Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер-міністар Літвы: Беларускі дыктатар выйшаў за межы ўнутранай тыраніі, на міжнародную арэну


Канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Выступае прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце, Вільня, 12 чэрвеня 2023
Канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Выступае прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце, Вільня, 12 чэрвеня 2023

Канфэрэнцыя «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя» пачалася 12 чэрвеня ў Вільні.

Канфэрэнцыя праходзіць у Нацыянальным музеі Літвы, яе ладзіць Цэнтар права і дэмакратыі JusticeHub сумесна зь Міністэрствам юстыцыі Літвы.

На канфэрэнцыі выступіла прэм’ер-міністар Літвы Інгрыда Шыманіце, якая заявіла, што «Літва будзе ўдзельнічаць у зборы доказаў, каб гарантаваць, што справядлівасьць пераможа»:

«Рэпрэсіі працягваюцца, яны ніколі не спыняліся падчас нелегітымнага кіраваньня Лукашэнкі. Але ў апошнія два гады зьмянілася адна рэч — Лукашэнка адмовіўся ад сваіх любімых, хоць і падманлівых заяваў пра нэўтральнасьць Беларусі. Беларускі дыктатар вырашыў выйсьці за межы ўнутранай тыраніі, на міжнародную арэну.

Інгрыда Шыманіце
Інгрыда Шыманіце

Спачатку прымусова прызямліўшы рэйс Ryanair і ўзяўшы ў закладнікі больш за 100 грамадзян Эўразьвязу, каб толькі затрымаць і зьнішчыць Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу. Потым паспрабаваўшы стварыць нелягічны, штучны шлях незаконнай міграцыі ў Эўропу і штурхаючы нерэгулярных мігрантаў у Эўразьвяз празь межы зь Літвой, Латвіяй і Польшчай.

Ён ператварыў у зброю людзей, якія, паверыўшы ягонаму рэжыму, хацелі трапіць у „зямлю абяцаную“ — і гэта для іх была не Літва, Латвія ці Польшча. І ўрэшце Лукашэнка стаў саўдзельнікам у злачынстве агрэсіі з боку Расеі і ў шматлікіх ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці, учыненых ва Ўкраіне».

Паводле арганізатараў канфэрэнцыі, толькі за пэрыяд лета-восені 2020 году больш за 5 тысяч беларусаў паскардзіліся на катаваньні. Рэпрэсіі працягваюцца да сёньня. Толькі ў сакавіку 2023 года адбылося 614 затрыманьняў, пры гэтым судзьдзі прызначылі як мінімум 166 адміністрацыйных арыштаў і 36 штрафаў.

Канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Вільня, 12 чэрвеня 2023
Канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Вільня, 12 чэрвеня 2023

Выпадкі катаваньняў у Беларусі арганізатары канфэрэнцыі трактуюць як злачынствы супраць чалавечнасьці.

Зь вітальным словам выступілі Сьвятлана Ціханоўская і спэцдакладчыца ААН аб Беларусі.

Ціханоўская заявіла, што каб аднавіць справядлівасьць у Беларусі, трэба ня толькі вызваліць усіх палітвязьняў і правесьці свабодныя і справядлівыя выбары, але і прыцягнуць да адказнасьці ўсіх, хто здзейсьніў злачынствы:

«Аднак у гэты момант мы павінны вывучыць існыя мэханізмы прыцягненьня дыктатара і яго паплечнікаў да адказнасьці. Іх некалькі: унівэрсальная юрысдыкцыя, спэцыяльныя трыбуналы і спэцыяльныя рэгіянальныя трыбуналы; Міжнародны суд ААН і Міжнародны крымінальны суд, як у выпадку зь незаконнымі перадачамі ўкраінскіх дзяцей.

Канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Выступае Сьвятлана Ціханоўская
Канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Выступае Сьвятлана Ціханоўская

Прашу зьвярнуць асаблівую ўвагу на ўнівэрсальную юрысдыкцыю. Гэта дазваляе дзяржавам перасьледваць злачынствы, учыненыя ў іншых краінах і замежнымі грамадзянамі.

Некалькі справаў аб катаваньнях у Беларусі ўжо заведзеныя ў Літве і Польшчы. Робяцца спробы распачаць падобныя справы ў Чэхіі і Нямеччыне«,— сказала Ціханоўская.

Анаіс Марэн заявіла аб беспрэцэдэнтным ўзроўні рэпрэсій у Беларусі з 2020 году. Марэн прадставіла апошнюю справаздачу ААН аб правах чалавека ў Беларусі.

Павал Латушка (справа) на канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Вільня, 12 чэрвеня 2023
Павал Латушка (справа) на канфэрэнцыі «Адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасьці і міграцыйны крызіс: пэрспэктывы міжнароднага правасудзьдзя». Вільня, 12 чэрвеня 2023

Павал Латушка на канфэрэнцыі згадаў, што ён завочна асуджаны ў Беларусі на 18 гадоў, супраць яго дачкі завялі крымінальную справу, ягоны брат сядзіць у найгоршай турме Беларусі.

«Раніцай у Гомельскай вобласьці затрымалі адразу 8 журналістаў. Людзі паміраюць у турмах, а мы абмяркоўваем, калі ж мы створым у рамках Генэральнай Асамбле ААН суд. Ня створым, ня веру. Давайце карыстацца інструмэнтамі, якія ў нашых руках».

Латушка сказаў, што ён скептычны наконт стварэньня Міжнароднага трыбуналу ў дачыненьні злачынстваў, учыненых Лукашэнкам.

«Мы тры гады лябіюем гэтае пытаньне ў розных урадах, і я не пабачыў, каб гарэлі вочы ў кагосьці зь міністраў.

Раней Лукашэнку дапамагала Расея, давала яму грошы. Калі і супраць Расеі ўвялі санкцыі, Лукашэнка стаў дапамагаць Расеі. Бо санкцыі негарманізаваныя. Празь Беларусь ідзе кантрабандная плынь на тэрыторыю Расеі. Мы пра гэта кажам эўрапейскім партнэрам, амэрыканцам. Першая краіна, якая нас пачула — Вялікая Брытанія, якая нарэшце ўвяла гарманізацыю санкцый».

Удзел у абмеркаваньнях прымаюць супрацоўнікі міжнародных арганізацыяў (ААН, АБСЭ), прафэсары унівэрсытэтаў, у тым ліку Гарварду, Melbourne Law School, прадстаўнікі генэральных пракуратур Польшчы і Літвы і лідэры беларускіх дэмакратычных сілаў, дэпутаты Эўрапарлямэнту і прадстаўнікі МЗС розных краінаў.

Цэнтр права і дэмакратыі Justice Hub быў заснаваны ў 2021 годзе, ягоная місія — дапамагчы ў правядзеньні дэмакратычных рэформаў у Беларусі. Цэнтар дапамагае ахвярам рэжыму Лукашэнкі аднавіць справядлівасьць, у тым ліку дапамагае ў падачы спраў у літоўскую пракуратуру паводле мэханізму ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG