Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя працы разглядае санкцыі супраць уладаў Беларусі. Дэлегацыя Эўразьвязу падтрымала праект


Лягатып Міжнароднай арганізацыі працы
Лягатып Міжнароднай арганізацыі працы

Міжнародная арганізацыя працы на наступным тыдні згодна з артыкулам 33 свайго Статуту разгледзіць санкцыі супраць уладаў Беларусі за парушэньне правоў прафсаюзаў.

Міжнародная арганізацыя працы праводзіць 111-ю штогадовую канфэрэнцыю ў Жэнэве з 5 да 16 чэрвеня 2023 году. Дэлегаты ад работнікаў, працадаўцаў і ўрадаў 187 дзяржаваў – удзельніц МАП разгледзяць шырокае кола пытаньняў, у тым ліку санкцыі супраць афіцыйнага Менску ў сувязі зь невыкананьнем правоў незалежных прафсаюзаў.

У лістападзе 2022 году кіроўная рада Міжнароднай арганізацыі працы пастанавіла ўжыць супраць Беларусі 33-і параграф сваёй канстытуцыі (статуту) за безупынныя парушэньні правоў працоўных і прафсаюзаў. Такія захады пагражаюць Беларусі эканамічнай блякадай.

Як чакаецца, абмяркоўваць гэтае пытаньне на канфэрэнцыі МАП, дзе прысутнічаюць прадстаўнікі беларускага «Рабочага руху» і ўладаў, будзе 12 чэрвеня. Для станоўчага выніку трэба дзьве траціны галасоў дэлегатаў.

Эўразьвяз падтрымаў санкцыі супраць уладаў Беларусі

5 чэрвеня на 111-й сэсіі Міжнароднай арганізацыі працы дэлегацыя Эўразьвязу падтрымала праект рэзалюцыі, які прадугледжвае меры ўзьдзеяньня на Беларусь, каб прымусіць улады выконваць нормы канвэнцыяў № 87 (аб свабодзе асацыяцыі) і № 98 (аб праве на арганізацыю і на вядзеньне калектыўных перамоваў).

У заяве ад імя дзяржаваў Эўразьвязу выказваецца «глыбокае шкадаваньне» з тае прычыны, што ўлады Беларусі не дасягнулі «істотнага прагрэсу» ў выкананьні рэкамэндацыяў Камісіі расьсьледаваньняў МАП ад 2004 году наконт згаданых канвэнцыяў.

«Больш за тое, мы па-ранейшаму глыбока занепакоеныя рэзкім пагаршэньнем становішча ў галіне правоў чалавека (уключаючы працоўныя правы) у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, якія не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Гэтыя асьцярогі яшчэ больш узмацніліся пасьля ўцягваньня Беларусі ў агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны», — адзначана ў дакумэнце.

Эўразьвяз устрывожаны тым, што ў Беларусі практычна не засталося «месца для бясьпечнага існаваньня незалежнага прафсаюзнага руху».

ЭЗ заявіў, што ўладам Беларусі трэба «адмовіцца ад палітыкі зьнішчэньня незалежнага прафсаюзнага руху і здушэньня свабоднага голасу рабочых, а таксама без прамаруджаньня ўзаемадзейнічаць з МАП з мэтай поўнага выкананьня рэкамэндацыяў».

Эўразьвяз таксама ўстрывожаны прысудамі лідэрам і актывістам незалежных прафсаюзаў «за ўдзел у мірных сходах або ажыцьцяўленьне грамадзянскіх свабодаў праз законную прафсаюзную дзейнасьць».

Да заявы далучыліся Альбанія, Босьнія і Герцагавіна, Ісьляндыя, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Украіна і Чарнагорыя.

У праекце рэзалюцыі прапануецца рэгулярна абмяркоўваць беларускае пытаньне, пакуль ня будзе даказана, што ўлады ў Менску выканалі абавязаньні ў межах канвэнцыяў № 87 і № 98.

Урадам, прадстаўнікам працадаўцаў і работнікаў дзяржаваў – удзельніц МАП прапануецца перагледзець адносіны з уладамі Беларусі. Ім таксама трэба «забясьпечыць выкананьне прынцыпу невыдварэньня» з улікам таго, што «ў Беларусі праваабаронцы і прафсаюзы зазнаюць рызыку перасьледу».

Генэральнаму дырэктару МАП прапануюць паведаміць міжнародным арганізацыям аб невыкананьні ўладамі Беларусі рэкамэндацыяў Камісіі расьсьледаваньня, заклікаць іх перагледзець, а пры неабходнасьці і спыніць супрацу з афіцыйным Менскам.

Франак Вячорка: «Мы зараз на паўдарозе»

Наколькі можа павялічыцца ціск на рэжым Лукашэнкі і што для гэтага робяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, расказаў Свабодзе Франак Вячорка.

Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка разгляд параграфу 33 у дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі называе «гістарычнай зьявай».

«Раней такую практыку ўжывалі толькі да М’янмы. У выпадку Беларусі гэта тое, над чым працавалі вельмі розныя людзі цягам не аднаго году», — падкрэсьліў Вячорка.

Імпульсам завяршыць працу, паводле яго, сталі няспынныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, у тым ліку беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі супраць беларускіх рабочых.

«Мы зараз на паўдарозе: ужо прынятая рэзалюцыя, сфармаваныя асноўныя пункты абмежаваньняў, якія МАП павінен прыняць. Але трэба яшчэ заручыцца падтрымкай урадаў, якія ўваходзяць у арганізацыю, прадстаўнікоў рабочых і працадаўцаў», — сказаў Франак Вячорка.

Ён адзначыў, што Сьвятлана Ціханоўская накіравала лісты ўрадам усіх краін, якія ўваходзяць у кіраўніцтва МАП, а таксама дзяржавам, якія вагаюцца што да санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. У лістах палітык заклікала, каб яны занялі бок дэмакратычнай Беларусі ў дыскусіях аб стасаваньні 33-га параграфу і падтрымалі абмежавальныя захады МАП.

Пры гэтым сам зьмест рэзалюцыі яшчэ абмяркоўваецца, зазначыў Франак Вячорка.

«У сэсіі ўдзельнічаюць беларуская дэмакратычная дэлегацыя, але таксама і лукашэнкаўская, якая зараз спрабуе памяняць тэкст, рашэньні. Яны разумеюць, што само прыняцьце 33-га параграфу адбудзецца, бо на нашым баку большасьць», — паведаміў Франак Вячорка.

«Тая вэрсія рэзалюцыі, якую мы маем, — вельмі моцная», — падкрэсьліў ён.

Прадстаўнікі Лукашэнкі, тлумачыць Вячорка, спрабуюць зьмяніць фармулёўкі на мякчэйшыя: каб, напрыклад, не было забароны на камунікацыю з афіцыйным Менскам, за што змагаецца офіс Сьвятланы Ціханоўскай.

Таксама прадстаўнікі дэмакратычнай Беларусі змагаюцца за асуджэньне ўсіх рэпрэсіяў, патрабаваньне вызваленьня палітзьняволеных прафсаюзных лідэраў, прыпыненьне супрацы зь дзяржаўнымі прафсаюзамі і абмежаваньне эканамічнай супрацы зь дзяржавай.

«Задача — каб нас падтрымала ня проста бальшыня, а абсалютная бальшыня краінаў сьвету»

«Нашая мэта зараз, каб дэлегацыя ўладаў Беларусі, якую безумоўна будзе падтрымліваць Расея, не змагла дэвальваваць гэтыя фармулёўкі. Барацьба ідзе таксама за трэція краіны, якія займаюць пазыцыі не такія адназначныя альбо ня ведаюць, што адбываецца».

Пасьля прыняцьця рашэньняў аб 33-м параграфе пачнецца праца зь ягоным зьместам. Спасылаючыся на тэкст рашэньня канфэрэнцыі МАП, дзяржавы будуць уводзіць эканамічныя і гандлёвыя абмежаваньні супраць дзяржаўных прадпрыемстваў, рэжыму і яго інстытутаў, расказаў Франак Вячорка.

Ён запэўніў, што новыя формы ціску не адаб’юцца на грамадзянах Беларусі.

«Нашая задача ціснуць на рэжым і набліжаныя да яго прадпрыемствы, а не на беларусаў. Гэта адаб’ецца ў першую чаргу на гаманцах рэжыму, на ягоных паслугачах, на магчымасьцях рэжыму манэўраваць, абыходзіць санкцыі — гэты ціск неабходны, каб вызваліць людзей з турмаў і каб змусіць рэжым ісьці на саступкі».

Франак Вячорка мяркуе, што пазыцыя прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі атрымае большасьць падчас галасаваньня.

«Задача — каб нас падтрымала ня проста бальшыня, а абсалютная бальшыня краінаў сьвету».

  • У ліпені Вярхоўны суд зьліквідаваў усе незалежныя прафсаюзныя арганізацыі: Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і арганізацыі, якія ўваходзілі ў яго склад — Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўнікаў, працаўнікоў, энэргетыкаў (БНП), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП). Бальшыня іхных лідэраў знаходзіцца ў вязьніцах.
  • Міжнародныя прафсаюзныя арганізацыі асудзілі дзеяньні ўладаў Беларусі. Камітэт выкананьня нормаў Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў кіраўніцтва Беларусі неадкладна аднавіць права працоўных на свабоду асацыяцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG