцэя імя Браніслава Тарашкевіча. Дэмакратычны лідэр, паводле слоў Вячоркі, «адзначыла важнасьць захаваньня беларускамоўнай адукацыі», якую рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў самой Беларусі не падтрымлівае.

Галоўны дарадца палітыка паведаміў, што Ціханоўская «паўдзельнічала ў праваслаўнай службе і ўсклала кветкі да крыжа у памяць ахвяраў забітых жыхароў вёскі Заляшаны», дзе «ў 1946-м годзе атрады пад камандаваньнем Рамуальда Райса „Бурага“, забілі дзясяткі праваслаўных беларусаў». «У 2021 годзе гэтае месца наведаў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і аддаў пашану бязьвінным ахвярам», — нагадаў Вячорка.

Пасьля Сьвятлана Ціханоўская наведала адзін з шасьці праваслаўных манастыроў Польшчы — жаночы манастыр сьвятой Кацярыны ў Заляшанах.

«Напрыканцы Ціханоўская наведала вёску Мастаўляны, дзе нарадзіўся Кастусь Каліноўскі, і ўсклала кветкі да помніка паўстанцам. Мастаўляны — самае геаграфічна блізкае да Беларусі месца. Ціханоўская знаходзілася за 200 мэтраў ад беларускай мяжы», — адзначыў Вячорка.

Увечары Сьвятлана Ціханоўская адкрыла «Фэстываль абуджаных Tutaka» у мястэчку Гродэк.

Хто такая Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.

Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская
  • Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
  • 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
  • Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
  • Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
  • Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
  • З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
  • Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
  • 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
  • 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
  • Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
  • Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
  • Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
  • За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
  • Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
  • У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
  • У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
  • Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
  • У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
  • У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG