Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заклікае краіны АДКБ да самаізаляцыі і барацьбы з Захадам


Нарада АДКБ у Менску
Нарада АДКБ у Менску

Аляксандр Лукашэнка, карыстаючыся тым, што Беларусь старшынюе ў АДКБ і ўсе нарады ў рамках арганізацыі праходзяць цяпер у Менску, праводзіць сустрэчы зь міністрамі і іншымі высокімі чыноўнікамі краін-удзельніц, ладзіць ім палітінфармацыі, настойліва навязвае сваю карціну сьвету.

І ўсё часьцей у гэтых размовах гучыць заклік да аўтаркіі і барацьбы з Захадам.

Сьцісла:

  • Лукашэнка атаясамлівае інтарэсы Беларусі і Расеі з інтарэсамі іншых краін АДКБ.
  • Кіраўнік Беларусі настойліва працягвае сваю ранейшую лінію на ператварэньне гэтай арганізацыі ў Антызахад.
  • Лукашэнка даводзіць, што ў глябальнай бітве паміж Захадам і Расеяй паняцьце сувэрэнітэту страчвае ранейшы сэнс.
  • Шмат увагі Лукашэнка аддае закліканьню постсавецкіх краін да самаізаляцыі, аўтаркіі.


20 чэрвеня Лукашэнка сустрэўся з кіраўнікамі МЗС АДКБ. Найперш зьвяртае на сябе ўвагу галоўны тэзіс, які ён часта паўтарае апошнім часам. Гэта настойлівая спроба атаясамліваньня інтарэсаў Беларусі і Расеі з інтарэсамі іншых краін АДКБ. Маўляў, у нас адзіны лёс. "Мы, будзем лічыць, у ізаляцыі, як Савецкі Саюз«,— кажа ён. Але ў ізаляцыі апынуліся толькі Беларусь і Расея. Астатнія ўдзельніцы АДКБ актыўна праводзяць шматвэктарную замежную палітыку.

Таксама ў сваім выступе Лукашэнка пасьлядоўна працягваў сваю ранейшую лінію на ператварэньне гэтай арганізацыі ў Антызахад, выкарыстоўваючы ўсё новыя і новыя аргумэнты.

Вось, напрыклад, ён заўважыў, што АДКБ часам слушна крытыкуюць за недахопы ў вырашэньні канкрэтных праблем. «Ёсьць праблемы, ёсьць задачы, іх трэба вырашаць, якія б цяжкія яны ні былі. А мы часам празь іх складанасьць ня хочам іх вырашаць», — сказаў ён. У прыватнасьці, «Кыргызстан даўно просіць дапамагчы ва ўрэгуляваньні канфлікту з Таджыкістанам, абгрунтаваныя прэтэнзіі вылучае Армэнія».

Тут цікавае абгрунтаваньне: навошта патрэбна хутчэй вырашаць гэтыя праблемы. Ня столькі таму, што яны абцяжарваюць жыцьцё народаў гэтых краін, колькі праз тое, што іх здольны дапамагчы пераадолець Захад. А гэта ўжо, аказваецца, небясьпека. Лукашэнка кажа: «Небясьпека палягае ў тым, што калі нашы „сябры-дарадцы“ з Захаду туды ўлезуць (а вы бачыце: яны туды лезуць, як у народзе кажуць, „пішчом“), нам ужо будзе складана вырашаць гэтыя задачы».

Другі прыклад. Лукашэнка кажа: «Нам трэба выпрацаваць агульны, назаву яго, плян нашых дзеяньняў, найперш у эканоміцы. Гэты плян павінен усіх нас аб’яднаць, згуртаваць». Здавалася б, добрая ідэя. Але навошта? «Нам трэба разумець, што ціснуць нас будуць. Нават калі канфлікт ва Ўкраіне скончыцца, ад нас усё роўна не адстануць», — даводзіць Лукашэнка. То бок агульныя дзеяньні ў эканоміцы патрэбныя ня дзеля таго, каб рос дабрабыт народаў, а дзеля супрацьстаяньня заходнім ворагам.

Своеасаблівымі атрымаліся разважаньні пра сувэрэнітэт. Лукашэнка кажа, што «яны, эўрапейцы, папракаюць вас, і мяне ў тым ліку, што мы сувэрэнітэт тут губляем». І як ён аспрэчвае гэтыя закіды? Найперш тым, што сьцьвярджае: самі эўрапейцы нібыта страцілі сувэрэнітэт, здалі яго ЗША. А вось далей прагучала дзіўнаватая рэпліка: «І яны яшчэ папракаюць кагосьці ў страце сувэрэнітэту! Якога сувэрэнітэту? У глябальным маштабе ідзе жорсткая бойка, бітва. Невядома, чым скончыцца».

То бок у перакладзе на зразумелую мову гэта трэба разумець так: у глябальнай бітве паміж Захадам і Расеяй паняцьце сувэрэнітэту губляе ранейшы сэнс. Дзеля перамогі над заходнімі супастатамі можна ім і ахвяраваць. Гэта новае тлумачэньне таго, што адбываецца ў беларуска-расейскіх дачыненьнях.

Ці вось такая шматзначная рэпліка: «За мяжой калі нешта і прапануюць, гэта значыць, у абмен... на нейкую палітыку (калі будзеш бегаць сьледам, шчоўкаць абцасамі і падтрымліваць тую палітыку, якую яны праводзяць)». Дык гэта ж якраз мадэль беларуска-расейскіх адносін.

Шмат увагі Лукашэнка аддаў закліканьню постсавецкіх краін да самаізаляцыі, аўтаркіі: «Нічога вы за межамі нашай прасторы (постсавецкай. — РС) ня знойдзеце». І заклікаў пазбавіцца ад залежнасьці ў пастаўках імпартнай прадукцыі, ствараць альтэрнатыўныя ўласныя плацежныя сыстэмы і інш. У якасьці добрага ўзору прывёў прыклад супрацоўніцтва Беларусі і РФ: «Думаю, мы недалёкія з прэзыдэнтам Расеі, каб на дваіх зрабіць гэты плян. Вядома, самазабясьпечанасьць у нас будзе не 90 працэнтаў, але няхай 80 працэнтаў. Іншага шляху ў нас няма».

Маленькі прыклад таго, да чаго вядзе ізаляцыя ад імпартных тэхналёгій. Нядаўна ўрад Расеі прыняў новыя стандарты ў аўтапраме, якія фактычна вяртаюць яго да ўзроўню савецкіх часоў.

Напрыканцы свайго выступу Лукашэнка сказаў фразу, якую можа лічыць вяршыняй ягонага палітычнага мысьленьня: «Сёньня агрэсіўная гістэрыка, у першую чаргу на Захадзе, заглушае галасы мудрасьці і розуму. Там ня хочуць пачуць ініцыятывы Беларусі па аднаўленьні даверу, умацаваньні рэгіянальнай і міжнароднай бясьпекі». Няўжо разьмяшчэньне на тэрыторыі Беларусі расейскай ядзернай зброі, ініцыяванае Лукашэнкам, гэта і ёсьць голас «мудрасьці і розуму», мірная ініцыятыва Беларусі?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG