Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прачытаў лекцыю пра міжнароднае становішча. Ідэалы — СССР і Паўночная Карэя


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Уяўленьні Лукашэнкі пра навакольны сьвет, якімі ён падзяліўся з гасьцямі з АДКБ, зусім немудрагелістыя і грунтуюцца на некалькіх пастулятах. Аднак ніводзін з прапанаваных тэзісаў не вытрымлівае крытыкі.

Сьцісла:

  • Карціна сьвету, прапанаваная Лукашэнкам, павінна быць простай. Нейкіх складанасьцяў ён ня любіць.
  • Галоўнае зло ў сьвеце, паводле Лукашэнкі, — гэта Злучаныя Штаты Амэрыкі, а любыя канфлікты на постсавецкай прасторы — вынік заходняй змовы.
  • З выступу Лукашэнкі бачна, што ён асьцерагаецца працягу вайны ва Ўкраіне і ўкраінскага контранаступу.
  • Бо калі расейскі фронт пасыплецца, то можна чакаць у госьці полк Каліноўскага.

Паколькі Беларусь цяпер старшынюе ў АДКБ, то ў Менску праходзяць розныя мерапрыемствы ў рамках дзейнасьці гэтай арганізацыі. 8 чэрвеня прайшло паседжаньне Камітэту сакратароў радаў бясьпекі краін-чальцоў АДКБ. З сакратарамі сустрэўся і выступіў перад імі з прамовай Аляксандар Лукашэнка.

У маладосьці Аляксандар Лукашэнка нейкі час працаваў адказным сакратаром таварыства «Веды» ў Шклоўскім раёне. Там ён выступаў зь лекцыямі пра міжнароднае становішча. Здаецца, той досьвед не прайшоў марна.

Ягоны сёньняшні выступ перад сакратарамі радаў бясьпекі дзяржаў АДКБ вельмі нагадваў лекцыю пра міжнароднае становішча савецкіх часоў. Прыкладна па той жа схеме.

Справа ў тым, што Лукашэнка па сваім псыхалягічным складзе — чалавек, які адчувае сябе камфортна толькі тады, калі ў ягонай сьвядомасьці ёсьць ясная і зразумелая карціна сьвету. Тады ён адчувае сябе ўпэўнена, гаворыць пераканаўча.

Прычым гэтая карціна сьвету павінна быць простай. Нейкіх складанасьцяў ён ня любіць. У ягоным арсэнале толькі простыя рашэньні складаных праблем.

Але адна справа, калі ён праводзіць палітынфармацыю сярод свайго атачэньня, калі ўсе чыноўнікі старанна канспэктуюць любыя выкрутасы падсьвядомасьці свайго начальніка. І зусім іншая справа — чытаць лекцыю замежным кіраўнікам з пэўным палітычным досьведам, зь іншай карцінай сьвету ў сьвядомасьці, чым у Лукашэнкі. Але гэта яго не бянтэжыць, ён лічыць, што 29 гадоў кіраваньня Беларусьсю («як чалавек ужо дасьведчаны ў палітыцы») даюць яму права вучыць больш маладых сакратароў радаў бясьпекі краін АДКБ.

Ягоныя ўяўленьні пра навакольны сьвет, якімі ён падзяліўся з гасьцямі, зусім немудрагелістыя і грунтуюцца на некалькіх пастулятах.

1. Галоўнае зло ў сьвеце — гэта Злучаныя Штаты Амэрыкі. Менавіта празь іх узьнікаюць усе праблемы ў сьвеце. «ЗША пачалі ціснуць на Эўропу і цяпер хочуць разьдзяліць яе».

2. Адна з асноўных мішэняў амэрыканцаў, паводле Лукашэнкі, — постсавецкая прастора. Захад імкнецца «паставіць на калені нашу прастору», «спрабуюць хістаць». Згадаўшы апошнія падзеі ў Кіргізстане, ён заявіў: «А вы думаеце, што Кіргізстан гойдаюць проста так? Не. Гэта для таго, каб падабрацца праз Кіргізстан да Казахстану зноў, як праз Расею — да Кітаю». То бок любыя канфлікты на постсавецкай прасторы — вынік заходняй змовы.

3. Ва ўсіх постсавецкіх краін адзін лёс, адзіныя інтарэсы, яны павінны быць «разам, адзіным фронтам» выступаць супраць Захаду.

4. Захад вядзе барацьбу супраць постсавецкіх дзяржаў з дапамогай вайны ва Ўкраіне. Таму трэба яе спыніць і заключыць мір, як можна зразумець, на расейскіх умовах.

5. Контранаступу Ўкраіны ня будзе, бо гэта «вялікая дэзынфармацыя». Таму што Расея моцная, а Ўкраіна слабая.

Зразумела, ніводзін з прапанаваных тэзісаў не вытрымлівае крытыкі. Гэта прымітыўныя наратывы прапаганды, якія могуць працаваць толькі на недасьведчаную аўдыторыю. Тое, што Лукашэнка прапаноўвае гэтыя прапагандысцкія клішэ дасьведчанай публіцы, ня лепшым чынам выстаўляе яго самога.

З выступу Лукашэнкі бачна, чаго ён калі не баіцца, то моцна асьцерагаецца. Беларускі ўладар лічыць, што працяг вайны ва Ўкраіне стварае пагрозу ягонаму рэжыму. Бо баявыя дзеяньні ідуць няўдала для Расеі. Асабліва асьцерагаецца ён украінскага контранаступу. Бо калі ён будзе ўдалы, расейскі фронт пасыплецца, то можна чакаць у госьці полк Каліноўскага. А гэта як страшны сон, які, як яму здаецца, можна прагнаць заклінаньнямі кшталту таго, што «ніякага „контранаступу“ няма і быць ня можа».

А яшчэ Лукашэнка расказаў пра свой ідэал, які ён шукае ў мінулым, у СССР. Беларускі ўладар узгадвае савецкі досьвед, калі «мы, у нейкіх адносінах замкнутыя ў сваіх межах, выдатна працавалі, былі самадастатковыя». Лукашэнка кажа: «Трэба разумець, што і Беларусь, і Расея — мы павінны гэтую прастору адбудаваць, выбудаваць пляны, каб мы маглі быць самадастатковымі, каб нас праз даляр, яшчэ якуюсьці валюту ня ставілі пастаянна на калені. Нам трэба выпрацаваць плян унутранага разьвіцьця нашай прасторы, перш за ўсё Расеі і Беларусі, раз ужо мы апынуліся ў адной лодцы».

Вось яна, мадэль выжываньня: адгарадзіцца ад сьвету, замкнуцца самім у сабе, перайсьці ў рэжым аўтаркіі. Я ведаю краіну, якая даўно ідзе па гэтым шляху. Гэта Паўночная Карэя.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG