Рамонт Чангарскага моста ў кастрычніку 2019. Архіўнае фота
Раней па такім жа сцэнары ўкраінскія сілы атакавалі Антонаўскі мост у Херсонскай вобласьці, пасьля чаго расейскія войскі вымушаны былі пакінуць горад Херсон.
Кіраўнік акупацыйнай расейскай улады Крыму Сяргей Аксёнаў заявіў, што ў ноч на 22 чэрвеня «быў нанесены ўдар» па Чангарскім мосьце, які злучае Крым і акупаваныя Расеяй Запароскую і Херсонскую вобласьці.
«Пацярпелых няма. Цяпер выбухатэхнікі праводзяць экспэртызу для ацэнкі тыпу боепрыпасаў. Профільныя службы пачалі абсьледаваць дарожнае палатно. Аб магчымасьці праезду паведамім цягам гадзіны», — напісаў Сяргей Аксёнаў у сваім тэлеграм-канале.
Акупацыйныя ўлады Крыму заклікалі грамадзян выбіраць іншую дарогу для паездак у Запароскую і Херсонскую вобласьці.
Крым з Херсонскай вобласьцю злучаюць тры дарогі: дзьве праз крымскі горад Армянск (праз Каланчак і Чаплынку, якія цяпер захапіла Расея. — РС) і адна — у раёне Джанкою праз Чангар. Менавіта праз Чангар Расея перакідвала вайсковую тэхніку ў Запароскую вобласьць.
Сьпікер Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў пракамэнтаваў абстрэл Чангарскага мосту.
«Зараз ідзе праца, яна будзе прадоўжана. Гэта плянамерная праца Сіл бясьпекі, абароны, руху супраціву, мясцовага насельніцтва, якое чакае вяртаньня ўкраінскай законнай улады на гэтых тэрыторыях. Магу толькі камэнтаваць, што далей будзе», — сказа Андрэй Юсаў у эфіры «24 каналу».
Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што на запароскім і херсонскім кірунках расейскія войскі вядуць абарончыя дзеяньні, спрабуючы вярнуць пад свой кантроль горад Пяціхаткі Запароскай вобласьці. Паводле ўкраінскага Генштабу, расейцы наносяць інтэнсіўныя авіяцыйныя і артылерыйскія ўдары па населеных пунктах гэтага паўднёвага рэгіёну.
Генштаб таксама паведаміў, што за апошнія дзень ўкраінская авіяцыя нанесла 12 удараў па раёнах канцэнтрацыі расейскіх войскаў і шэсьць — па зэнітна-ракетных комплексах. Геаграфію сваіх удараў у Генштабе Ўзброеных сіл Украіны не ўдакладнілі.
Раней па такім жа сцэнары ўкраінскія сілы атакавалі Антонаўскі мост у Херсонскай вобласьці, пасьля чаго расейскія войскі вымушаны былі пакінуць горад Херсон.