Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Архіўнае фота
Лаўроў лічыць, што Захад разглядае АДКБ як «пагрозу свайму дамінаваньню на міжнароднай арэне», таму спрабуе выкарыстоўваць «несумленныя мэтады, каб „убіваць кліны“ у адносіны паміж чальцамі Арганізацыі».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў, які ўдзельнічаў у сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў краін Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў, што Захад спрабуе раскалоць адзінства інтэграцыйных аб’яднаньняў на постсавецкай прасторы.
«Захад апантаны ўсьведамленьнем упэўненасьці ва ўласнай праўдзе, захаваньнем сваёй гегемоніі на міжнароднай арэне, укараненьнем і ўвекавечаньнем сваіх „правілаў“. Гэта праяўляецца ў самых розных сфэрах міжнароднага жыцьця, у тым ліку і ў стаўленьні Захаду да дзейнасьці інтэграцыйных структур на постсавецкай прасторы», — такое выказваньне Лаўрова распаўсюдзілі на афіцыйным тэлеграм-канале МЗС Расеі.
Паводле яго, у прыватнасьці, Захад разглядае АДКБ як «пагрозу свайму дамінаваньню на міжнароднай арэне», таму спрабуе выкарыстоўваць «несумленныя мэтады, каб „забіваць кліны“ у адносіны паміж чальцамі Арганізацыі».
Расея з пачатку свайго ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну пры дапамозе ўладаў Беларусі імкнецца паказаць, што не яна пачала вайну. У той жа час эўрапейскія краіны, ЗША іншыя прадстаўнікі міжнароднай супольнасьці стварылі кааліцыю салідарнасьці з Украінай, у рамках якой ажыцьцяўляецца вайсковая дапамога Ўкраіне.
Гэтыя інфармацыйныя сыгналы Расеі дапамагае прасоўваць і Аляксандар Лукашэнка. 20 чэрвеня ён абвінаваціў ЗША ў расколе Эўропы і заклікаў партнэраў па Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) заставацца разам, нягледзячы на неэфэктыўнасьць ва ўрэгуляваньні канфліктаў і складаную сытуацыю для Расеі, якая «зьяўляецца стрыжнем» арганізацыі.
Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека паведаміла, што ахвярамі поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну сталі 24 862 цывільныя, у тым ліку 9083 забітыя і 15 779 параненых.