Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку даручылі няцарскую справу». Тлумачэньне аналітыкаў


Максім Самарукаў, Аляксандар Лукашэнка, Вадзім Мажэйка. Каляж
Максім Самарукаў, Аляксандар Лукашэнка, Вадзім Мажэйка. Каляж

Якая роля Лукашэнкі ў нядаўнім крызісе зь мяцяжом у Расеі? Ці пацьвярджае яна ягоны статус марыянэткі Крамля? Як доўга затрымаецца Прыгожын у Беларусі? Ці сапраўды Лукашэнка зьбіраўся кінуць на абарону Масквы брыгаду беларускага войска?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць каардынатар экспэртнай сеткі «Наше мнение», палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і экспэрт цэнтру Карнэгі па вывучэньні Эўразіі і Расеі Максім Самарукаў.

— Вельмі часта мы чулі ацэнкі: Лукашэнка — марыянэтка, васал кшталту Пушыліна ці Кадырава, «пудэль Пуціна». Калі ацэньваць паводзіны ў расейскім крызісе з збройным выступам Яўгенія Прыгожына — ці пацьвярджаюць яны такое вызначэньне статусу Лукашэнкі?

Мажэйка: Ня трэба лічыць Лукашэнку супэрнезалежным актарам, каб згадзіцца з тым, што ён ня «пудэль Пуціна». Але гэты расейскі палітычны крызіс прадэманстраваў, якую ролю ён адыгрывае ў расейскай палітычнай сыстэме.

Беларусь, нягледзячы на ўсе размовы пра акупацыю, юрыдычна незалежная краіна. І калі «Вагнэр» ня будзе легальным у Расеі, ён можа стаць легальным у Беларусі. Гэта тая паслуга, якую ня можа аказаць Пуціну, скажам, Кадыраў. А можа менавіта Лукашэнка. Для Масквы незалежнасьць Беларусі — гэта ня толькі голас у ААН у падтрымку Расеі, але і такія вось легалісцкія паслугі.

Крыніцы выданьня «Медуза» ў кулюарах расейскай улады казалі, што Прыгожын патрабаваў удзелу ў перамовах першай асобы. А паколькі Пуцін размаўляць зь ім не хацеў, то якую іншую першую асобу Крэмль мог прапанаваць у якасьці суразмоўцы? Цалкам лягічна было зьвярнуцца да Лукашэнкі.

І ён гэтую паслугу Крамлю аказаў. Але я б не перабольшваў узровень ягонай незалежнасьці. З пункту гледжаньня беларускай палітыкі ніякай патрэбы ва ўмяшаньні ў гэты расейскі крызіс не было.

Лукашэнка ўмяшаўся, каб ці то аддзячыць Пуціну за мінулае, ці то зарабіць крэдыт на будучыню. Амбасадар Беларусі ў РФ Дзьмітры Круты ўжо кажа, што газ для Беларусі да 2031 году будзе самы танны ў сьвеце сярод усіх партнэраў Расеі.

Лукашэнка разграбае завалы за Пуціным. Пуцін атрымаў усе праблемы, якія толькі бываюць, калі дзяржава аддае манаполію на гвалт. А расхлёбваць будзе ўсё беларускае грамадзтва.

Самарукаў: Лукашэнка ў вырашэньні гэтага крызісу адыграў важную ролю, таму што ў яго ёсьць той актыў, якога няма ў ніводнага расейскага дзеяча — у яго ёсьць краіна, якая прызнаецца на міжнародным узроўні як незалежная дзяржава. Сечын, Прыгожын, Шайгу могуць быць вельмі ўплывовымі ў Расеі, але ўласнай краіны ў іх пакуль няма.

Тут быў патрэбны нехта, хто можа прапанаваць Прыгожыну яснае выйсьце, якое не азначае для яго страты ўлады, якое дае хаця б ілюзію гарантыяў бясьпекі.

Ці быў Лукашэнка ў гэтым незаменны? Ну, ёсьць яшчэ кіраўнікі Абхазіі, Паўднёвай Асэтыі. Паколькі Расея прызнае іх незалежнасьць, напэўна, і яны маглі даць Прыгожыну прытулак. Але Беларусь — як краіна, чый сувэрэнітэт фармальна ніхто ня ставіць пад сумнеў, — выглядала значна больш саліднай.

Аднак тое, што Лукашэнка выпрацаваў ці дапамагаў выпрацаваць гэтую формулу — гэта немагчыма сябе ўявіць.

Лукашэнка ў сваёй вэрсіі сам сабе супярэчыць. Ён кажа, што Пуцін тэлефанаваў Прыгожыну, Прыгожын нібыта ня браў слухаўку, і таму тэлефанаваць мусіў Лукашэнка. Хаця ўвесь гэты мяцеж ад пачатку быў учынены дзеля таго, каб пагаварыць з Пуціным. Уявіць сабе, што Прыгожын пачаў мяцеж, каб пагаварыць з Пуціным, і потым адмовіўся размаўляць? Лукашэнка любіць выдаваць экзатычныя вэрсіі падзей, якія падкрэсьліваюць ягоную незаменную ролю.

— 27 чэрвеня пры ўручэньні генэральскіх пагонаў Лукашэнка агучыў сваю вэрсію крызісу зь мяцяжом. Ён заявіў, што Прыгожын ужо ў Беларусі. Падчас выступу таксама зьвярнуўся да Прыгожына: «Як я і абяцаў, калі вы хочаце нейкі час у нас перакантавацца і іншае, мы вам дапаможам». Як вы мяркуеце, як доўга ён будзе «кантавацца» ў Беларусі?

Мажэйка: Мы ня ведаем, ці сапраўды Прыгожын у Беларусі. Мы ведаем, што ў Беларусь лятаў яго самалёт. Але ці ён у Беларусі, мы ведаем толькі са словаў Лукашэнкі.

Прыгожыну, сапраўды, трэба неяк застацца жывым і знайсьці нейкую юрысдыкцыю для «Вагнэра», але ў мяне ёсьць вялікі сумнеў, што Лукашэнка дасьць яму сталую аснашчаную базу. Лягеры «Вагнэра» зь цяжкай тэхнікай у Беларусі будуць ствараць небясьпеку найперш для Лукашэнкі. Мы ўбачылі, як Прыгожын можа паварочваць штыхі супраць тых, хто яго раней падтрымліваў.

— Максім, Пуцін у сваім звароце ў панядзелак даў адназначныя вызначэньні кіраўніцтву «Вагнэра» — злачынцы, мяцежнікі, здраднікі. І здрадніку даюць магчымасьць «перакантавацца» ў васала, сатэліта, марыянэткі Расеі? Так?

Самарукаў: У гэтым якраз галоўная праблема гэтай угоды. Лукашэнка прадстаўляе сябе як уплывовага пасярэдніка і гаранта выкананьня гэтай угоды. Але ён ня мае ніякага ўплыву на тое, каб рэальна гарантаваць яе выкананьне.

І ўжо відавочна, што гэтая ўгода выкананая ня будзе. І калі меркаваць па апошніх выступах Пуціна, ніякага перабазаваньня «Вагнэра» ў Беларусь у нязьменным выглядзе не прадугледжваецца. Цяжкую тэхніку ў іх ужо забірае Міністэрства абароны. Ад улады ідуць сыгналы, што калі хто зь іх хоча нармальнага жыцьця, то хай заключаюць кантракты зь Мінабароны. Але, маўляў, калі вы нічога не баіцеся і вам не шкада ні сябе, ні родных, то можаце сысьці ў Беларусь. Але ў падтэксьце прапановы гэтай опцыі — што яе выбіраць ня варта, калі людзі хочуць працягваць больш-менш бясьпечнае жыцьцё.

І тут Лукашэнка трапляе ў непрыемную сытуацыю. Ён зашмат нагаварыў. Ён спрабуе атрымаць асалоду ад імгненьня славы, калі апынуўся ў цэнтры нашумелага на ўвесь сьвет крызісу. Ён паабяцаў, што «Вагнэр» будзе трэніраваць беларускую армію, што будзе ці то атрымліваць грошы зь беларускага бюджэту, ці то наадварот — нават будзе плаціць у беларускі бюджэт. Ён жа сказаў, што «Вагнэр» будзе ўтрымлівацца ў Беларусі за свой кошт.

Але Лукашэнка ж ня можа гарантаваць, што ўсё гэта будзе выканана. Бо рашэньні аб гэтым прымае іншая асоба і ў іншым месцы.

— Ці не атрымліваецца так, што знаходжаньне вагнэраўцаў у Беларусі будзе нечым кшталту інтэрнаваньня? Калі Пуцін у панядзелак апісваў варыянты для вагнэраўцаў, то ён казаў — альбо кантракт з МА РФ (працягваць служыць Расеі), альбо вяртаньне да радні, альбо сыход у Беларусь. У Беларусі для іх служба Расеі скончыцца.

Самарукаў: Беларусь тут выглядае часовым рашэньнем, куды яны могуць паехаць, але не як велізарная вайсковая кампанія, а, магчыма, толькі вышэйшае кіраўніцтва ПВК ці нават толькі асабіста Прыгожын. Я мяркую, што яны і самі разумеюць, што ніякіх гарантыяў бясьпекі ім Лукашэнка даць ня можа. Мяжа Беларусі з Расеяй абароны ад гневу Крамля ня дасьць.

Я не магу сабе ўявіць, што дастаткова вялікая колькасьць вагнэраўцаў застануцца на працяглы час спакойна жыць і працаваць у Беларусі.

— Лукашэнка ўчора падчас размовы зь міністрам абароны Віктарам Хрэніным казаў пра магчымасьці для вагнэраўцаў у Беларусі: «Мы ім прапанавалі адну з закінутых частак. Калі ласка — плот ёсьць, усё ёсьць. Стаўце намёты». Таксама ён сказаў, што байцы «Вагнэра» будуць працаваць у Беларусі інструктарамі. Ці зразумела, у якім статусе?

Мажэйка: Цікавыя кампэтэнцыі ў вагнэраўцаў, сапраўды, ёсьць. Напрыклад, як наступаць на Маскву і пры гэтым не пацярпець паразы. Яны сапраўды могуць выступаць такімі «легіянэрамі», кажучы спартовай мовай. Калі яны будуць расьсеяныя па розных беларускіх вайсковых частках, яны ня будуць станавіць пагрозы беларускаму рэжыму як цэласнае вайсковае злучэньне. У такой якасьці яны ня змогуць захапіць Менск.

Тут ёсьць гістарычная аналёгія. Кіеўскі князь Алег даслаў сваю дружыну ў Бізантыю паслужыць імпэратару. Але абачліва параіў імпэратару не канцэнтраваць іх у адным месцы, а разаслаць па розных частках і гарнізонах. Бізантыйскі манарх так і зрабіў, і дружына Алега ніякіх беспарадкаў у Бізантыі не ўчыніла.

— Лукашэнка, выступаючы пры ўручэньні генэральскіх пагонаў, паведаміў, што ў разгар крызісу ў Расеі быў гатовы паслаць брыгаду спэцназу на абарону Масквы. Паводле яго, ён прыгразіў гэтым Прыгожыну.

Гэта атрымалася такое адлюстраваньне, зьмена роляў супраць сытуацыі жніўня 2020 году? Тады Лукашэнка прасіў дапамогі ў Пуціна. Цяпер Лукашэнка быў гатовы ў адказ аказаць дапамогу. Дарэчы, ён не сказаў, што на мінулым тыдні аб такой дапамозе яго папрасіў Пуцін.

Самарукаў: Гэта сапраўды ўзнаўленьне сытуацыі 2020 году, толькі зь пераменай роляў, каб падкрэсьліць сваю роўнасьць з Пуціным. Маўляў, быў у мяне складаны момант, Пуцін мне прапаноўваў дапамогу, вось у Пуціна ўзьнік складаны момант, я быў гатовы яму даслаць войскі на дапамогу.

Пры ўсіх дыспрапорцыях мы роўныя. Аднак немагчыма сабе ўявіць, што гэта было рэальна.

Я, дарэчы, ня думаю, што Прыгожын зьбіраўся браць Маскву. Яго капітуляцыя была зьвязаная з тым, што ён не разумеў, што яму далей рабіць. І ніякай неабходнасьці ў беларускіх войсках не было, каб прадухіліць уваход Прыгожына ў Маскву.

Гэтыя перабольшваньні Лукашэнкі тлумачацца тым, што сытуацыя ў цэлым для яго прыніжальная.

Вось ёсьць бандыт, які ўзбунтаваўся. І цару неяк нязручна зь ім размаўляць. Неяк ня царская гэта справа. Але трэба кагосьці паслаць размаўляць. Шайгу ня хоча, ці зь ім ня хочуць размаўляць. Золатаў ня хоча, генпракурор ня хоча. А Лукашэнка пагаджаецца быць «на пасылках». І ідзе дамаўляцца з бандытам.

Мы памятаем, што некалькі гадоў таму ён быў зусім іншым пасярэднікам. Ён тады ладзіў перамовы лідэраў Нямеччыны і Францыі з Пуціным і Парашэнкам. У Менск прыяжджалі высокія госьці. А цяпер ён пасярэднічае ў перамовах з бандытам.

Ну, а цяпер яму з Крамля як бы кажуць: ну, раскажы сваёй унутранай аўдыторыі, што ты быў такі незаменны, як ты ўратаваў Крэмль ад штурму «Вагнэра».

— Але гэта ж і расейскаму насельніцтву пасланьне: вось хто Расею ўратаваў.

Самарукаў: Уплыў на расейскае насельніцтва гэтага вобразу я б не перабольшваў. Яму гэтую прамову цалкам не паказалі, хіба асобныя фрагмэнты, якія ўпісваюцца ў наратыў расейскай улады. Расейская і беларуская прапаганды выдатна ўмеюць падзяляць мэтавыя аўдыторыі.

Мажэйка: Заява Лукашэнкі пра гатоўнасьць паслаць брыгаду на абарону Масквы — яна ня толькі пра мінулае і сучаснае, яна і пра будучыню. Пуцін, дарэчы, у мінулую суботу тэлефанаваў ня толькі Лукашэнку, але і прэзыдэнтам Казахстану — Касым-Жамарту Такаеву, і Ўзбэкістану — Шаўкату Мірзіёеву.

Зь іх публічную заяву зрабіў толькі Такаеў, які сказаў, што гэта ўнутраная справа Расеі. З вуснаў Такаева гэта прагучала крыху зьдзекліва. У студзені мінулага году забурэньні ў Казахстане таксама былі ўнутранай справай Казахстану. І АДКБ тады дапамагла рэжыму Такаева. І цяперашнюю заяву Такаева можна зразумець як пасланьне: вы мне на дапамогу прыйшлі, а я вам ня буду. І сам больш прасіць ня буду.

— На фоне хваласьпеваў Лукашэнкі на свой адрас прагучаў крыху дысанансам заклік ні ў якім разе не рабіць героя ні зь яго, ні з Пуціна, ні з Прыгожына.

Ці не ўсьведамляе ён, што Пуцін мог і затаіць на яго крыўду за аказаную дапамогу?

Мажэйка: Максім слушна сказаў пра арыентацыю на розныя мэтавыя аўдыторыі. Лукашэнку зараз нахвальваюць і беларускія, і расейскія прапагандысты кшталту Кісялёва. Але ж Лукашэнка не забывае, што Пуцін ведае, чыя гэта была ініцыятыва.

І падкрэсьліваньне, што Расею ўратаваў менавіта Лукашэнка, наўрад ці будзе прыемнае Пуціну. Тым больш што ён злапамятны. І словы «ня трэба рабіць зь мяне героя» — гэта спроба адвесьці ад сябе гэтую крыўду Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG