У Сумах у выніку расейскай атакі дронамі 3 ліпеня 2023 году загінулі трое цывільных і яшчэ 21 атрымаў раненьні
Расея працягвае абстрэлы тылавых гарадоў і лініі фронта ва Ўкраіне.
У Міністэрстве абароны Расеі заявілі, што раніцай 4 ліпеня папярэдзілі нібыта ўкраінскую спробу атакаваць цывільныя аб’екты ў Падмаскоўі.
«Чатыры ўкраінскія бесьпілётнікі на тэрыторыі Новай Масквы зьнішчылі сродкі СПА. Яшчэ адзін бесьпілётнік прыдушылі сродкі радыёэлектроннай барацьбы і ён разьбіўся на тэрыторыі Адзінцоўскага раёну Маскоўскай вобласьці», — адзначаецца ў афіцыйным тэлеграм-канале Мінабароны Расеі.
Згодна з паведамленьнем, у выніку атакі пацярпелых і разбурэньняў няма.
У Міністэрстве замежных спраў Расеі абвінавацілі ўлады Ўкраіны ў атацы на «аб’екты цывільнай інфраструктуры, у тым ліку на аэрапорт» і назвалі гэта «актам міжнароднага тэрарызму».
Пацьвердзіць або зьняпраўдзіць гэтую інфармацыю ва ўмовах вайны і адсутнасьці доступу да інфармацыі незалежных журналістаў немагчыма.
Расея не спыняе абстрэлаў тылавых і франтавых ліній Украіны
У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што за мінулыя содні расейскія войскі нанесьлі 56 авіяцыйных удараў і 77 абстрэлаў з рэактыўных сыстэм залпавага агню па пазыцыях украінскіх войскаў і населеных пунктах.
Дадаткова Расея запусьціла па Сумскай, Данецкай і Запароскай абласьцях 22 іранскія дроны. У Сумах ракеты пацэлілі ў жылы будынак, у выніку трое цывільных загінулі і яшчэ 21 атрымаў раненьні.
Улады Данецкай вобласьці паведамілі, што ад расейскіх абстрэлаў у рэгіёне загінуў адзін грамадзянін і два атрымалі раненьні, але не з усяго рэгіёну ёсьць доступ да інфармацыі аб пацярпелых.
Расейцы амаль не спыняюць абстрэлы Харкаўскай вобласьці. Паводле мясцовых уладаў, у Купянскім, Харкаўскім і Ізюмскім раёнах пашкоджаныя жылыя будынкі і сельгаспрадпрыемствы. Пацярпелых пакуль няма.