Байдэн назваў рэальнай пагрозу Пуціна прымяніць тактычную ядзерную зброю

Джо Байдэн, архіўнае фота
Джо Байдэн, архіўнае фота

Прэзыдэнт Злучаных Штатаў лічыць, што Масква сапраўды можа прымяніць боегалоўкі, якія пачала завозіць у Беларусь.

«Калі я каля двух гадоў таму казаў, што турбуюся аб перасыханьні ракі Калярада, усе глядзелі на мяне, як на вар’ята», — сказаў прэзыдэнт ЗША групе донараў у Каліфорніі ў панядзелак, піша Reuters.

Цяпер, паводле эколягаў, вады там сапраўды стала меней.

«Яны глядзелі на мяне гэтак сама, як калі я казаў, што хвалююся з нагоды выкарыстаньня Пуціным тактычнай ядзернай зброі. Гэта рэальна», — дадаў Джо Байдэн.

Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу 16 чэрвеня адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.

Тады Байдэн назваў такія заявы «безадказнымі».

​
XS
SM
MD
LG