Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары-2024. Удзельнічаць? Байкатаваць? Ігнараваць? Абмеркаваньне палітолягаў


Андрэй Казакевіч, Андрэй Лаўрухін, каляж
Андрэй Казакевіч, Андрэй Лаўрухін, каляж

Якой тактыкі будуць прытрымлівацца дэмакратычныя сілы на парлямэнцкіх і мясцовых выбарах 2024 году? Як на хаду электаральнай кампаніі можа паўплываць вайна? Хто будзе балятавацца на гэтых выбарах? Ці можа гэтая кампанія прыпасьці на грамадзкі пад’ём?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і дырэктар па дасьледаваньнях Інстытуту разьвіцьця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Ўсходняй Эўропы Андрэй Лаўрухін.

— На 25 лютага 2024 году ў Беларусі прызначаны парлямэнцкія і мясцовыя выбары. Аляксандар Лукашэнка напрыканцы траўня сустракаўся са старшынём ЦВК Ігарам Карпенкам і абмеркаваў падрыхтоўку да выбараў.

Пра тое, што рабіць на тых выбарах, думаюць і дэмакратычныя сілы, і тыя беларусы, якія прытрымліваюцца дэмакратычных поглядаў.

Якія дзеяньні могуць прынесьці ім хоць нейкі плён?

Казакевіч: Калі зыходзіць з тых дыскусіяў, якія цяпер вядуцца, то самы распаўсюджаны сцэнар — гэта ігнараваньне гэтых выбараў. Не байкот, а менавіта ігнараваньне. Сама працэдура будзе відавочна непразрыстая, яна была замацаваная рэфэрэндумам 2022 году, які не прызнаецца легітымным. Умоў для легальнай альтэрнатыўнай палітычнай дзейнасьці ў сучаснай Беларусі проста няма. Прапанаваць нейкія мэханізмы працы зь людзьмі ў межах гэтай кампаніі вельмі складана.

Таксама абмяркоўваецца ідэя інфармацыйнай кампаніі ў межах гэтых выбараў, каб праінфармаваць людзей пра наяўнасьць альтэрнатывы і зьнізіць легітымнасьць той працэдуры, якая чакаецца ў наступным годзе.

Гэта два асноўныя сцэнары. Іншыя варыянты пакуль сурʼёзна не абмяркоўваюцца.

— Ці абмяркоўваюцца варыянты нейкіх альтэрнатыўных выбараў, паралельных Лукашэнкавым? У свой час Валер Цапкала абяцаў правесьці выбары ў Нацыянальную раду, пэўны час таму гаварылася пра выбары ў Каардынацыйную раду.

Лаўрухін: Сытуацыя даволі тупіковая. Тыя варыянты, якія пералічыў Казакевіч, — гэта таксама ня тое, што можа спарадзіць Падзею, хаця б у нечым блізкую да 2020 году. 2020 год стаў магчымы таму, што былі легальныя магчымасьці для палітычнай дзейнасьці, для ўдзелу ў выбарах. Цяпер гэтага няма, і выглядае, што ня будзе і ў 2024 годзе.

Усе незалежныя інфармацыйныя крыніцы будуць абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ці «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Гэта збольшага зроблена ўжо. І карыстаньне імі будзе падставай для крымінальнай справы супраць карыстальнікаў.

І гэта маральная дылема для тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі. Інфармацыйныя крыніцы трэба выкарыстоўваць, але ў выпадку чаго ахвярамі стануць людзі ўнутры краіны.

Што тычыцца Каардынацыйнай рады, то абраньне яе чальцоў сапраўды надало б гэтаму органу легітымнасьці. Але як арганізаваць галасаваньне? Ці можна давяраць вынікам такога галасаваньня, калі яно будзе ананімнае?

Мне здаецца, што байкот — найбольш лягічная, хоць і безвыніковая, стратэгія з найменшымі ахвярамі.

— А ці правільна экстрапаляваць цяперашнія ўмовы на люты 2024 году? Можа, напярэдадні кампаніі ўлада, кіруючыся нейкімі сваімі разьлікамі, пойдзе на паслабленьні, хай і дэкаратыўныя? Напярэдадні рэфэрэндуму 2022 году такія гіпотэзы гучалі. Яны, як вядома, ня спраўдзіліся. А можа, у 2024 годзе спраўдзяцца? Можа, аслабяць хватку, каб нешта паказаць... Праўда, незразумела каму — Захаду, таварышу Сі, Госпаду Богу...

Казакевіч: Правільнае пытаньне — каму? Каму трэба будзе паказаць гэтыя гіпатэтычныя паслабленьні? Такі сцэнар магчымы, але толькі ў рамках больш шырокіх захадаў па нармалізацыі стасункаў з Захадам. Калі гэтыя меры будуць прымацца, то яны сапраўды вымагаюць большай адкрытасьці, хай і фармальнай, зьніжэньня ўзроўню рэпрэсіяў. Іншых прычынаў для ўладаў рабіць нейкую «адлігу» я ня бачу, асабліва калі будзе працягвацца вайна.

Расеі, наадварот, выгадна, каб у Беларусі захоўваўся жорсткі рэжым. Гэта на 100% гарантуе, што стасункі Менску з Захадам будуць кепскія і ня будзе ніякага дрэйфу краіны ў заходні бок. Тады будзе захоўвацца раскол у беларускім грамадзтве.

Іншым міжнародным гульцам, кшталту Кітаю і Турэччыны, наагул абыякавыя ўнутраныя абставіны ў Беларусі. Так што толькі фактар Захаду можа на гэта паўплываць. Але няма ніякіх прыкметаў нармалізацыі стасункаў зь ім ці падрыхтоўкі да яе.

— А як на сытуацыю ў Беларусі падчас выбараў 2024 году будзе ўплываць вайна? Дапусьцім, што яна будзе працягвацца ў той час. Для прастаты дапусьцім, што Беларусь, як і цяпер, ня ўдзельнічае ў ёй сваім войскам.

Лаўрухін: Няма сумневаў, што ў лютым наступнага году вайна будзе працягвацца. Ніхто з сурʼёзных экспэртаў у гэтым не сумняецца. Адзін варыянт — кансэрватыўны: працягваецца пазыцыйная вайна, ніводзін з бакоў не дасягае істотных вынікаў. Тады і ў Беларусі будзе кансэрватыўны сцэнар: палітыка ўладаў будзе прыкладна такая самая, як цяпер. У пэўным сэнсе для беларусаў гэта быў бы, магчыма, і ня горшы сцэнар. Іншы варыянт — Украіна дамагаецца значных посьпехаў. Тады ў Беларусі можа ўзмацніцца мілітарызацыя, большы ціск на Лукашэнку з Масквы, каб глыбей уцягнуць Беларусь у вайну.

Ну, і варыянт, пры якім Расея даможацца істотных вынікаў на полі бою — мне тут цяжка нават спрагназаваць наступствы для Беларусі.

— Наўрад ці дэмакратычныя сілы, палітычныя партыі (калі яны захаваюцца да лютага 2024 году) будуць публічна заклікаць сваіх прыхільнікаў балятавацца на выбарах. Але ня выключана, што пэўная колькасьць людзей — прыхільнікаў пераменаў — пойдзе балятавацца самастойна, саматужна. У 2020 годзе гэтак вылучылі свае кандыдатуры Валер Цапкала, Віктар Бабарыка, Сяргей і Сьвятлана Ціханоўскія. Ніякія дэмакратычныя сілы іх тады не вылучалі. Дарэчы, «Моладзевы блёк» на парлямэнцкіх выбарах 2019 году таксама вылучаўся не на заклік традыцыйных палітычных сілаў. Гэта ня можа паўтарыцца ў 2024 годзе?

Казакевіч: Такім людзям, як Бабарыка, у 2020 годзе паказалі, што бывае за такія ініцыятывы. І гэты досьвед вельмі траўматычны, у тым ліку і для людзей, якія хочуць ці захочуць разьвіваць нейкія свае палітычныя праекты. Цяпер няма адпаведнай грамадзкай атмасфэры для падобных ініцыятываў, для такіх кандыдатаў. Да 2020 году ўлада не пярэчыла самастойным вылучэньням, а часам нават і заклікала да іх. Цяпер падобныя намеры яна ацэньвае зусім інакш. І я думаю, што такіх ахвотных будзе вельмі мала. Па-першае, таму, што наўрад ці ў каго будзе вера ў магчымасьць перамогі на выбарах. А па-другое, улады маюць надзейны мэханізм, які яны выкарыстоўвалі і ў 2020 годзе — гэта проста адмова ў рэгістрацыі непажаданым кандыдатам.

— Якімі будуць грамадзкія настроі, грамадзкая атмасфэра ў лютым 2024 году? У 2020 годзе выбуховы рост папулярнасьці Бабарыкі, Цапкалы і Ціханоўскіх быў выкліканы ня столькі тым, што яны самі па сабе былі палітычнымі гігантамі, колькі тым, што яны супалі з запытам грамадзтва. Ці могуць выбары 2024 году прыпасьці на грамадзкі падʼём, супасьці зь ім? Цяпер даміноўнае пачуцьцё ў многіх у Беларусі — стома. Але, магчыма, у лютым 2024 году стома зьменіцца грамадзкай мабілізацыяй?

Лаўрухін: Выключаць нічога нельга. Мы ўсе жадаем, каб так і адбылося. Але грамадзтва ня толькі стомленае, яно ў жахлівым стане, яно зьнясіленае. Які тут уздым? Каб ён быў, павінен адключыцца рэпрэсіўны апарат. А зь якой прычыны ён адключыцца? Павінен быць вельмі моцны імпульс, каб пераламаць дзеяньні гэтага апарату, а ня проста зьмена настрою: мы адпачылі і зноў зацікавіліся палітыкай. Людзі цяпер ведаюць цану палітычнага дзеяньня. Раней яны былі наіўныя, думалі, што выйдуць на пратэст, атрымаюць у найгоршым выпадку дубінкай і 15 сутак — гэта цярпіма. Цяпер вядома, што за такое чакае турма (магчыма, нават шматгадовае зьняволеньне), пасьля якой вы выйдзеце інвалідам. Каб выходзіць на пратэст з такой пэрспэктывай, патрэбная надзвычай моцная матывацыя. Я ня бачу чыньнікаў, якія да лютага 2024 году яе спародзяць.

Хіба на гэта можа паўплываць цуд на полі бою ва Ўкраіне. Калі ён адбудзецца, гэта можа паўплываць на сытуацыю ў Расеі, а пад уплывам зьменаў у Расеі падобныя зьмены могуць адбыцца і ў Беларусі.

Казакевіч: У развагах пра пэрспэктывы падʼёму ці не ключавы фактар — гэта фактар Расеі. Беларусь цяпер вельмі залежная ад Масквы. У такіх сыстэмах зьмены вельмі рэдка ідуць знутры. Калі гэтыя зьмены нявыгадныя «мэтраполіі», яна мае дастаткова рэсурсаў, каб аказаць вырашальную дапамогу тым сілам, якія ёй выгадныя. Таму магчымасьці для ўнутраных зьменаў у Беларусі вельмі абмежаваныя. Лаўрухін слушна апісаў магчымы мэханізм: кардынальныя зьмены на полі бою ва Ўкраіне, як вынік — палітычныя зьмены ў Расеі, і гэта адчыняе вакно магчымасьцяў у Беларусі. Бяз гэтага Расея будзе проста цэмэнтаваць тую сыстэму, якая склалася ў Беларусі.

Цяперашняя лукашэнкаўская Беларусь — найлепшы партнэр для цяперашняй Расеі. Далучэньне Беларусі да РФ — горшы варыянт для Расеі, чым існае становішча. Ён тоіць у сабе шмат рызыкаў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG