Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік МЗС Рыбакоў і Ціханоўская адрэагавалі на пройгрыш Беларусі на выбарах у Раду Бясьпекі ААН

абноўлена

Валянцін Рыбакоў
Валянцін Рыбакоў

Прадстаўнікі ўлады і апазыцыі выказалі свае ацэнкі таго, што Беларусь прайграла Славеніі на выбарах у Раду Бясьпекі ААН.

Рыбакоў: «Мы расчараваныя вынікамі выбараў»

6 чэрвеня ў Нью-Ёрку адбыліся выбары нясталага чальца Рады Бясьпекі ААН, якія Беларусь прайграла Славеніі.

На вынікі галасаваньня адрэгаваў сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў, яго словы прыводзіць БелТА. Ён заявіў, што падчас выбараў на краіны нібыта аказваўся ціск з прымусам не галасаваць за Беларусь:

«Мы расчараваныя вынікамі выбараў. Справа ў тым, што ўся нашая перадвыбарная кампанія адбывалася ў надзвычай складаных умовах, пад вельмі вялікім ціскам з боку калектыўнага Захаду. Мы абсалютна дакладна ведаем факты прымусу да галасаваньня за Славенію. Канкрэтнай краіне гаварылася: калі вы прагаласуеце за Беларусь, мы цалкам адрэжам фінансаваньне на праекты разьвіцьця, па лініі тэхнічнай дапамогі і гэтак далей», — сказаў Валянцін Рыбакоў.

Паводле яго, Беларусь таксама актыўна ўгаворвалі на любым з этапаў зьняць сваю кандыдатуру на карысьць Славеніі.

Ніхто зь іншых палітыкаў у ААН словы Рыбакова не пацьвердзіў. Беларусь традыцыйна галасуе разам з Расеяй па рэзалюцыях і ў іншых пытаньнях. Супраць Масквы і Менску краіны Захаду ўвялі шэраг санкцый за вайну супраць Украіны, Расею за яе пачатак, Беларусь за саўдзел. Таксама супраць Беларусі існуюць санкцыі за перасьлед дэмакратычнай супольнасьці.

Ціханоўская: «Гэта нездавальняючая ацэнка рэжыму Лукашэнкі міжнароднай супольнасьцю»

Сьвятлана Ціханоўская таксама ацаніла пра вынікі галасаваньня ў Раду Бясьпекі ААН:

«Генэральная Асамблея ААН сказала рашучае „не“ рэжыму Лукашэнкі на выбарах у Раду Бясьпекі ААН. Толькі 38 краінаў аддалі яму свае галасы, тым часам як Славенія атрымала пераканаўчыя 153 галасы. Упершыню ад пачатку крызісу пасьля выбараў 2020 году ўсе краіны сьвету маглі выказацца пра сваё стаўленьне да незаконнага рэжыму. 153 дзяржавы прагаласавалі супраць дыктатуры і беззаконьня ў Беларусі».

Паводле Ціханоўскай, гэта ацэнка міжнароднай супольнасьці таму, як «рэжым Лукашэнкі парушае правы чалавека, міжнароднае права, распачынае ўзброеную агрэсію супраць Украіны і разьмяшчае чужую ядзерную зброю на тэрыторыі нашай краіны».

«Наступствы гэтых дзеяньняў адчуваюць беларусы, нашыя суседзі, у гэтага ёсьць шкодны эфэкт і для глябальных інтарэсаў. Гэта ацэнка здольнасьці рэжыму Лукашэнкі быць адказным міжнародным партнэрам для іншых краінаў сьвету — і яна нездавальняючая».

Ціханоўская заявіла, што Беларусь абавязкова будзе абраная ў Раду Бясьпекі ААН, «калі мы вызвалім яе ад дыктатуры».

6 чэрвеня прайшлі выбары нясталых чальцоў Рады Бясьпекі ААН. Ад усходнеэўрапейскай групы краін на месца прэтэндавалі Беларусь і Славенія. Славенія выставіла сваю кандыдатуру, бо ад рэгіёну мусіла быць адна краіна, у выпадку адсутнасьці славенскай заяўкі ў орган мусілі выбраць Беларусь.

За Славенію падалі 153 галасы, за Беларусь — 38.

У Раду Бясьпекі ААН уваходзяць пяць пастаянных сяброў (Вялікая Брытанія, Кітай, Расея, ЗША і Францыя) і 10 непастаянных, якія выбіраюцца на двухгадовы тэрмін ад афрыканскай, азіяцкай, усходнеэўрапейскай групаў краін, дзяржаў Лацінскай Амэрыкі і Карыбскіх астравоў, краін Заходняй Эўропы і іншых дзяржаў.

Менск падаў заяўку на пасаду непастаяннага чальца ў 2007 годзе і да сьнежня 2021 году заставаўся адзіным кандыдатам. У сьнежні сваю заяўку выставіла і Любляна, хаця першапачаткова яна прэтэндавала на месца ў Радзе Бясьпекі ў 2042–2043 гадах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG