У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі заявілі, што ў Данецкай вобласьці ўкраінскае войска змагло вярнуць частку тэрыторыі, якую Расея акупавала яшчэ ў 2014 годзе.
«Украінскія паветрана-дэсантныя сілы дасягнулі невялікага прасоўваньня на ўсход ад гораду Краснагораўкі недалёка ад гораду Данецку, якая знаходзіцца на старой лініі кантролю. Гэта адзін зь першых выпадкаў пасьля ўварваньня Расеі ў лютым 2022 году, калі ўкраінскія сілы, хутчэй за ўсё, вярнулі сабе тэрыторыю, акупаваную Расеяй з 2014 году», — адзначаецца ў паведамленьні вайсковай выведкі Вялікай Брытаніі.
У той жа час брытанскія выведнікі не ўдакладнілі, пра якія пазыцыі вядзецца. Горад Краснагораўка падпарадкоўваецца Мар’інскай грамадзе Данецкай вобласьці. Расея акупавала гэты населены пункт у пачатку 2023 году.
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны: эпіцэнтар баявых дзеяньняў — Данецкая вобласьць
Сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун паведаміў, што за мінулыя содні ў Данецкай вобласьці на некалькіх кірунках адбылося 38 баявых сутыкненьняў сіл абароны Ўкраіны з расейскімі войскамі.
Паводле яго, расейцы спрабавалі наступаць пад Мар’інкай і Аўдзееўкай, але посьпеху не дасягнулі.
У выніку баёў украінскія сілы вызвалілі вёску Раўнопаль Данецкай вобласьці, якую расейцы захапілі ў сакавіку 2022 году.
Расея перад самітам NATO у Літве праводзіць вучэньні над Балтыкай
Міністэрства абароны Расеі ў сваім тэлеграм-канале паведамляе аб пасьпяховых дзеяньнях сваіх вайскоўцаў і нібыта зьнішчэньні ўкраінскай вайсковай тэхнікі і жывой сілы.
Апроч таго, Узброеныя сілы Расеі праводзяць лётна-тактычныя вучэньні ў небе над Балтыйскім морам. Паведамляецца, што зьнішчальная авіяцыя Балтыйскага флёту выканала стрэльбы па крылатых ракетах і самалётах умоўнага праціўніка.
«Асноўная мэта вучэньняў — праверка гатоўнасьці лётнага складу да выкананьня баявых і спэцыяліных задач па прызначэньні, а таксама практычнае адпрацоўваньне новых тактычных прыёмаў і спосабаў дзеяньняў з поўным выкарыстаньнем баявых магчымасьцяў авіяцыйнай тэхнікі», — адзначылі ў прэс-службы Мінабароны Расеі.
У літоўскай сталіцы Вільні 11-12 ліпеня адбудзецца саміт NATO. Прадугледжваецца, што на сустрэчы, апроч пытаньняў бясьпекі ў рэгіёне, абмяркуюць умовы ўступленьня Ўкраіны ў альянс. Як заявіў у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода прэзыдэнт Чэхіі генэрал Пэтр Павэл, Украіна можа атрымаць гарантыі, якія будуць «нечым сярэднім» паміж ранейшымі гарантыямі NATO Фінляндыі і Ізраілю.
Апроч таго, на саміце ў Вільні можа быць ухвалена рашэньне ў сувязі з плянамі Расеі разьмясьціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. Папярэдне гэта абмяркуюць 16 чэрвеня, у другой палавіне дня, на пасяджэньні групы ядзернага плянаваньня. Пасяджэньне групы будзе закрытае для журналістаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.